Балберка ’паплавок’ (З жыцця). Рус. балбе́ра, балбе́рка, балби́рка, укр. балбе́ра, балби́ра, балбе́рка, барбе́ра ’тс’. Слова цёмнага паходжання. Кузеля–Чайкоўскі (Словар, 34) лічыць, што гэта запазычанне з усх. моў. Вельмі няпэўна. Хутчэй да асновы *балаб‑, *балб‑ ’штосьці круглае, круглячок’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Барбо́с (БРС). Рус. барбо́с, укр. барбо́с. Не вельмі яснае слова. Праўдападобнай з’яўляецца думка, што яно было занесена ў Расію праз прыгодніцкія раманы (у якіх, у прыватнасці, выступае ісп. разбойнік Barbosa, літаральна ’барадаты’: Борбос, Барбосс, Барбос; Фран Барбоса, разбойник гишпанский > ’злосны чалавек’ > ’злосны сабака’). Аб такой магчымасці сведчыць і іншая назва сабакі — рус. Полка́н (< італ. Pulicane, пачвара ў прыгодніцкім рамане «Buovo d’ Antona»). Кіпарскі, ZfslPh, 27, 32–34; Штрыдтэр, ZfslPh, 28, 72–75; Унбегаун, ZfslPh, 28, 58–72. Іншая версія: запазычанне з цюрк. моў. Раней аб гэтай магчымасці Кузеля-Чайкоўскі, Словар, 37 (< тат.); цяпер падрабязна Райзензон (пісьм.). Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 42, які бачыць тут утварэнне ад дзеяслова тыпу ўкр. барабо́сити ’балбатаць і да т. п.’
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)