гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрмін — дамашняя гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛІ́Ч (ад грэч. paralysis расслабленне),
поўная страта рухальных функцый у чалавека і жывёл у выніку парушэння інервацыі адпаведных мышцаў. Абмежаванне рухаў — парэзы (напр., монапарэз пры пашкоджанні адной канечнасці, парапарэз пры пашкоджанні рук і ног і інш.). З’яўляецца праявай захворванняў нерв. сістэмы інфекц., траўматычнага, сасудзістага, псіхагеннага і інш. паходжання. Адрозніваюць П. і парэзы цэнтральныя, якія абумоўлены пашкоджваннем рухальных клетак кары паўшар’яў галаўнога мозга і піраміднага шляху з павышэннем мышачнага тонусу, сухажыльна-надкосных рэфлексаў, наяўнасцю паталаг. і ахоўных рэфлексаў (пры інсультах, чэрапна-мазгавой траўме, энцэфаліце). Перыферычныя П. і парэзы ўзнікаюць пры пашкоджанні чарапных нерваў, спіннога мозга, нерв. спляценняў і асобных нерв. ствалоў. Пры перыферычных П. мышачны тонус зніжаецца ці адсутнічае, паніжаюцца сухажыльна-надкосныя рэфлексы, адбываецца атрафія мышцаў, змяняецца электраўзбуджальнасць нерваў і мышцаў (напр., пры спінальнай форме поліяміэліту, полінеўрытах і інш.). Бываюць таксама змешаныя П. і парэзы (цэнтр. і перыферычныя). Выдзяляюць псіхагенныя (істэрычныя) П. і парэзы, што ўзнікаюць ад псіхатраўміруючых уздзеянняў. Лячэнне тэрапеўт., фізіятэрапеўт., ЛФК, масаж, правядзенне артапедычных мерапрыемстваў, у некат. выпадках — хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дыскрыміна́цыя
(лац. discriminatio = адрозненне)
1) абмежаванне ў правах, пазбаўленне раўнапраўнага становішча якой-н. дзяржавы або групы насельніцтва (напр. расавая д.);
2) мед. здольнасць асобна ўспрымаць два аднолькавыя раздражненні, якія ўздзейнічаюць адначасова ў размешчаных блізка пунктах скуры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
БЯСПЕ́ЧНЫ АЎТАМАБІ́ЛЬ,
умоўная назва аўтамабіля, канструкцыйныя асаблівасці якога найбольш спрыяюць прадухіленню, аварый, траўматызму вадзіцеля, пасажыраў і пешаходаў у выпадку дарожна-трансп. здарэння. Аснашчаны элементамі «актыўнай» і «пасіўнай» бяспекі. Першыя ўзоры створаны ў ЗША (1957) і ў Італіі (1963). Бяспечны аўтамабіль з поўным камплектам элементаў бяспекі выпускаюцца аўтамаб. фірмамі на заказ.
Да элементаў «актыўнай» бяспекі адносяць павышэнне ўстойлівасці і кіроўнасці аўтамабіля, эфектыўнасці тармазоў, паляпшэнне агляднасці і інш. Элементы «пасіўнай» бяспекі змяншаюць траўматызм кожнага пасажыра (у выпадку аварыі забеспячэнне зручнага выхаду з аўтамабіля, абмежаванне перамяшчэння адносна сядзення, змяншэнне імавернасці траўмаў ад унутр. паверхняў кузава і інш.). Рулявая калонка бяспечнага аўтамабіля лётка дэфармуецца (пры аварыі) або яе няма зусім (кіраванне ажыццяўляецца рычагамі), рухавік перамяшчаецца пры аварыі пад пасажырскі салон і інш. Сучасныя канструкцыі бяспечных аўтамабіляў абсалютную бяспеку гарантаваць не здольныя.
А.С.Рукцяшэль.
Бяспечны аўтамабіль: 1 — падвойная проціпажарная пераборка; 2 — кола з магніевага сплаву; 3, 9 — бамперы; 4 — ветравое шкло, якое не дае скажэнняў; 5 — перыскоп люстэрка; 6, 10 — арачныя стойкі кузава; 7 — мяккая абіўка салона; 8 — падгалоўнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАШО́ВА-КРЭДЫ́ТНАЕ РЭГУЛЯВА́ННЕ,
сістэма мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ва ўмовах функцыянавання крэдытных грошай для падтрымання грашовай масы з мэтай забеспячэння стабільнасці нац. валюты. Права грашова-крэдытнага рэгулявання надаецца дзяржавай, як правіла, цэнтр. банку краіны.
