ЛА́ЗЕРНАЯ ТЭХНАЛО́ГІЯ,

сукупнасць тэхнал. прыёмаў і спосабаў апрацоўкі, змены ўласцівасцей, стану і формы матэрыялу або паўфабрыкату з дапамогай выпрамянення лазераў. Асн. аперацыі Л.т. звязаны з цеплавым дзеяннем лазернага выпрамянення (пераважна цвердацелых лазераў і газавых лазераў). Эфектыўнасць Л.т. абумоўлена высокай лакальнасцю і кароткачасовасцю ўздзеяння, вял. шчыльнасцю патоку энергіі ў зоне апрацоўкі, магчымасцю вядзення тэхнал. працэсаў у празрыстых асяроддзях (у вакууме, газе, вадкасці, цвёрдым целе). Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы і электравакуумнай тэхніцы, паліграфіі, машынабудаванні, у прам-сці буд. матэрыялаў для свідравання адтулін, рэзкі і скрайбіравання (нанясення малюнкаў на паверхню) плёнак і паўправадніковых пласцін, зваркі (гл. Лазерная зварка), загартоўкі, гравіроўкі, нарэзкі рэзістараў, рэтушы фоташаблонаў і інш.

Свідраванне адтулін звычайна робіцца імпульсным лазерам (працягласць імпульсу 0,1—1 мс) у любых матэрыялах (цвёрдых, крохкіх, тугаплаўкіх, радыеактыўных). Лазерам свідруюць алмазныя фільеры для валачэння дроту, стальныя і керамічныя фільеры для вытв-сці штучных валокнаў, рубінавыя камяні для гадзіннікаў, ферытавыя пласціны для запамінальных прыстасаванняў ЭВМ, дыяфрагмы электронна-прамянёвых прылад, керамічныя ізалятары, вырабы са звышцвёрдых сплаваў і інш. Лазерная рэзка вядзецца ў імпульсным і бесперапынным рэжыме, з падачай у зону рэзкі струменю газу (звычайна паветра або кіслароду). Выкарыстоўваецца для раздзялення дыэлектрычных і паўправадніковых падложак (таўшчынёй 0,3—1 мм), скрайбіравання паўправадніковых пласцін, рэзання крохкіх вырабаў са шкла, сіталу і пад. (метадам тэрмічнага расколвання) і інш. Фігурная апрацоўка паверхні — стварэнне мікрарэльефа на матэрыялах выпарэннем, тэрмаапрацоўкай, акісляльна-аднаўляльнымі і інш рэакцыямі, выкліканымі награваннем, тэрмастымуляванымі дыфузійнымі працэсамі. Выкарыстоўваецца ў мікраэлектроніцы, паліграфічнай прам-сці, пры апрацоўцы цвёрдых сплаваў, ювелірных камянёў і інш. У электроннай тэхніцы перспектыўныя кірункі Л.т.: паверхневы адпал паўправадніковых пласцін з мэтай узнаўлення структуры іх крышталічнай рашоткі пры іонным легіраванні, стварэнне актыўных структур на паверхні паўправаднікоў, атрыманне p-n-пераходаў метадам лакальнай дыфузіі з лазерным нагрэвам, нанясенне тонкіх метал. і дыэл. плёнак лазерным выпарэннем і інш. У фоталітаграфіі Л.т. выкарыстоўваюцца для вырабу звышмініяцюрных друкарскіх плат, інтэгральных схем, відарысаў і інш. элементаў мікраэлектроннай тэхнікі; у хім. і мікрабіял. вытв-сці — для селектыўнага стымулявання хім. і біял. актыўнасці малекул; у медыцыне — для лячэння скурных захворванняў, язваў страўніка, кішэчніка і інш. Магутныя (ад 1 кВт і вышэй) лазеры выкарыстоўваюцца для рэзкі і зваркі тоўстых стальных лістоў, паверхневай загартоўкі, наплаўлення і легіравання буйнагабарытных дэталей, ачысткі будынкаў ад паверхневых забруджванняў, рэзкі мармуру, граніту, раскрою тканіны, скуры і інш.

На Беларусі распрацоўкі па Л.т. вядуцца ў ін-тах Нац. АН (фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі, фізіка-тэхнічным, прыкладной фізікі, фотабіялогіі і інш.), Ін-це прыкладных фіз. праблем БДУ, Гомельскім ун-це, у шэрагу галіновых НДІ.

Літ.:

Лазерная и электронно-лучевая обработка материалов. М., 1985;

Дьюли У. Лазерная технология и анализ материалов: Пер. с англ. М., 1986;

Промышленное применение лазеров: Пер. с англ. М., 1988.

В.​В.​Валяўка, В.​К.​Паўленка.

Да арт. Лазерная тэхналогія. А. Схема лазернай рэзкі з тэлекантролем працэсу. 1 — дэталь, якая апрацоўваецца; 2 — прыстасаванне факусіроўкі лазернага праменя; 3 — лазер; 4 — замкнёная тэлевізійная сістэма; 5 — дысплей. Б. Схема станка з рубінавым лазерам для святлопрамянёвай апрацоўкі: 1 — імпульсная лямпа; 2 — кандэнсатар; 3 — паралельныя люстэркі; 4 — штучны рубін; 5 — лінза; 6 — выраб, які апрацоўваецца.

т. 9, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ САВЕ́ЦКАГА САЮ́ЗА (КПСС),

