ненаўмы́сля, прысл.

Разм. Тое, што і ненаўмысна. — Я ненаўмысля, татачка, спаліў стажок! — сказаў Цімошка і горка заплакаў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Шураваць некаторы час. Сцёпка і Цімошка залезлі ў будку машыніста, па чарзе пашуравалі ў топцы. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэжысёр, ‑а, м.

Мастацкі кіраўнік, пастаноўшчык спектакля або кінафільма. Гэты Цімошка быў тут адначасова і арганізатарам, і рэжысёрам, і выканаўцам самых адказных роляў. Краўчанка. На канферэнцыі прысутнічалі супрацоўнікі Міністэрства культуры БССР, рэжысёры, артысты, мастакі. «ЛіМ».

[Фр. régisseur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

караву́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм. Памяшканне для каравула або для вартаўніка. Калі Зося і Цімошка прыбеглі ў рэўком, яны там ужо нікога не знайшлі. Збеглі ўніз, у каравулку. І там нікога. Хомчанка. Побач, адзінока мясцілася атынкаваная будка-каравулка. Быкаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праці́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. праціраць — працерці (у 2, 3 знач.).

2. Анучка, ёрш для працірання чаго‑н. А Цімошка драіў канал ствала, аж пот на лбе выступіў. Пасля Цімошкі Сцёпка яшчэ разы два таргануў праціркай. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрэ́цца, стрэ́нуся, стрэ́нешся, стрэ́нецца; зак.

Разм. Тое, што і сустрэцца. Часта бачу, Трывожная, у сне, Як праводзіць мяне ён Дадому. А не знаю, Ці прыйдзецца мне Стрэцца з другам сваім невядомым. Дзеружынскі. Ужо за парогам Цімошка азірнуўся, стрэўся вачыма з Зосяй. Хомчанка. Лепей з воўкам у лесе стрэцца, як на панскай печы грэцца. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абгарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.

1. Абсыпаць што‑н. чым‑н. поўнасцю або часткова. Абгарнуць дрэўцы зямлёю.

2. Пакрыць, ахінуць чым‑н. з усіх бакоў; укруціць у што‑н. Абгарнуць кнігу папераю. □ Цімошка прысеў, каб латвей запаліць падпалак, а Юзік абгарнуў яго халацікам, закрываючы ад ветру. Колас.

3. перан. Абвалачы з усіх бакоў. Хмары так абгарнулі неба, што стала цёмна, як у склепе. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

імітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Па-майстэрску пераймаць каго‑, што‑н., з дакладнасцю ўзнаўляць, падрабляючыся пад каго‑, што‑н. Імітаваць воўчы голас. Імітаваць рухі. Імітаваць пажар. □ [Выстрал] дамоўлена было імітаваць з дапамогаю дошкі, якою сам Цімошка ў патрэбны момант павінен быў за кулісамі ляснуць аб падлогу. Краўчанка.

2. Рабіць імітацыі (у 2 знач.). Імітаваць мармур. Імітаваць жэмчуг.

3. Паўтараць музычную тэму або матыў у другім голасе на які‑н. інтэрвал вышэй або ніжэй.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ля, ‑і, ж.

1. Драматычны вобраз, які ўвасабляецца акцёрам на сцэне, у кінафільме і пад. Роля Паўлінкі ў аднаіменнай камедыі Купалы. □ Асабліва падабалася панежычанам, калі Цімошка выконваў у п’есах ролі дзядоў. Краўчанка.

2. Поўны тэкст выбраных з п’есы, спектакля слоў адной дзеючай асобы. Перапісаць ролю.

3. каго. Работа, занятак, праяўленне ў якасці каго‑н. Паколькі ў .. Арэста Адамавіча не было гаспадыні, яе ролю і абавязкі ўзялі на сябе жонкі гасцей. Лынькоў. Браты і сёстры таксама трымаліся здалёк ад яго, як бы чужаліся, .. і ён, нарэшце, пагадзіўся з роляю адгароджанага ад сям’і чалавека. Колас.

4. Значэнне, ступень удзелу, мера ўплыву ў якой‑н. справе, падзеі і пад. Кіруючая роля партыі ў пабудове камунізма. □ «Грамада» ў беларускім вызваленчым руху адыграла велізарную гістарычную ролю. Машара.

•••

Выхадная роля — роля з нязначнымі, невялікімі рэплікамі.

Іграць ролю гл. іграць.

Увайсці ў ролю гл. увайсці.

У ролі каго-чаго — у якасці каго-чаго.

[Фр. rôle.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ве́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які заслугоўвае поўнага даверу, непахісны ў сваіх поглядах, пачуццях, адданы. Верны сябар. Верны свайму абавязку. Верны ў каханні. □ З дарогі шчасця мой народ не зверне, Ён верны сын савецкае сям’і. Панчанка. Золь асенняя, туман. Шэпчуць жоўклыя лісты. Ноч — сяброўка партызан, Друг іх верны — лес густы. Крапіва. Азірнуліся сябры: Следам крадуцца звяры, Слугі верныя зубровы, Усе чыны яго аховы. Вітка.

2. Вельмі надзейны. Верны сродак. Верная прыкмета. □ Каб добры лёс убачыць свой, Я верны спосаб знаю, — Расою першай лугавой Я вочы абмываю. Вітка.

3. Які адпавядае рэчаіснасці; правільны, дакладны. Верны вобраз. Верны шлях. □ Накіраваў наш райком Мяне на верную дарогу. Таўбін. Цімошка то чуў, што ўжо напалі на верны троп, то пераконваўся, што ніхто не ведае, як згарэў стог. Колас.

4. Трапны, дакладны, беспамылковы. Вернае вока. Верны вывад.

5. Непазбежны, немінучы. Камандзір і камісар брыгады разумелі, што ісці на прарыў, не разведаўшы абставін і сілы ворага, без падтрымкі, значыцца весці на верную смерць паўтары тысячы чалавек. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)