У Рэспубліцы Беларусь грашова-крэдытнае рэгуляванне даручана Нац. банку, які мае выключнае права выпуску ў абарачэнне грашовых знакаў і рэгулявання безнаяўнай эмісіі грошай. Нац. банк рэгулюе грашовую масу ў абарачэнні шляхам устанаўлення для банкаў абавязковых эканам. нарматываў; змянення працэнтных ставак па крэдытах; змянення аб’ёму крэдытаў, што даюцца банкамі; куплі і продажу каштоўных папер і замежнай валюты; рэфінансавання банкаў; правядзення аперацый з дзярж. каштоўнымі паперамі на адкрытым рынку. Для банкаў устанаўліваюцца наступныя эканам. нарматывы: мінімальны памер статутнага фонду; гранічныя суадносіны паміж памерам уласных сродкаў і сумай яго актываў; паказчыкі ліквіднасці балансу; памер абавязковых рэзерваў, што размяшчаюцца ў Нац. банку; максімальная рызыка на аднаго пазычальніка; абмежаванне валютнай і курсавой рызыкі. Устанаўліваецца афіц. курс бел. рубля ў адносінах да інш. валют. Ужываюцца таксама адм. метады, якія абмяжоўваюць даванне крэдыту, выкарыстанне грошай для плацяжоў (мэтавыя ўстаноўкі, ліміты, нормы, санкцыі і да т.п.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬТУЗІЯ́НСТВА,
сацыялагічная тэорыя, у адпаведнасці з якой дабрабыт людзей вызначаецца натуральным законам адставання тэмпаў росту сродкаў існавання ад тэмпаў росту народанасельніцтва; адзін з кірункаў зах. дэмаграфіі. Узнікла ў канцы 18 — пач. 19 ст. Назва ад імя англ. эканаміста і дэмографа Т.Р.Мальтуса, які ўпершыню выказаў палажэнне пра вызначальную ролю біял. фактараў ва ўзнаўленні народанасельніцтва і сфармуляваў т.зв. «закон абсалютнай перанаселенасці». Існуе ў выглядзе розных дактрын і школ. Прадстаўнікі «класічнага» М. (Э.Іст, У.Томпсан (ЗША), Г.Ражо (Францыя), К.Віт-Кнудсен (Данія) і інш. лічылі, што галоўным у М. з’яўляецца «прыродны» характар дэмаграфічнага развіцця. Неамальтузіянцы У.Фогт (ЗША) і Г.Бутуль (Францыя) сцвярджаюць, што абмежаванне дзетанараджэння з’яўляецца адзіным спосабам выхаду з сусв. «крызісу насельніцтва». З паскораным ростам насельніцтва Зямлі, абвастрэннем экалагічных праблем, павелічэннем разрыву ва ўзроўнях развіцця паміж рознымі рэгіёнамі і краінамі свету звязаны іншыя канцэпцыі неамальтузіянства (напр., тэорыя «оптымуму насельніцтва» Г.Браўна, Дж.Бонера). Гл. таксама Дэмаграфія, Народанасельніцтва.
Літ.:
Судоплатов АП. Демографические концепции. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМЕАСТА́З (ад гамеа... + грэч. stasis стан, нерухомасць) у фізіялогіі, адноснае дынамічнае пастаянства саставу і ўласцівасцей унутр. асяроддзя і ўстойлівасць асн.фізіял. функцый арганізма чалавека, жывёл і раслін. Уяўленне сфармулявана франц. вучоным К.Бернарам (1878). Тэрмін «гамеастаз» прапанаваў амер. фізіёлаг У.Кенан (1929). Формы гамеастазу: структурны — падтрыманне дынамічнага пастаянства клетачнага саставу, структурнай арганізацыі і ўзаемнага размяшчэння элементаў у органах і арганізме; метабалічны — сукупнасць складаных прыстасавальных рэакцый арганізма, якія накіраваны на ліквідацыю ці макс.абмежаванне дзейнасці фактараў вонкавага і ўнутр. асяроддзя і захаванне ваганняў фізіял. і біяхім. канстантаў у вызначаных межах; генетычны — здольнасць папуляцый натуральным адборам ураўнаважваць свой генет. склад, парушаны ў выніку штучнага адбору ці змены ўмоў асяроддзя; антагенетычны (гамеастаз развіцця) — прыстасавальныя ўласцівасці арганізма дынамічна мяняць рэакцыю генатыпа на паўторныя змены ўмоў вонкавага і ўнутр. асяроддзя. Гамеастаз рэгулюецца нейрагумаральнымі, гарманальнымі, бар’ернымі, выдзяляльнымі, асматычнымі і інш. сістэмнымі рэгулятарнымі механізмамі. Паняцце гамеастаз ужываецца ў біяцэналогіі, генетыцы, кібернетыцы і інш.