палітычная арганізацыя, якая з кастр. 1917 была кіруючай у РСФСР, з 1922 да ліст. 1991 — у Саюзе Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР). Яе сац. база — рабочы клас і бяднейшае (потым калгаснае) сялянства, тэарэт. аснова — марксізм-ленінізм. Бярэ пачатак з Першага з’езда РСДРП (13—15.3.1898, Мінск), фактычна — з узнікнення бальшавіцкай плыні ў РСДРП на II яе з’ездзе (30.7—23.8.1903, Брусель—Лондан). У бальшавізме сканцэнтравалася сутнасць таго марксізму, які аказаўся прымальным ва ўмовах Расіі. З канца 20-х г. ён стаў асаблівай якасцю, кодэксам паводзін, спосабам ажыццяўлення марксізму, што вызначыла такія яго рысы, як крайні цэнтралізм, аднадумства тэарэт. дагматызм, радыкальныя формы рэв. барацьбы. Арганізацыйна бальшавіцкая партыя аформілася на VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (18—30.1.1912). Поўнасцю і канчаткова выйшла з сумесных з меншавікамі арг-цый РСДРП пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. 1-я Праграма партыі, прыпятая на II з’ездзе РСДРП, складалася з праграмы-мінімум і праграмы-максімум, якія вызначылі бурж.-дэмакр. і сацыяліст. этапы рэв. барацьбы: звяржэнне самадзяржаўя, перарастанне бурж.-дэмакр. рэвалюцыі ў сацыялістычную, пабудова сацыяліст. грамадства — 1-й ступені камуніст. сац.-эканам. фармацыі. У ходзе рэвалюцыі 1905—07 у Расіі бальшавікі актыўна падтрымалі створаныя рэв. ініцыятывай іванава-вазнясенскіх рабочых Саветы рабочых дэпутатаў, выступілі за ператварэнне іх у органы ўзбр. паўстання, зародак новай рэв. улады. Памылкова спадзеючыся на рэв. ўздым, бальшавікі байкатавалі выбары ў 1-ю і 2-ю Дзяржаўную думу. З 1907 свой удзел у Думе яны разумелі як адну з форм выкрыцця царскага ўрада і палітыкі лібералізму. Пазадумская барацьба заставалася для бальшавікоў асноўнай. На V з’ездзе РСДРП (13.5—1.6.1907, Лондан) замест Цэнтр. к-та (ЦК) і Цэнтр. органа (ЦО) выбраны толькі ЦК (з 12 членаў ЦК было абрана 5 бальшавікоў і 7 меншавікоў). Пасля з’езда бальшавікі на сваёй нарадзе стварылі Бальшавіцкі цэнтр на чале з У.А.Леніным, які выпускаў газ. «Пролетарий» (1906—09). У канцы 1910 бальшавікі разам з меншавікамі-партыйцамі наладзілі выпуск у Расіі легальнай газ. «Звезда». 22.4(5.5).1912 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газ. «Правда». З пач. 1-й сусв. вайны (1.8.1914) бальшавікі заклікалі да ператварэння імперыяліст. вайны ў грамадзянскую, да дэмакр. рэвалюцыі ў Расіі. Адсюль вынікаў тактычны лозунг — паражэнне свайго ўрада ў вайне. У жн. 1915 Ленін прапанаваў замяніць марксісцкае палажэнне аб адначасовай перамозе сацыялізму ва ўсіх ці ў большасці капіталіст. краін новым палажэннем, паводле якога «магчыма перамога сацыялізму першапачаткова ў нямногіх або нават у адной, асобна ўзятай капіталістычнай краіне». У пач. 1917 у партыі бальшавікоў налічвалася каля 24 тыс. членаў. Бальшавікі мелі свае арг-цыі ва ўсерас. маштабе і адзіны цэнтр — Рус. бюро ЦК. Пасля перамогі 27 лют. (12 сак.) Лют. рэвалюцыі 1917 у Расіі ўзніклі 2 улады: Часовы ўрад і Петраградскі Савет, у выканкоме якога большасць склалі меншавікі. Вярнуўшыся з-за мяжы, Ленін на Красавіцкай канферэнцыі РСДРП бальшавікоў Петраграда прапанаваў праграму дзеянняў у новых умовах («Красавіцкія тэзісы»): пераход ад бурж.-дэмакр. да сацыяліст. этапу рэвалюцыі, стварэнне рэспублікі Саветаў, мірны пераход улады да Саветаў, братанне на фронце, канфіскацыя памешчыцкіх зямель і нацыяналізацыя ўсіх зямель у краіне і інш. Петраградская канферэнцыя ўхваліла тэзісы. Супраць выступілі Л.Б.Каменеў і А.А.Рыкаў. VII (Красавіцкая) Усерас. канферэнцыя РСДРП(б) [24—29.4(7—12.5).1917, Петраград] па прапанове Леніна прыняла курс на сацыяліст. рэвалюцыю, разлічаны на пераход усёй дзярж. улады ў рукі Саветаў і ператварэнне іх у органы дыктатуры пралетарыяту. VI з’езд РСДРП(б)[26.7—3.8(8—16.8).1917, Петраград] пацвердзіў курс на сацыяліст. рэвалюцыю ў краіне праз узбр. паўстанне. 10(23) кастр. ў Петраградзе ЦК. прыняў рашэнне аб практычнай яго падрыхтоўцы. 16(29) кастр. пры Петраградскім Савеце быў створаны Ваен.-рэв. цэнтр з членаў ЦК. 24 кастр. (6 ліст.) Пецярбургскі к-т прыняў пастанову аб неадкладным звяржэнні Часовага ўрада і перадачы ўлады Саветам рабочых і салдацкіх дэпутатаў. 25 кастр. (7 ліст.) Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 перамагла. У звароце «Да грамадзян Расіі!» Ленін выклаў праграму: дэмакр. мір, адмена памешчыцкай уласнасці на зямлю, рабочы кантроль над вытворчасцю, стварэнне Сав. ўрада. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў [25—27.10(7—9.11).1917, Петраград) выбраў Савет Народных Камісараў (СНК) з бальшавікоў на чале з Леніным, прыняў Дэкрэты аб міры і зямлі. Да вясны 1918 улада Саветаў усталявалася амаль усюды. VIII з’езд РКП(б) (18—23.3.1919, гэты і ўсе наступныя з’езды адбываліся ў Маскве) прыняў новую Праграму, у якой адзіным сродкам выхаду са створанага імперыялізмам тупіка і імперыяліст. вайны абвяшчалася толькі пралетарская, камуніст. рэвалюцыя. Рабілася стаўка на развіццё буйной прам-сці і с.-г. вытв-сці, пралетарскай дэмакратыі ў форме сав. улады як «вышэйшага тыпу дэмакратызму». X з’езд РКП(б) (8—16.3.1921) па ініцыятыве Леніна прыняў рашэнне аб пераходзе ад палітыкі «ваеннага камунізму» да новай эканамічнай палітыкі (нэп), аб замене харчразвёрсткі харчпадаткам. З’езд забараніў у РКП(б) фракцыйную дзейнасць. Погляды апазіцыі павінны былі падпарадкоўвацца рашэнню большасці. У крас. 1922 пленум ЦК выбраў Ген. сакратаром ЦК партыі І.В.Сталіна. 6.10.1922 пленум ЦК РКП(б) прыняў рашэнне «прызнаць неабходным заключэнне дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у «Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік», які быў створаны 30.12.1922 на I з’ездзе Саветаў СССР. У адпаведнасці з пастановай XII з’езда РКП(б) (17—25.4.1923) у краіне ўсталёўвалася дыктатура партыі, а да 1929 — сістэма наменклатуры ўліку і размеркавання пасад і кадраў. Апошняя стала ключавым звяном вяршэнства партыі над дзяржавай, фарміравання рэжыму асабістай улады Сталіна. З 1925 парт. органы прыступілі да выканання пастаўленай XIV з’ездам ВКП(б) (18—31.12.1925) задачы сацыяліст. індустрыялізацыі краіны з мэтай забеспячэння яе эканам. самастойнасці, умацавання абараназдольнасці, стварэння матэрыяльнай базы сацыялізму. На ліпеньскім (1928) пленуме ЦК ВКП(б) Сталін заявіў, што «па меры нашага руху наперад супраціўленне капіталістычных элементаў будзе ўзрастаць, класавая барацьба будзе абвастрацца». Гэты тэзіс стаў тэарэт. абгрунтаваннем масавых рэпрэсій палітычных, якія пачалі разгортвацца ў краіне. У пач. 1930-х г. планавалася завяршыць калектывізацыю сельскай гаспадаркі і ліквідаваць кулацтва як клас. Парт. органы сканцэнтравалі ў сваіх руках вырашэнне важнейшых пытанняў, увялі кантроль над усімі сферамі жыцця насельніцтва, устанавілі ідэалаг. дыктат камуніст. дактрыны. Да сярэдзіны 1920-х г. у СССР спынілі дзейнасць інш. паліт. партыі. Камуніст. партыя ператварылася ў ядро грамадскіх арг-цый і дзярж. улады, што было замацавана ў Канстытуцыі СССР 1936. XVIII з’езд ВКЛ(б) (10—21.3.1939) канстатаваў, што сацыялізм у краіне ў асноўным пабудаваны і СССР уступіў у паласу завяршэння будаўніцтва сацыяліст. грамадства. У маі 1941 Сталін, застаючыся сакратаром ЦК, прызначаны і Старшынёй СНК СССР. З першых дзён Вял. Айч. вайны парт. і дзярж. органы ўзначалілі барацьбу сав. народа супраць фаш. агрэсіі. Сакратар ЦК ВКП(б) Сталін прызначаны і Старшынёй Дзярж. к-та абароны і Вярх. Галоўнакамандуючым. Больш за палову членаў партыі змагаліся з ворагам у дзеючай арміі, 140 тыс. — у партыз. атрадах і брыгадах. У краіне сфарміравалася скаардынаваная сістэма аб’яднанага парт., дзярж., гасп. і ваен. кіраўніцтва. На XIX з’ездзе партыі (5—14.10.1952) ВКП(б) перайменавана ў КПСС. На вераснёўскім (1953) пленуме ЦК КПСС Першым сакратаром ЦК выбраны М.С.Хрушчоў. Па выніках даклада Хрушчова на закрытым пасяджэнні XX з’езда КПСС (14—25.2.1956) «Аб кульце асобы і яго выніках» ЦК КПСС 30.6.1956 прыняў пастанову «Аб пераадоленні культу асобы і яго вынікаў». XXII з’езд КПСС (17—31.10.1961) прыняў 3-ю Праграму партыі — праграму будаўніцтва камунізму. На кастрычніцкім (1964) пленуме ЦК КПСС Хрушчоў вызвалены ад усіх пасад, першым сакратаром абраны Л.І.Брэжнеў. У 2-й пал. 1960-х г. КПСС прыняла і пачала праводзіць у жыццё эканам. рэформу, скіраваную на інтэнсіфікацыю эканомікі, паскарэнне навукова-тэхн. прагрэсу. У пач. 1970-х г. было адзначана, што ў СССР пабудавана развітое сацыяліст. грамадства. XXIII з’езд КПСС (29.3—8.4.1966) аднавіў пасаду Ген. сакратара ЦК КПСС, скасаваную ў 1953. У чэрв. 1977 Ген. сакратар ЦК КПСС Брэжнеў выбраны адначасова Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У ліст. 1982 Ген. сакратаром ЦК КЛСС выбраны Ю.У.Андропаў, у маі 1984 — К.У.Чарненка (з красавіка ён быў і Старшынёй Прэзідыума Вярх. Савета СССР). У сак. 1985 Ген. сакратаром ЦК КПСС абраны М.С.Гарбачоў. Па яго ініцыятыве КПСС пачала перабудову парт., сац.-эканам., паліт. і культ. жыцця. XXVII з’езд КПСС (26.2—6.3.1986) прыняў новую рэдакцыю Праграмы партыі — праграму планамернага і ўсебаковага ўдасканалення сацыялізму, у якой замацавана канцэпцыя, што КПСС дзейнічае ў рамках Канстытуцыі СССР. 17.6.1986 пленум ЦК зацвердзіў «Асноўныя палажэнні карэннай перабудовы кіравання эканомікай», якія прадугледжвалі перанясенне цэнтра цяжару з пераважна адміністрацыйных на пераважна эканам. метады кіраўніцтва, шырокую дэмакратызацыю грамадства. На XIX Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (28.6—1.7.1988) прынята рашэнне аб раздзяленні функцый паміж партыяй і Саветамі. 29.7.1988 пленум ЦК утварыў камісію на чале з Гарбачовым для падрыхтоўкі прапаноў па рэформе паліт. сістэмы сав. грамадства. 25.5.1989 з’езд нар. дэпутатаў СССР выбраў Ген. сакратара Гарбачова Старшынёй Вярх. Савета СССР, а 15.3.1990 — Прэзідэнтам СССР. 3-і Нечарговы з’езд нар. дэпутатаў СССР (сак. 1990) выключыў з Канстытуцыі СССР артыкулы, якія вызначалі КПСС як ядро паліт. сістэмы СССР. У снеж. 1989 XX з’езд Кампартыі Літвы аб’явіў КПЛ самастойнай паліт. арг-цыяй, у крас. 1990 адбыўся Устаноўчы з’езд Кампартыі РСФСР. XXVIII з’езд КПСС (2—13.7.1990) прыняў пастанову аб падрыхтоўцы новай Праграмы КПСС. 25.7.1991 пленум ЦК КПСС зацвердзіў праект новай Праграмы КПСС «Сацыялізм, дэмакратыя, прагрэс» і прыняў рашэнне аб скліканні нечарговага XXIX з’езда партыі. Пасля выступлення 19—21.8.1991 Дзярж. к-та па надзвычайным становішчы Прэзідэнт РСФСР Б.М.Ельцын і Ген. сакратар ЦК КПСС Гарбачоў 6.11.1991 выдалі сумесны дакумент аб роспуску КПСС, і яна спыніла існаванне. Перастала існаваць як састаўная частка КПСС і Камуністычная партыя Беларусі. У далейшым у краінах СНД былі створаны камуністычныя партыі, якія лічаць сябе ідэйнымі пераемнікамі КПСС, у ліку іх КПБ, ПКБ, КПРФ, КПУ і інш.

