ГРО́ДЗЕНСКАЙ МЕДЫЦЫ́НСКАЙ ШКО́ЛЫ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1770-я г. на Гарадніцы (цяпер у межах г. Гродна). Мураваны будынак мае сіметрычную кампазіцыю. Цэнтр. 3-павярховая частка накрыта вальмавым дахам. Гал. фасад раскрапаваны па вуглах 2 вял. гранёнымі эркерамі, якія раней былі накрыты самкнутымі ўвагнутымі купаламі. Фасады аздоблены ордэрнай пластыкай, 2 ніжнія паверхі аб’яднаны пілястрамі. Па баках да асн. аб’ёму прылягаюць 1-павярховыя прыбудовы з 3-схільнымі дахамі. Часткова перабудаваны ў канцы 19 ст.

А.​Ю.​Пятросава.

Гродзенскай медыцынскай школы будынак. Галоўны фасад.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБНА́,

горад у Расіі, у Маскоўскай вобл., на р. Волга, пры ўпадзенні р. Дубна. Засн. ў 1956. 67,4 тыс. ж. (1992). 2 чыг. станцыі. Іванькаўская ГЭС. Каля Д. пачынаецца канал імя Масквы. Філіял НДІ ядз. фізікі Маскоўскага ун-та, філіял Маскоўскага ін-та радыётэхнікі, электронікі і аўтаматыкі. Аб’яднаны ін-т ядз. даследаванняў, засн. ў 1956 на падставе пагаднення, падпісанага 10 краінамі-заснавальнікамі (мэтай стварэння ін-та было ажыццяўленне супольных тэарэт. і эксперым. прац у галіне фізікі высокіх энергій; ін-т мае сінхрацыклатрон і сінхрафазатрон).

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАБРО́ЎСКІ (Канстанцін Адамавіч) (псеўд. Костка, Навіцкі; 1838, Аўгустоўская губ. —6.7.1863),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Арлоўскі кадэцкі корпус і Канстанцінаўскае ваен. вучылішча (Пецярбург). З 1861 вучыўся ў Артыл. акадэміі ў Пецярбургу, уваходзіў у ваен. рэв. арг-цыю. 16.4.1863 уцёк на Магілёўшчыну, прызначаны паўстанцкім ваен. начальнікам Сенненскага пав. З групай каля 100 валанцёраў перайшоў у Барысаўскі пав., дзе злучыліся некалькі паўстанцкіх груп. 19.5.1863 аб’яднаны атрад разбіты ўрадавымі войскамі каля в. Падбярэззе. Ж. схоплены і паводле прысуду расстраляны ў Барысаве.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 6, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі з канца 18 ст. да канца 1923. Утвораны пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Магілёўскай губ. У 1796 скасаваны, у 1802 адноўлены. Цэнтр — г. Клімавічы. Пл. 3711,4 кв. вярсты, нас. 143 287 чал. (1897). Падзяляўся на 13 валасцей, меў 543 нас. пункты, у т. л. 12 мястэчак, 36 сёл, 340 вёсак, 139 хутароў, 82 фальваркі (1908). З 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР. У снеж. 1923 аб’яднаны з Чэрыкаўскім пав. у Калінінскі павет з цэнтрам у Клімавічах.

У.​Г.​Філякоў.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ КАМБІНА́Т СІЛІКА́ТНЫХ ВЫ́РАБАЎ.

Засн. ў 1909—10 у Мінску як сезонны цагельны з-д. З 1929 цагельны з-д № 1. У 1932 рэканструяваны і расшыраны. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1946 адноўлены. У 1958 аб’яднаны з з-дам буйных сілікатных блокаў і цэглы ў камбінат буйнаблочных буд. канструкцый. У 1959 далучаны з-д гіпсабетонных перагародачных панэлей. З 1971 сучасная назва, з 1992 арэнднае прадпрыемства. Асн. прадукцыя (1999): сілікатная цэгла, блокі сценавыя і перагародачныя, сценавыя панэлі з ячэістага бетону, пліты полістырольныя, тратуарная плітка, упакоўка з полістыролу і інш.

т. 10, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ НАВУЧА́ЛЬНА-ВЫТВО́РЧЫ КО́МПЛЕКС «ПТВ-ТЭ́ХНІКУМ» Белкаапсаюза.

Засн. ў 1957 у Мінску як кааператыўны тэхнікум. У 1967 на базе тэхнікума створана прафес.-тэхн. вучылішча па падрыхтоўцы кадраў масавых прафесій. У 1993 тэхнікум і вучылішча аб’яднаны ў комплекс. Тэхнікум рыхтуе тавараведаў. Спецыяльнасць (1999/2000 навуч. г.): камерцыйная дзейнасць. Прымае асоб з сярэдняй адукацыяй і на базе профільнага прафес.-тэхн. вучылішча. Навучанне дзённае і завочнае. Вучылішча на базе сярэдняй адукацыі рыхтуе прадаўцоў харч. і нехарч. тавараў і афіцыянтаў-буфетчыкаў. Навучанне ў комплексе па накіраванні спажывецкага т-ва бясплатнае, пры самаст. паступленні — платнае.

т. 10, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЭКА́ТР (франц. pas de quatre),

1) у балеце танец 4 выканаўцаў. Муз.-танц. форма можа мець розную структуру. Найб. пашыраны кампазіцыя, у якой аб’яднаны 2 па-дэ-дэ (у партытуры «Спячай прыгажуні» П.​Чайкоўскага), або танец 4 танцоўшчыкаў (танец 4 кавалераў у «Раймондзе» А.​Глазунова, балетмайстар М.​Петыпа) ці 4 танцоўшчыц (балет «Падэкатр» Ц.​Пуні, балетмайстар Ж.​Ж.​Перо).

2) Бальны танец англ. паходжання. Вядомы з 19 ст. Муз. памер ​12/8. Тэмп павольны. Пашыраны ў еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі і ў Расіі.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),

рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.

Марк Антоній. Скульптура. 1 ст. да н.э.

т. 1, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗДЗЕЖСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1784 у в. Бездзеж (Драгічынскі р-н Брэсцкай вобл.) на фундаменце царквы 1-й пал. 17 ст. Мае рысы стылю барока. Прамавугольны ў плане асн. і алтарны зрубы аб’яднаны 2-схільным дахам з вальмай над алтаром і трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння зрубаў. Гал. фасад завершаны трохвугольным зрубам, які спалучаецца з паўвальмай, і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі купалкамі. Інтэр’ер зальны, з 4 слупамі ў сярэдзіне, над уваходам — хоры; захаваліся абразы 17—18 ст. Перад царквой — брама-званіца, накрытая 2-схільным дахам.

Т.​В.​Габрусь.

Брама-званіца Бездзежскай Троіцкай царквы.

т. 2, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц АДМІНІСТРА́ТАРА,

помнік архітэктуры ранняга класіцызму. Пабудаваны ў 1770—80-я г. ў Гродне, перабудаваны ў 19 ст. Належаў графу М.​Валіцкаму, у 1842 куплены праваслаўнай кансісторыяй (адсюль другая назва — архірэйскі дом). Уваходзіў у арх. ансамбль Гарадніцы, быў абкружаны рэгулярным паркам (збярогся часткова). Па баках палаца сіметрычна пастаўлены 2-павярховыя мураваныя флігелі, якія ўтвараюць перад ім паўадкрыты двор. Трохпавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак накрыты пакатым вальмавым дахам. Першы паверх цокальны, 2-і і 3-і аб’яднаны на фасадах лапаткамі. Цэнтр гал. фасада падкрэслены рызалітам.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі палац адміністратара.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)