Літ.:
Анохин П.К. Очерки по физиологии функциональных систем. М., 1975;
Гомеостаз. 2 изд. М., 1981;
Саркисов Д.С. Очерки по структурным основам гомеостаза. М., 1977;
Структурные основы адаптации и компенсации нарушенных функций. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБЛІ́ ((Mably) Габрыэль Бано дэ) (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),
французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М.; Л., 1950;
Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́КСАН ((Nixon) Рычард Мілхаўс) (9.1.1913, Іорба-Лінда, штат Каліфорнія, ЗША — 22.4.1994),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Скончыў (1937) ун-т Дзьюка (г. Дарэм), займаўся юрыд. практыкай. У 1942—46 афіцэр ВМС. З 1947 чл. палаты прадстаўнікоў ад Рэсп. партыі, у 1951—53 сенатар. У 1953—61 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Д.Д.Эйзенхаўэра. У 1969—74 прэзідэнт ЗША ад Рэсп. партыі. Урад Н. палепшыў адносіны з Кітаем (1972), падпісаў Парыжскае пагадненне 1973 пра спыненне вайны і аднаўленне міру ў В’етнаме (з 1969 паводле дактрыны Н. аб «в’етнамізацыі» вайны паступова скарачаўся амер.ваен. кантынгент у Паўд. В’етнаме), заключыў шэраг дагавораў і пагадненняў з СССР пра абмежаваннестратэг. узбраенняў, прадухіленне ядз. вайны, супрацоўніцтва ў розных галінах навукі, тэхнікі, культуры (1972—74) і інш. У час афіц. візіту ў СССР 1.7.1974 наведаў Мінск. 9.8.1974 добраахвотна пайшоў у адстаўку (першы выпадак у гісторыі ЗША) перад пагрозай імпічменту з-за паліт. скандалу па справе «Уотэргейт». У 1974 амнісціраваны прэзідэнтам Дж.Фордам. Аўтар кніг «Мемуары» (1978), «Ніякіх больш В’етнамаў» (1985), «1999: перамога без вайны» (1988) і інш.
Тв.:
Рус.пер. — На арене: Воспоминания о победах, поражениях и возрождении. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙЦЫ́ ЦАРКВЫ́,
найбольш уплывовыя дзеячы хрысц. царквы 2—8 ст., якія стварылі яе дагматыку і арг-цыю. Айцы царквы наз. епіскапаў першых хрысц. абшчын, а з канца 4 ст. — аўтарытэтных царк. пісьменнікаў. Неабходныя ўмовы для прылічэння да Айцоў царквы — прававернасць вучэння, прыналежнасць да патрыстыкі, прызнаная святасць іх жыцця. Прынята абмежаванне патрыстычнай эры Іаанам Дамаскінам (п. каля 748). Айцы царквы, якія, паводле падання, перанялі вучэнне непасрэдна ад апосталаў, называюць Апостальскімі Айцамі (Клімент Рымскі, Ігнацій Антыяхійскі, Палікарп Смірнскі і Папій Іерапольскі). Падзяляюцца на зах. (лацінскіх) і ўсх. (грэчаскіх) у залежнасці ад мовы, на якой яны пісалі. Акрамя згаданых, сярод зах. Айцоў царквы найбольш шануюцца Юсцін-філосаф, Ірыней Ліёнскі (2—3 ст.), Кіпрыян, Лактанцый (3—4 ст.), Іларый Піктавійскі, Амвросій Медыяланскі (4 ст.), Аўгусцін, Іеранім (4—5 ст.), папа Леў I Вялікі (5 ст.), папа Грыгорый Вялікі (6 ст.), Ісідар Севільскі (7 ст.); сярод усх. — Клімент Александрыйскі (2 ст.), Афанасій Вялікі (Александрыйскі), Яфрэм Сірын, Кірыла Іерусалімскі, Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Грыгорый Ніскі, Іаан Златавуст (4 ст.), Кірыла Александрыйскі (5 ст.), Іаан Лесвічнік, Максім Вызнаўца (6—7 ст.). Многія творы Айцоў царквы захаваліся цалкам ці фрагментарна, інш. Вядомыя з крыніц па цытатах, пераказах або назвах. Творчасць Айцоў царквы зрабіла вялікі ўплыў на фарміраванне хрысц. дагматыкі, літургічнага культу, традыцыяў, аскетызму.