Літ.:

История ВКП(б): Краткий курс [2 изд.]. М., 1945;

Джилас М. Новый класс: Анализ коммунистической системы: Пер. с англ. Нью-Йорк. 1958;

История Коммунистической партии Советского Союза: В 6 т. Т. 1—5. М., 1964—82;

Коммунистическая партия Советского Союза в резолюциях и решениях съездов, конференций и пленумов ЦК. Т. 1—15. 9 изд. М., 1983—89;

Страницы истории КПСС: Факты. Проблемы. Уроки. М., 1988;

Страницы истории КПСС: Факгы. Проблемы. Уроки. М., 1989;

Троцкий Л.Д. К истории русской революции. М., 1990;

Восленский М. Номенклатура: Господствующий класс Советского Союза. М., 1991;

Рассел Б. Практика и теория большевизма: Пер. с англ. М., 1991;

История политических партий России. М., 1994;

Божанов В.А. Восхождение к абсолютной власти (большевики и советское государство в 20-е гг.). Мн., 1995.

У.​А.​Бажанаў.

т. 7, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЦЫЯ (Hellas),

Грэчаская Рэспубліка (Hellēnikē Demokratia), дзяржава ў Паўд. Еўропе, на Балканскім п-ве і шматлікіх суседніх астравах (найб. Крыт, Эўбея, Родас, Лесбас). Мяжуе на Пн з Албаніяй, Македоніяй, Балгарыяй, на ПнУ з Турцыяй. На З, Пд і У абмываецца Іанічным, Міжземным і Эгейскім морамі. Пл. 132 тыс. км², у т. л. 24,8 тыс. км² астравы. Нас. 10,5 млн. чал. (1995). Дзярж. мова — грэчаская. Сталіца — г. Афіны. Падзяляецца на 52 номы. Існуе падзел на гіст. вобласці. Нац. свята — Дзень незалежнасці (25 сак.).

Дзяржаўны лад. Грэцыя — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1975 (з дапаўненнямі 1985). Кіраўнік краіны — прэзідэнт, якога выбірае парламент тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнт валодае шырокімі паўнамоцтвамі; мае права вета на заканад. акты парламента, распускаць урад і парламент, уводзіць без згоды парламента надзвычайнае становішча ў краіне. Заканад. орган — парламент (300 дэпутатаў), што выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Прырода. Грэцыя — горная краіна, (больш за ​4/5 тэр. занята гарамі), займае найб. парэзаную морам ч. Балканскага п-ва. Даўжыня берагавой лініі ў 12 разоў большая за сухапутныя граніцы, узбярэжжа моцна расчлянёнае, шмат зручных гаваней. Найб. значныя паўастравы — Пелапанес і Халкідыкі. Пераважаюць сярэдневышынныя масівы (да 1200—1800 м). Уздоўж узбярэжжа Іанічнага м. цягнецца горны масіў Пінд з вяршынямі вышэй за 2 тыс. м. На ПнУ адгор’і Радопаў і гор Македоніі з найвышэйшым пунктам Грэцыі — г. Алімп (2917 м). Далей на Пд раўніна Фесаліі. Паўд. ч. краіны і Пелапанес таксама заняты гарамі. Самая значная нізіна — Саланікская па ніжнім цячэнні р. Вардар. Тэр. Грэцыі вызначаецца сейсмічнасцю, на в-ве Тыра дзеючы вулкан Каймені. Карысныя выкапні разнастайныя, але іх запасы невялікія: жалезныя, марганцавыя, хромавыя, нікелевыя, поліметалічныя руды, баксіты, буры вугаль, прыродны газ і нафта, буйнейшае ў свеце радовішча наждаку (в-аў Наксас), высакаякасны мармур, магнезіт, пемза і інш. Клімат міжземнаморскі. Т-ра паветра ў студз. ад 4 °C на Пн да 10—12 °C на Пд, ліп. 24—28 °C. Ападкаў каля 500—1000 мм за год, пераважна зімой. У гарах клімат больш халодны і вільготны. Рэкі горныя, кароткія і малаводныя, за выключэннем Марыцы, Нестаса, Стрымона, Вардара, якія належаць Грэцыі ў сваіх нізоўях. Найб. воз. Прэспа, на граніцы з Албаніяй і Македоніяй. На ўзбярэжжах субтрапічная расліннасць (у т. л. маквіс і фрыгана), вышэй шыракалістыя лясы (дуб, бук, ліпа, каштан, клён), потым хвойныя. Пад лесам каля 11% тэрыторыі. 10 нац. паркаў (найб. Вікас-Аоас, Мікра-Прэспа, Эта) і 19 заказнікаў.

