калья́н, ‑а, м.

У некаторых народаў Усходу і Афрыкі — курыльная прылада, у якой тытунёвы дым ачышчаецца, праходзячы праз ваду. Энрыка прыносіў і клаў на стол па загаду «свайго шэфа» папкі фатаграфічных здымкаў і распалены кальян, вывезены італьянцам калісьці з Афрыкі. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

1. Папяровы пакунак, скрутак з чым‑н. У Нявіднага за пазухаю даволі ёмкі пакет. У пакеце зложаны адозвы да сялянства. Колас. Энрыка прыносіў і клаў на стол па загаду «свайго шэфа» папкі фатаграфічных здымкаў і распалены кальян.. Тады тонкімі, зусім не мужчынскімі пальцамі афіцэр развязваў пакеты з фатаграфіямі і разглядаў іх, раскідаючы побач. Мікуліч.

2. Папяровы, поліэтыленавы і пад. мяшочак для прадуктаў. З вясёлым смехам і жартамі ўсе працягнулі рукі да пакета, бралі грушы, частаваліся. Дуброўскі.

3. Канверт з якой‑н. афіцыйна-дзелавой паперай. Сакрэты пакет. □ Камандзір палка перадаў мне пакет і загадаў адвезці яго ў штаб дывізіі. Хомчанка.

•••

Індывідуальны (перавязачны) пакет — спецыяльна ўпакаваная гатовая асептычная і антысептычная павязка для накладання на раны самім раненым або асобай, якая аказвае першую медыцынскую дапамогу.

[Фр. paquet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыспе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Наступіць, надысці, настаць (пра час, якую‑н. справу, патрэбу). Прыспела чарга. □ Ісці ў дарогу час прыспеў — Дарога ж многа з’яў хавае. Колас. Толькі адкасіліся — жніво прыспела. «Беларусь».

2. безас. Разм. Абавязкова спатрэбіцца, вельмі захацецца. [Адась:] — Што табе гэтак прыспела з каламажкаю? [Антось:] — Заўтра ў мястэчка паеду. Калюга. Мокры, стомлены, галодны, я ішоў, спатыкаючыся і праклінаючы ўсё на свеце, — разбітую дарогу, цемру, рэдактара, якому прыспела выпхнуць мяне ў такое надвор’е чорт ведае куды. Шашкоў. На платформах яшчэ сюды-туды, едзь, калі табе так прыспела, а тут былі таварныя вагоны, прытым з нейкім важным грузам. Нядзведскі.

3. Разм. Прыйсці, з’явіцца ў патрэбны момант. Крыўдным і незразумелым для Віці было заўсёды тое, што ніхто не прыспеў на бацькаў крык. Кулакоўскі. — То бачу, як гарыць мая хата, то чую, як наракае на мяне мая Поля, што не прыспеў у час. Сачанка. // Паспець, не спазніцца. Звечара.. [салдат] падганяў коней, быццам спяшаўся прыспець некуды да нейкага пэўнага часу. Лобан.

4. каго-што. Разм. Застаць, заспець. За гэтым заняткам прыспеў .. [Энрыка] аднаго разу Сымон і з уласцівай людзям яго характару шпаркасцю вырашыў, што Энрыка можа дапамагчы. Мікуліч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)