І́вянь ’белая намаразь, якой пакрываюцца дрэвы зімой’ (навагр., Жыв. сл., 11). Рус. цвяр., наўг., калуж., пецярб. и́вень, калуж. ивеньё, славен. ȋvje, параўн. рус. индеве́ть, иневе́ть < *ивенеть. Гл. іней, віня. Славен.-усх.-слав. формы даюць магчымасць Трубачову (Эт. сл., 8, 236) рэканструяваць ранняе прасл. *jьvьnь. Слаўскі (1, 458), наадварот, лічыць формы з iv‑ пазнейшымі, прычым не выключае магчымасць кантамінацыі з *iva. Гл. Безлай, 1, 211.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́ней (ТСБМ, Яруш., Шат., Сцяшк. МГ, Інстр. I), і́ня, ві́ня (Сцяшк. МГ), инь (Яруш.), е́ный (брэсц., Нар. лексіка, 75). Рус. иней, дыял. и́ня, и́нея́, укр. і́ній, польск. дыял. inej, чэш. jíní, славац. inovať, славен. ȋnje, серб.-харв. ӣње, балг. и́ней, макед. дыял. ина. Ст.-слав. инии, иниѥ, ст.-рус. иней, иний, ст.-бел. инеи. Адзіная пэўная адпаведнасць — літ. ýnis, хаця не выключана магчымасць запазычання са славянскага (як Бернекер, 1, 432; Трубачоў, Эт. сл., 8, 236). Надзейнай этымалогіі няма. Прасл. *jьnьjь звязвалі з ням. Eis, ст.-сканд. íss ’лёд’ (Педарсан, MPKI, I, 2, 171), ст.-інд. ēnǐ ’бліскучы’ (Младэнаў, 223). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 132–133; Слаўскі, 1, 458–459; Махэк₂, 227; Скок, I, 727. Трубачоў (Славянское языкознание, 1968, 378) паспрабаваў супаставіць *jьnьjь з *jьnъ ’адзін’. Рэканструяваная пры гэтым семантыка — ’адзін мароз, першы мароз’. Зрэшты Трубачоў (Эт. сл., 8, 236) зазначае слабыя бакі гэтага этымалагічнага рашэння і прапаноўвае іншае тлумачэнне: прасл. *jьvьnь (гл. івянь) звязвае з *jьva ’край, паласа’ < і.-е. *ei̯‑u̯‑ā ад *ei̯‑ ’ісці’ (250). Безлай (1, 211) мяркуе аб запазычанні з субстрату.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)