Насельніцтва. Каля 96% — грэкі. На Пн невял. групы албанцаў, македонцаў, туркаў. Большасць вернікаў (97%) праваслаўныя. Сярэднегадавы прырост каля 0,1%. Сярэдняя шчыльн. 79,5 чал. на 1 км². Найб. густа населены раёны вакол Афін і Салонікаў, раўніны і ўзбярэжжы. Вял. эміграцыя пераважна мужчын. За мяжой жыве каля 3 млн. грэкаў. У гарадах 64% насельніцтва (1993). Найб. гарады (1991, тыс. ж.): Афіны — 2890 (з прыгарадамі), Салонікі — 384, Пірэй — 183, Патры — 153, Іракліян — 116, Ларыса — 113.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Грэцыі з’явіўся ў эпоху сярэдняга палеаліту. Пазней тут была пашырана крыта-мікенская культура (эпоха бронзы), існавала ант. цывілізацыя (гл. Грэцыя Старажытная). З 146 да н.э. Грэцыя пад уладай Стараж. Рыма, з 4 ст. н.э. ў складзе Візантыі. У сярэдзіне 15 ст. пасля падзення Візантыі ў выніку заваяванняў туркаў-асманаў б.ч. кантынентальнай Грэцыі і некаторыя астравы трапілі пад уладу Асманскай імперыі; часткай Пелапанеса і многімі астравамі валодалі венецыянцы і генуэзцы, в-вам Родас — ордэн рыцараў-іаанітаў. Паступова туркі заваявалі Родас (1522), Кіпр (1571), Крыт (1669) і ўстанавілі ў Грэцыі сваю ваен.-ленную сістэму, абклалі большасць яе насельніцтва цяжкімі падаткамі, спец. павіннасцямі (праца на рудніках, пастаўка матросаў для тур. флоту), што разам з інш. дыскрымінацыйнымі захадамі стала прычынай эміграцыі часткі грэкаў у Італію, Аўстрыю, Расію і інш. Ва ўмовах тур. панавання ў Грэцыі актывізаваўся нац.-вызв. рух [паўстанні на Пелапанесе (1463—79, 1571, 1770), у кантынентальнай Грэцыі, Македоніі, на а-вах Эгейскага м., у Эпіры (1611) і інш.]. Туркі не здолелі замацавацца ў цяжкадаступных горных раёнах, дзе пастаянна дзейнічалі партыз. атрады клефтаў. Вызв. барацьбе грэкаў садзейнічалі рус.-тур. войны (гл. Руска-турэцкія войны 18—19 ст., Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту) і Міжземнаморскі паход Ушакова. Кючук-Кайнарджыйскі мір 1774 даў магчымасць суднам Грэцыі выкарыстоўваць рас. флаг, спрыяў развіццю суднаходства ў Эгейскім м. Адначасова ўзмацнілася грэч. эміграцыя ў Расію (Паўн. Прычарнамор’е). У 1814 у Адэсе ўзнікла тайнае рэв. т-ва «Філікі Этэрыя». У выніку падрыхтаванай ім пад кіраўніцтвам А.​Іпсіланці Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 Грэцыя атрымала аўтаномію, а ў 1830 — незалежнасць. У склад грэч. дзяржавы ўвайшлі тэр. кантынентальнай Грэцыі і а-вы Кіклады. У 1832 Англія, Францыя, Расія абвясцілі каралём Грэцыі прынца Атона з баварскай дынастыі Вітэльсбахаў. На пачатку яго царавання (правіў як Атон I у 1832—62) у Грэцыі палепшаны шляхі зносін, рэарганізавана сістэма адукацыі (у 1837 засн. Афінскі ун-т), распрацаваны крымін. і грамадз. кодэксы, закрыты многія манастыры. Да канца 1837 грэч. ўрад узначальвалі баварцы, з 1838 кароль выбіраў прэм’ер-міністраў з лідэраў 3 грэч. груповак, знешнепалітычна арыентаваных на Вялікабрытанію, Францыю, Расію. Засілле баварскіх чыноўнікаў і самаўладства Атона выклікалі ў вер. 1843 выступленне патрыятычна настроеных грэч. вайскоўцаў у Афінах. Паводле прынятай у 1844 канстытуцыі ў Грэцыі ўстаноўлены рэжым канстытуцыйнай манархіі з вял. паўнамоцтвамі караля (пажыццёва прызначаў членаў сената, прызначаў і здымаў міністраў, распускаў палату дэпутатаў). Пасля першых парламенцкіх выбараў урад узначаліў кіраўнік прафранц. групоўкі Я.​Калетыс (1844—47), які высунуў у 1844 т.зв. «мегалі ідэа» («вял. ідэю»), што прадугледжвала барацьбу за далучэнне да грэч. каралеўства населеных грэкамі правінцый Асманскай імперыі.

У час Крымскай вайны 1853—56 адбыліся антытур. паўстанні ў Эпіры і Фесаліі, падтрыманыя атрадамі добраахвотнікаў з Грэцыі; пад націскам Англіі і Францыі Грэцыя прыняла ультыматум аб захаванні нейтралітэту, быў сфарміраваны ўрад на чале з лідэрам праангл. групоўкі К.Маўракардатасам. Акупац. англ. войскі (1854—57) навязалі Грэцыі міжнар. кантроль над яе фінансамі. Эканам. цяжкасці, роспуск каралём палаты дэпутатаў (кастр. 1859), высылка і зняволенне апазіцыянераў, закрыццё ўладамі шэрагу газет выклікалі рэвалюцыю 1862, у выніку чаго скінуты Атон I. У 1863 грэч. каралём стаў Георг I (гл. ў арт. Георг). Паводле новай канстытуцыі 1864 уведзены аднапалатны парламент, абвешчаны недатыкальнасць асобы і жылля, права сходаў і асацыяцый, свабода друку. У 1864 Вялікабрытанія вярнула Грэцыі Іанічныя а-вы (з 1815 былі пад брыт. пратэктаратам). З 1860-х г. паскорылася прамысл. развіццё краіны, у 1869 пракладзена першая чыгунка. У 1866—69 адбылося антытур. паўстанне на Крыце. У 1870—90-я г. ўрады папераменна ўзначальвалі Х.​Трыкупіс і Т.​Дэліяніс. У 1881 Грэцыя дамаглася ад Асманскай імперыі вяртання Фесаліі і акругі Арта ў Эпіры. Крыцкае паўстанне 1896 перарасло ў грэка-тур. вайну 1897, у якой Грэцыя пацярпела паражэнне (гл. ў арт. Крыцкія паўстанні). Ва ўмовах адсутнасці сродкаў на выплату кантрыбуцыі Турцыі даходы і выдаткі грэч. ўрада перайшлі пад кантроль створанай у 1898 міжнар. фін. камісіі з прадстаўнікоў Англіі, Францыі, Расіі, Германіі, Італіі і Аўстра-Венгрыі. У 1898 пад націскам буйных еўрап. дзяржаў тур. султан даў аўтаномію Крыту. Пасля выступлення ў жн. 1909 у Афінах «Ваеннай лігі» (створана малодшымі афіцэрамі) прэм’ер-міністрам Грэцыі працяглы час быў Э.​Венізелас (у 1910—15, 1917—20, 1924, 1928—32, 1933). Яго першы ўрад упарадкаваў фін. і бюджэтную сістэмы, стварыў мін-вы сельскай гаспадаркі, гандлю і прам-сці, актывізаваў знешнюю палітыку (гл. Балканскі саюз 1912). У выніку Балканскіх войнаў 1912—13 у склад Грэцыі ўвайшлі Крыт, Эпір, Паўд. Македонія, ч. Зах. Фракіі, Эгейскія а-вы; колькасць яе насельніцтва павялічылася з 2,7 да 4,6 млн. чал. Пры каралю Канстанціне I [1913—17, 1920—22] Грэцыя працяглы час захоўвала нейтралітэт у 1-й сусв. вайне. Яна ўступіла ў вайну пад націскам Антанты 29.6.1917 пры каралю Аляксандру [1917—20] — другім сыне Канстанціна I. Пасля грэка-турэцкай вайны 1919—22 у Грэцыі ўстаноўлена рэспубліка (1924). У 1934 у Афінах утворана Антанта Балканская (распалася ў 2-ю сусв. вайну). У канцы 1935 пасля ваен. перавароту і ініцыіраванага манархістамі плебісцыту ў Грэцыі адноўлена ўлада караля Георга II (правіў у 1922—23, 1935—41, 1946—47; гл. ў арт. Георг). Пасля ваен. перавароту 4.8.1936 устаноўлена дыктатура ген. І.Метаксаса (існавала да 1941). У пач. 2-й сусв. вайны краіна захоўвала нейтралітэт. 28.10.1940 супраць Грэцыі развязаў вайну фаш. дыктатар Італіі Б.​Мусаліні, аднак грэч. армія да 14.11.1940 спыніла італьян. наступленне і ў хуткім часе адцясніла праціўніка. Пазней у выніку Балканскай кампаніі 1941 Грэцыю акупіравалі ням., італьян. і балг. войскі. Намаганнямі ўдзельнікаў Руху Супраціўлення (гл. ЭАМ, ЭЛАС) да восені 1943 вызвалена каля ​1/3 тэр. краіны. Поўнасцю вызвалена ў кастр. 1944. У 2-ю сусв. вайну загінула больш за 400 тыс. грэкаў, значна заняпала гаспадарка. Пасля Ліванскага пагаднення 1944 у Грэцыі абвастрылася барацьба за ўладу, што прывяло да грамадз. вайны 1946—49, у ходзе якой урадавыя войскі ліквідавалі супраціўленне партыз. атрадаў левых паліт. сіл. У 1948—51 Грэцыя атрымала эканам. дапамогу ад ЗША паводле Маршала плана. Грэч. ўлады праводзілі курс на інтэграцыю краіны ў зах.-еўрап. рэгіянальныя арг-цыі (у 1952 Грэцыя ўступіла ў НАТО, у 1962 як асацыіраваны чл. — у «Агульны рынак»). У выніку ваен. перавароту 1967 у Грэцыі фактычна ліквідавана манархія (з 1947 правіў Павел I, з 1964 — Канстанцін II) і ўстаноўлена т.зв. дыктатура «чорных палкоўнікаў» (прэм’ер-міністр — палк. Г.​Пападопулас). У 1974 пасля няўдалай спробы далучыць да Грэцыі Кіпр ваен. хунта скінута, праведзены плебісцыт аб скасаванні манархіі і ўстанаўленні рэсп. ладу (у 1975 прэзідэнтам Грэцыі выбраны К.Цацас), засн. вядучыя паліт. партыі — Новая дэмакратыя (НД) і Усягрэчаскі сацыялістычны рух (ПАСОК). Цывільны ўрад НД на чале з К.Караманлісам (1974—80) садзейнічаў дэмакратызацыі грэч. грамадства. У 1974—80 Грэцыя прыпыніла членства ў НАТО, у 1981 стала членам Еўрапейскага эканамічнага супольніцтва. Эканам. цяжкасці (у т. л. рост знешняга доўгу) і скандалы вакол карупцыі прывялі да адстаўкі ўрада ПАСОК на чале з А.Папандрэу (1981—89). Пры прэм’ер-міністру К.Міцатакісу (НД; 1990—93), які праводзіў курс на сац. эканомію (у т. л. за кошт паніжэння зарплаты), абвастрыўся канфлікт паміж прафсаюзамі і ўрадам (усеагульная забастоўка ў 1992). Пасля працяглага прэзідэнцтва Караманліса (1980—85, 1990—95) прэзідэнтам Грэцыі ў сак. 1995 выбраны К.Стэфанопулас. У студз. 1996 пасля адстаўкі па стане здароўя Папандрэу (кіраўнік урада з канца 1993) прэм’ер-міністрам Грэцыі выбраны К.Сімітыс (ПАСОК). У знешняй палітыцы Грэцыі захоўваецца напружанасць у адносінах з Турцыяй з-за Кіпра і 2 невял. астравоў у Эгейскім м. Грэцыя — чл. ААН (з 1945), НАТО (членства адноўлена ў 1981), Зах.-еўрап. саюза (з 1992), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Усягрэчаскі сацыяліст. рух (ПАСОК), Новая дэмакратыя, Кааліцыя левых і прагрэс. сіл, Камуніст. партыя Грэцыі, Арг-цыя моладзі Новай дэмакратыі і інш. Найб. прафсаюз — Усеагульная канфедэрацыя працоўных Грэцыі.

