Іспо́днік, іспо́дня ’ніжняя спадніца’ (Касп.), ’жаночая кашуля з белага паркалю’ (Жд. 3), іспо́днікі ’споднікі, кальсоны’ (Бяльк.); параўн. рус. дыял. испо́дник, испо́дня ’ніжняя спадніца’, испо́дница, испо́дка ’ніжняе адзенне, бялізна’, ст.-рус. исподникъ ’адзенне, якое надзяваецца пад што-н.’ Утворана сцяжэннем атрыбутыўных словазлучэнняў ісподняя спадніца, кашуля і г. д. Аналагічна іспо́днік ’ніжні камень у жорнах’ (Сл. паўн.-зах.). Гл. ісподні.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спадні́ца, дыял. спані́ца, сподні́ца, ‘жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз’ (ТСБМ, Касп., Байк. і Некр., Шымк. Собр., Федар. 4, Ян., Сл. ПЗБ, ТС). Да сподні < спод (гл.) з суф. ‑іц(а). З іншымі суфіксамі: спо́дне ‘бялізна’ (Сл. Брэс.), спадняк ‘хатняя спадніца з порту’ (Інстр. 1), спо́днік ‘сподняя спадніца’ (Жд. 1, Сцяшк.). Параўн. ісподнік. Спадніца, лічачы па акцэнтуацыі, можа быць запазычаннем з польск. spódnica ‘тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)