Гаспадарка. Грэцыя — індустр.-агр. краіна. Доля ў валавым унутр. прадукце (у %): прам-сці — 34, сельскай гаспадаркі — 10, сферы паслуг — 56. У прамысловасці занята 25% працуючых. Вядзецца здабыча бурага вугалю (на Пн і ў цэнтры Пелапанеса) — 55,4 млн. т (1993, 7-е месца ў свеце), а таксама жалезнай, хромавай, нікелевай, меднай і сурмянай руд, баксітаў, нафты і прыроднага газу, пірыту, магнезіту, наждаку і інш. Аснову энергабалансу складаюць буры вугаль, імпартная нафта (здабыча каля в-ва Тасас пакрывае толькі 5% патрэб), ГЭС на горных рэках. Вытв-сць вугальных брыкетаў і коксу (Пталемаіс). Нафтаперапр. з-ды ў Карынфе, Афінах, Элеўсіне, Салоніках, Аспрапіргасе. Вытв-сць электраэнергіі больш за 34 млрд. кВтгадз. (1994). Чорная металургія (каля 1 млн. т сталі штогод; Афіны, Пірэй, Салонікі). Выплаўка алюмінію (каля 150 тыс. т штогод) і феранікелю (Ларымна). Машынабудаванне і металаапрацоўка: суднабудаванне і суднарамонт (Салонікі, Пірэй, Александрупаліс), аўта- і трактаразборка (Пірэй), электратэхніка, абсталяванне і машыны для сельскай гаспадаркі і вінаробства, быт. тэхніка і прылады. Развіты нафтахімія, вытв-сць салянай кіслаты, азотных угнаенняў (Пталемаіс), аўтамаб. шын (Патры), цэменту (Пірэй, Халкіс), буд. матэрыялаў (Волас, Ларыса, Элефсіс), мэблі і інш. вырабаў з дрэва (Патры). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай прам-сці (Афіны, Салонікі, Волас, Патры, Ларыса). Вылучаецца тэкст. прам-сць, асабліва выраб баваўняных і з дамешкамі сінт. валокнаў тканін (Афіны, Салонікі, Патры, Волас і інш.), шаўковых тканін (Афіны, Кавала, Каламата), дываноў (Яніна, Ламія). Афіны — цэнтр швейнай прам-сці. Развіта гарбарна-абутковая прам-сць, вытв-сць разнастайных скураных і футравых вырабаў (Афіны, Салонікі, Патры, Волас, Яніна). Харч. прам-сць прадстаўлена шматлікімі прадпрыемствамі вінаробства (Афіны, Салонікі, Іракліян, Ханья), па апрацоўцы тытуню (Салонікі, Пірэй, Волас і інш.), вытв-сці алею з аліў (Афіны, Салонікі, Ханья і інш.), цукру (Платы, Ларыса, Ксанты, Серэ), рыбных прадуктаў (Пірэй, Салонікі, Кавала), сыроў (Яніна), разынак (Піргас); перапрацоўка цытрусавых (Ханья). У сельскай гаспадарцы занята 25% працуючых. Пераважаюць дробныя гаспадаркі памерам каля 3,5 га. Пад земляробчымі ўгоддзямі каля 30% тэр. краіны, у т. л. 2,3 млн. га пад ворывам, 1,2 млн. га пад вінаграднікамі, аліўкавымі плантацыямі і садамі. Каля ​1/3 угоддзяў арашаецца. 40% тэр. краіны займаюць малаўрадлівыя горныя пашы і лугі. Спецыялізацыю вызначаюць працаёмкія экспартныя культуры: тытунь, алівы (каля 1,6 млн. т штогод, 3-е месца ў свеце), бавоўна і цукр. буракі (арашальныя землі ў далінах Вардара і Стрымона, в-аў Лемнас), вінаград (1,3 млн. т штогод), цытрусавыя. Вырошчваюць яблыкі, грушы, персікі, абрыкосы, інжыр. Развіта парніковая гаспадарка экспартнага кірунку, агародніцтва (у т. л. памідоры — каля 1,7 млн. т штогод). Са збожжавых вырошчваюць пшаніцу (больш за 50% пасяўных плошчаў), рыс (на арашальных землях), кукурузу і ячмень. Жывёлагадоўля развіта недастаткова. Гадуюць авечак (каля 8 млн. галоў), коз (каля 5 млн. галоў), свіней (каля 1 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (каля 1 млн. галоў). Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства. Замежны турызм і адпачынак дае больш за 50% прыбытку. З ім звязана каля ​1/3 занятых у гаспадарцы. Штогод Грэцыю наведвае 8—10 млн. замежных турыстаў. Асн. раёны: Афіны і наваколле, узбярэжжа Пелапанеса, стараж. гіст. цэнтры Карынф, Эпідаўр, Містра, Мікены, Алімпія, Спарта, Салонікі, Яніна, а-вы Эгейскага мора. Транспарт пераважна марскі і аўтамабільны. Танаж гандл. флоту — 41,7 млн. т (1993, 3-е месца ў свеце). Частка грэч. флоту плавае пад флагамі інш. краін. Флот абслугоўвае гандл. сувязі Грэцыі і многіх краін свету. Гал. парты Пірэй, Салонікі, Элефсіс. Аўтадарог каля 40 тыс. км, на аўтатранспарт прыпадае больш за 60% унутр. перавозак, чыгунак 2,6 тыс. км. Каля 40 аэрапортаў (у т. л. 22 міжнародныя), найб. Элінікон каля Афін. Экспарт (каля 8—10 млрд. дол. штогод): нафтапрадукты, тэкст. і швейныя вырабы, абутак, цэмент, мінер. сыравіна, аліўкавы алей, вінаград, цытрусавыя, віны, тытунёвыя вырабы. Імпарт (каля 20 млрд. дол. штогод): машыны і абсталяванне, нафта, харч. тавары, трансп. сродкі, драўніна. Дэфіцыт гандл. балансу пакрываецца за кошт паступленняў ад марскіх перавозак, турызму, грашовых пераводаў эмігрантаў. Гал. гандл. партнёры: Германія, Францыя, Італія, Вялікабрытанія, ЗША, Саудаўская Аравія. Грэцыя экспартуе на Беларусь футравыя і скураныя вырабы, цытрусавыя, кансервы, імпартуе трактары, грузавыя аўтамабілі, калійныя ўгнаенні, шыны. Грашовая адзінка — драхма.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць (канец 1994) 159,3 тыс. чал. (406 тыс. рэзервістаў). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. У сухап. войсках 113 тыс. чал., аб’яднаных у 10 пях., механізаваную і бранятанкавую дывізіі, асобныя 2 пях., механізаваную і 5 бранятанк. брыгад, асобныя парашутны полк, 20 артыл. дывізіёнаў і інш.; маюць на ўзбраенні 2722 танкі, 2365 баявых машын пяхоты, 2019 гармат палявой артылерыі і мінамётаў, 95 самалётаў і верталётаў армейскай авіяцыі і інш. У ВПС 26,8 тыс. чал., каля 270 баявых самалётаў і 28 верталётаў. У ВМС (пач. 1996) 20 тыс. чал., 47 караблёў (у т. л. 8 дызельных падводных лодак) і 124 баявыя катэры амер., герм. і грэч. вытв-сці.

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грэцыі сфарміравалася ў выніку рэформаў 1963—65, 1974—76, 1984—85 і закону 1985, паводле якога ўстаноўлены 9-гадовы тэрмін абавязковага школьнага навучання. Дашкольныя дзіцячыя ўстановы для дзяцей ад 3,5 да 5,5 года не абавязковыя. Першая ступень абавязковай агульнай адукацыі — 6-гадовыя пач. школы для дзяцей ад 5,5 да 11,5 года. Сярэднюю адукацыю даюць гімназіі (абавязковая няпоўная, тэрмін навучання 3 гады) і дадатковую сярэднюю — ліцэі (агульнага тыпу, класічныя, прафес.-тэхн., шыракапрофільныя і духоўныя), тэрмін навучання 2—6 семестраў. Права паступлення ў ВНУ дае толькі ліцэй. Буйнейшыя ВНУ: ун-ты ў Афінах (з 1837), Салоніках (з 1925), Патры (з 1966), Яніне, Фракіі; політэхн. ін-ты ў Афінах (з 1836) і на в-ве Крыт; вышэйшыя школы ў Афінах — агранамічных навук, эканам. і камерцыйных навук, паліт. навук, прыгожых мастацтваў; вышэйшыя індустр. школы ў Пірэі і Салоніках. Найб. б-кі: Нац., б-кі Палаты дэпутатаў (з 1844), Афінскай АН, ун-та ў Салоніках (з 1927). Найб. музеі: Нац. археал. (з 1874), Музей Акропаля (з 1878), Нац. маст. галерэя (з 1900), Візантыйскі (з 1914), Музей Бенакі (з 1931) і Музей Аляксандра Сутзаса ў Афінах, археал. музеі ў Алімпіі, Дэльфах, Карынфе, на а-вах Родас і Крыт. Навук. даследаванні праводзяцца Афінскай АН (з 1926), ун-тамі і ін-тамі, галіновымі н.-д. ўстановамі і цэнтрамі, Афінскай абсерваторыяй, навук. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Выдаецца больш за 100 штодзённых (цэнтральных і мясцовых) і каля 300 штотыднёвых газет (1993). Найб. папулярныя выданні: «Akrópolis» («Акропаль», з 1881), «Rirospástēs» («Радыкал», з 1918), «Tá Néa» («Навіны», з 1931), «Augē» («Світанне», з 1951), «Eleútheros kósmos» («Свабодны свет», з 1966) і інш. Тыражы газет у адносінах да колькасці насельніцтва большыя, чым у многіх зах.-еўрап. краінах. Афіц. Афінскае інфарм. агенцтва засн. ў 1895. Радыёвяшчанне з 1938 на грэч., англ. і франц. мовах. Тэлебачанне ў Афінах з 1965. Нац. радыё і тэлебачанне ў 1976 аб’яднаны ў карпарацыю ЭРТ. Дзейнічаюць 1500 радыёстанцый і 180 тэлекампаній, найбуйнейшыя з іх — прыватныя кампаніі «Мега Чэнел» і «Антэна-1», дзяржаўныя ЕТ-І, ЕТ-2. Рэтрансліруюцца 9 (1993) замежных тэлепраграм, у т. л. ЗША, Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі.

Літаратура. Развіваецца на навагрэч. мове. Пачала складвацца пасля падзення Візантыі пад уплывам традыцый ант. і візант. культур, ідэй Адраджэння і вусна-паэт. творчасці грэч. народа (эпас «Дыгеніс Акрыт», 9—11 ст.; гіст. акрыцкія песні, песні пра клефтаў). У 15—17 ст. развівалася на а-вах Родас (ананімны зб-к «Сто слоў пра каханне» і інш.), Дадэканес (любоўная лірыка), Крыт [ідылічная ананімная паэма «Пастушка» (выд. 1627), трагедыя «Эрафілі» і камедыя «Кацурбас» Е.​Хартакіса (абедзве каля 1600), драма «Ахвяра Аўраама» (1635, аўтарам лічаць В.​Карнараса), раман у вершах «Эратакрытас» Карнараса]. У часы тур. панавання (1453—1821) былі пашыраны пераробкі сатыр. баек («Чароўная гісторыя пра асла, воўка і ліса» і інш.), апрацоўкі сярэдневяковых раманаў, апавяданні рэліг.-дыдактычнага і гіст.-легендарнага характару («Аповесць пра Аляксандра Македонскага»). Проза 17—18 ст. прадстаўлена пераважна павучальнай рыторыкай і палемічнымі памфлетамі, якія абаранялі правасл. веру, мемуарнай л-рай. Прыкметным быў зб. вершаў грэч. паэтаў-студэнтаў у Італіі «Кветкі набожнасці» (выдадзены ў Венецыі, 1708), у якім адчувальны ўплыў позняга італьян. Адраджэння. На фарміраванне грэч. л-ры паўплываў уздым нац.-вызв. руху на мяжы 18—19 ст. Нац. праблематыка, рэв.-патрыятычныя матывы адлюстраваліся ў творчасці Ферэаса, А.​Калваса, А.​Суцаса, А.​Валаарытыса і інш. Закладваліся асновы нац. драматургіі (творы А.​Матэсіса). У л-ры вялася вострая ідэйная барацьба вакол пытання аб шляхах гіст. развіцця грэч. нацыі (моўная палеміка, адносіны да ант. спадчыны і нар. навагрэч. традыцый).

Новы этап у развіцці л-ры звязаны з грэч. нац.-вызв. рэвалюцыяй 1821—29. Рэв. рамантызм з элементамі рэалізму ўласцівы творчасці заснавальніка навагрэч. л-ры Д.​Саламоса, антыманархічныя вольналюбівыя матывы — творчасці паэтаў-рамантыкаў 1-й Афінскай школы П.​Суцаса, А.​Рангавіса. Жанр гіст. рамана распрацоўваў Э.​Раідыс. Нар. мову і нац. тэматыку сцвярджалі заснавальнік 2-й Афінскай школы К.​Паламас, а таксама Е.​Драсініс і інш. Цікавасць да нар. паэзіі адчуваецца ў творчасці Л.​Мавіліса, Драсініса, І.​Палеміса, А.​Эфталіётыса, І.​Псіхарыса і інш. У прозе і драматургіі рэалізм з элементамі бытапісання сцвярджалі Г.​Ксенопулас, А.​Пападыямандыс, А.​Каркавіцас і інш. Крытыка бурж маралі, ідэалы гуманізму, увасобленыя ў творчасці К.Варналіса, Я.Рыцаса, К.​Парарытыса і інш., далі пачатак сучаснай прагрэс. л-ры. Сац. тэматыка стала вызначальнай для творчасці К.​Тэатокіса, І.​Тэатакаса, А.​Тэрзакіса і К.​Хадзопуласа. У 1920—30-я г. С.​Мірывіліс і інш. пісьменнікі ўвялі ў л-ру жанр антываен. рамана і аповесці-хронікі. Антыфаш. л-ра Супраціўлення прадстаўлена творамі А.​Сікеліяноса, В.​Ротаса, Ф.​Ангулеса, Рыцаса і інш. Асаблівае месца ў л-ры займае т.зв. «паэзія катаргі», якая стваралася ў канцы 1940 — пач. 50-х г. у канцлагерах пасля паражэння дэмакр. сіл у грамадз. вайне 1946—49. Паэзія пасляваен. гадоў прадстаўлена творчасцю Р.​Бумі-Папа, Н.​Папаса, Н.​Врэтакаса, Т.​Лівадытыса і інш.; у 2-й пал. 1950-х г. сцвярджаецца лірыка-эпічная «паэма сінтэзу» (А.Элітыс). Гераічныя і сац. матывы характэрныя для пасляваен. творчасці раманіста Н.​Казандзакіса, празаікаў Я.​Мангліса, Д.​Хадзіса, А.​Франгіяса, К.​Кадзіяса, В.​Васілікоса і інш. Развіваюцца жанры гіст. рамана (Д.​Фатыядыс, П.​Прэвелакіс, Д.​Сатырыу), хроніка-дакументальны. У гады ваен. дыктатуры (1967—74) многія пісьменнікі рэпрэсіраваны ці вымушаны былі эмігрыраваць; прагрэс. выдавецтвы і газеты былі забаронены. Л-ру антыдыктатарскага Супраціўлення прадстаўлялі Рыцас, Врэтакас, Элітыс, М.​Аўгерыс, Васілікос і інш. Пасля 1974 шмат пісьменнікаў вярнулася на радзіму. Аднавіла дзейнасць Т-ва грэч. пісьменнікаў (1934—67). У тв-сці М.​Александропуласа, З.​Скараса, А.​Ненедакіса і інш. адлюстраваліся зрухі ў самасвядомасці грамадства. Шматпланавасць маст. ўзнаўлення рэчаіснасці вылучае прозу Васілікоса, Э.​Ваіску і інш. Навагрэч. л-ра развіваецца таксама ў Рэспубліцы Кіпр.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Пра мастацтва Грэцыі да тур. заваявання (сярэдзіна 15 ст.) гл. ў арт. Грэцыя Старажытная і Візантыя. Да вызвалення ад асманскага заняволення (1821) у Грэцыі панавала манастырскае мастацтва ў познавізант. традыцыях, развівалася нар. творчасць, іканапіс, нар. вышыўка. Гарады раслі павольна, многія заняпалі. З 1830-х г. на аснове традыцый нар. і ант. дойлідства вырасла архітэктура сучаснай Грэцыі. У 19 ст. буд-ва ішло пераважна ў Афінах. Арх. С.​Клеантыс, Л.​Каўтадзоглу распрацавалі тып жылога дома ў класічных формах. Замежныя архітэктары стваралі грамадскія пабудовы з каланадамі: Нац. б-ка (1832) і ун-т (1837, арх. абодвух Х.​К.​Хансен) у Афінах і інш. Царк. архітэктура 19 ст. наследавала візант. ўзоры. Майстры наіўнага, дакумент. жывапіснага партрэта (Н.​Кандуніс, Н.​Кунелакіс) працавалі ў свецкай тэматыцы. У 2-й пал. 19 ст. на аснове традыцый мюнхенскай школы жывапісцы Н.​Гізіс, Н.​Літрас звярталіся да нац. тэмы; К.​Валанакіс і Я.​Алтамурас стварылі школу грэч. пейзажа. У пач. 20 ст. разрастаюцца гарады (Афіны, Салонікі), фарміруецца тып шматкватэрнага дома з балконамі-лоджыямі і тэрасамі (арх. К.​Кіцыкіс). Архітэктура 1920—30-х г. развівалася пад уплывам функцыяналізму і неакласіцызму. У жыллі выкарыстоўвалі маналітны жал. каркас. У вілах і маёнтках відавочныя матывы нар. дойлідства (арх. Д.​Пікіёніс). Будынкі атэляў і музеяў арганічна ўпісваюцца ў навакольнае асяроддзе (арх. Х.​Сфаэлас, П.​Васіліядыс). Мастакі пач. 20 ст., ствараючы нац. вобразы, засвойвалі тагачасныя еўрап. стылі (жывапісец К.​Партэніс, скульпт. Я.​Халепас). У сярэдзіне 20 ст. жывапісцы А.​Геаргіядыс, Э.​Тамопулас, Я.​Мораліс, Я.​Царухіс працягвалі рэаліст. традыцыі папярэднікаў. Сярэдневяковыя рэмінісцэнцыі і нар. вобразы знайшлі адлюстраванне ў фрэсках Ф.​Кандоглу, графіцы С.​Васіліу, ант. матывы — у графіцы Д.​Галаніса, Я.​Кефалінаса, скульпт. М.​Томбраса, А.​Сохаса. Нац.-вызв. барацьба 2-й сусв. вайны адлюстравана ў дэмакр., рэаліст. плынях (жывапісцы В.​Семерцыдыс, Д.​Кацыкаяніс, скульпт. Х.​Капралас, графікі В.​Катракі, А.​Тасас). У рэчышчы абстракцыянізму працуюць К.​Граматопулас, К.​Клуватас, К.​Лукопулас і інш.

Музыка. Грэч. муз. культура — адна з найб. старадаўніх у свеце (гл. Грэцыя Старажытная). З 4 ст. грэч. музыка развівалася ў рэчышчы візант. культуры. З усталяваннем асманскага панавання нац. муз. традыцыі зберагаліся толькі ў нар. творчасці і царк. музыцы. Побач з разнастайнымі песеннымі жанрамі вылучаюцца танц. сіртас (карагодны танец) і педыктас (танец з падскокамі). З сярэдзіны 18 ст. пашырыліся песні клефтаў (змагароў за нац. вызваленне). Сярод муз. інструментаў: розныя тыпы лютні, жалейка, ліра, падоўжная флейта, валынка, бузукі, скрыпка, мандаліна, якія ўваходзяць у склад нар. аркестра (з 1930-х г. таксама кларнет і гітара). Развіццё прафес. муз. мастацтва пачалося пасля 1829. Сярод кампазітараў прадстаўнікі іанічнай школы Н.​Мандзарас — аўтар грэч. нац. гімна (1865), заснавальнік Філарманічнага т-ва на в-ве Керкіра (1840), С.​Ксіндас, С.​Самарас — аўтар «Алімпійскага гімна» (1896), Д.Лаўрангас — заснавальнік Нац. опернага т-ра (Афіны, 1939), П.​Карэр, Г.​Ламбелет. Сапраўдная грэч. муз. школа фарміруецца з канца 19 ст. Узнік новы жанр спектакляў-вадэвіляў (камідыліён), аўтары якіх Д.​Карамілас і Д.​Какінас. Першую нац. оперу «Кандыдат у дэпутаты» (1867) стварыў Ксіндас. Новую грэч. кампазітарскую школу ўзначалілі М.Каламірыс, заснавальнік Элінскай (1919) і Нац. (1926) кансерваторый у Афінах, Лаўрангас, Ламбелет, М.​Варвагліс, Э.​Рыядыс. Сярод іх паслядоўнікаў Л.​Маргарытыс (засн. Саланікскую кансерваторыю), П.​Петрыдыс, А.​Незерытыс, А.​Евангелатас, Н.​Скалкотас, С.​Міхаілідыс, Г.​Геаргіядыс, Д.Мітропулас. З сярэдзіны 1940-х г. вядомы кампазітары М.​Хадзідакіс, Я.Ксенакіс, Я.​Хрысту і інш. Новы этап у развіцці грэч. музыкі — творчасць М.Тэадоракіса і многіх яго паслядоўнікаў. У галіне эстр. музыкі вылучыліся кампазітары М.​Плесас, Г.​Замбетас, К.​Капнісіс, Г.​Музакіс, Т.​Маракіс, Г.​Кацарас і інш. Сярод вядомых выканаўцаў: дырыжоры Мітропулас, Л.​Зорас, Міхаілідыс, Хадзідакіс, Евангелатас, Ф.​Візантыу; спевакі М.Калас, Н.​Масхонас, К.​Дамасіёты, А.​Захарату, Д.Русас; піяністы Г.​Тэмеліс, В.​Дэветцы; сярод музыказнаўцаў В.​Аркадынас, Геаргіядыс, Міхаілідыс, С.​Мацэнігас. У Грэцыі працуюць (1988): Нац. оперны т-р, 5 сімф. аркестраў, у т. л. Афінскі дзярж. сімф. аркестр; Дзярж. аркестр Паўн. Грэцыі ў Салоніках; Дзярж. кансерваторыя ў Салоніках (з 1914), 14 кансерваторый, у т. л. Афінская (1871), Пірэйская (1904), Элінская (1919) і Нац. (1926) у Афінах, а таксама іх філіялы і інш.

Тэатр. У перыяд Візантыйскай імперыі традыцыі ант. тэатр. мастацтва (гл. Грэцыя Старажытная, раздзел Тэатр) былі перапынены. Першыя спробы адрадзіць т-р зроблены ў 17 ст. на в-ве Крыт і ў 18 ст. на в-ве Закінф. У Афінах пастаянныя трупы ўзніклі на пач. 1860-х г. У 1901 К.​Хрыстоманас арганізаваў т-р «Новая сцэна», створаны дзярж. Каралеўскі т-р. У 1910—20-я г. тэатр. мастацтва занепадае. Імкненне пераадолець гэты крызіс характарызуюць творчасць рэж. Ф.​Палітыса, пастаноўкі Нац. т-ра (засн. ў 1932). У гады дыктатуры і ням.-фаш. акупацыі тэатр. жыццё было ў застоі, аднак працавалі аматарскія групы, што ставілі патрыятычныя п’есы. У 1945 створаны т-р «Аб’яднаныя артысты», у рэпертуары якога былі п’есы нац. драматургаў і перакладныя. У наступныя гады прагрэс. тэатр. дзеячы падвяргаліся ганенням, але працягвалі барацьбу за дэмакр. мастацтва. У 1940—50-я г. значнай з’явай была дзейнасць Мастацкага т-ра (засн. ў 1942 рэж. К.​Кунам), сярод спектакляў якога былі «Добры чалавек з Сезуана» (1958) і «Кар’ера Артура Уі» (1961) Б.​Брэхта, «Двор цудаў» (1958) Я.​Кампанеліса, «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава і інш. У 1955 створаны Грэч. нар. т-р (кіраўнік М.​Катракіс), у 1959 «Новы тэатр» (засн. В.​Дыямандопулас і М.​Алкеу), у 1957 Пірэйскі т-р (засн. Д.​Рандырыс). Значнае распаўсюджанне атрымалі калектывы, што стваралі маладыя рэжысёры: «Тэатр 1959», «Тэатр 1961» і інш. Т-р «Дванаццатая заслона» штогод ставіў спектаклі, якія складаліся з 3 аднаактовых п’ес пачынаючых грэч. драматургаў. У 1960-я г. рэпертуар т-раў значна пашырыўся: ставіліся стараж.-грэч. трагедыі, п’есы У.​Шэкспіра, Мальера, А.​Чэхава і інш. У канцы 1970 — 80-х г. аднавілі дзейнасць Афінскі маст. т-р, Грэч. нар. т-р, Пірэйскі т-р, т-ры ў Салоніках, Сіракузах і інш. Сярод вядомых дзеячаў тэатр. мастацтва: акцёры А.​Александракіс, Катракіс, М.​Меркуры, А.​Сінадыну, І.​Папас, К.​Паксіну; рэжысёры М.​Пларытыс, М.​Лігізас, М.​Какаяніс, Кун, Т.​Музенідыс.

Кіно. У 1906 зняты першы хранік. фільм, у 1911—12 — першыя кароткаметражныя кінакамедыі (рэж. і выканаўца гал. роляў С.​Дымітракопулас). У 1914 засн. фірма «Афіны-фільм», пачаўся выпуск поўнаметражных фільмаў. У 1-ю сусв. вайну выпускалася пераважна ваен. кінахроніка. У 1928—31 на кінафірме «Даг-фільм» здымаліся гіст. фільмы і экранізаваліся літ. творы: «Каханне і хвалі» (1927), «Прыкуты Праметэй» (1929, рэж. абодвух Д.​Газіядыс), «Дафніс і Хлоя» (1931, О.​Ласкас) і інш. У 1932 выпушчаны першы гукавы фільм. З устанаўленнем дыктатуры Метаксаса і ў гады ням.-фаш. акупацыі здымаліся ў асн. хранік., зрэдку маст. фільмы: «Голас сэрца» (1943, Л.​Іаанопулас), «Апладысменты» (1944, Г.​Дзавелас). У канцы 1940-х г. здымалася па 8—10 фільмаў за год — пераважна меладрамы з гіст. фонам. У 1950-я — пач. 60-х г. у фільмах знайшлі адлюстраванне праблемы тагачаснага жыцця, здымаліся меладрамы, фарсы, шпіёнскія, гангстэрскія і прыгодніцкія фільмы. Сярод лепшых: «Крывавыя Каляды» (1951, рэж. Г.​Зервас), «Фальшывая манета» (1955) і «Антыгона» (1961, рэж. абодвух Дзавелас), «Электра» (1962, М.​Какаяніс), «Да карабля» (1966, А.​Даміянас). У гады ваен. дыктатуры шэраг кінадзеячаў арыштаваны, некаторыя эмігрыравалі. Пасля падзення дыктатуры здымаліся фільмы, што выкрывалі злачынствы дыктатарскага рэжыму, пра барацьбу народа ў гады 2-й сусв. вайны, узнімаліся надзённыя праблемы. Міжнар. прызнанне атрымалі фільмы Т.​Ангелопуласа, якія спалучаюць спадчыну ант. л-ры з сучаснай кінадраматургіяй. У 1974 створаны Саюз кінематаграфістаў Грэцыі. У Афінах знаходзіцца кінаархіў. Сярод вядомых дзеячаў кінамастацтва: І.​Папас, М.​Меркуры, А.​Фонсу, П.​Зервас, Т.​Венгас, А.​Стаўрас. З 1974 у Салоніках штогод праводзіцца міжнар. кінафестываль.

Літ.:

Никитина Т.В. Греция накануне первой мировой войны: Особенности внутриполит. развития. М., 1984;

Соколовская О.В. Греция в годы первой мировой войны, 1914—1918 гг. М., 1990;

Кирьякидис Г.Д. Гражданская война в Греции, 1946—1949. М., 1972;

Зорбалас С.Д. Неофашизм в Греции (1967—1974): Соц.-полит. анализ и выводы: Пер. с греч. М., 1981;

Паниев Н.А. Греция после хунты. М., 1979;

Шеменков К.А. Греция: Проблемы современной истории. М., 1987;

Мочос Я. Современная греческая литература: Очерки. М., 1973;

Ильинская С.Б. Поэзия Сопротивления в послевоенной Греции. М., 1974;

Полевой В.М. Искусство Греции. 2 изд. М., 1984.

Ф.​С.​Фешчанка (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Грэцыі.
Да арт. Грэцыя. Царква св. Феодара ў Містры. 1296.
Да арт. Грэцыя. Манастыры Метэара ў Фесаліі. 12 ст.
Да арт. Грэцыя. На востраве Крыт.
Да арт. Грэцыя. Адзін з эпізодаў грамадзянскай вайны 1946—49.
Да арт. Грэцыя. Турыстычныя будынкі на марскім узбярэжжы.
Да арт. Грэцыя. Слабааблесеныя горы Цэнтральнай Грэцыі.
Да арт. Грэцыя. Гавань на востраве Родас.

т. 5, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)