ро́кат, ‑у, М ‑каце, м.
Раскацістыя гукі, якія зліваюцца ў манатонны гул. Рокат матора, .. рэзкі шум барабана зліліся ў суцэльны гул. Хадкевіч. Недалёка бліснула маланка, і праз лязгат гусеніц данёсся рокат грому. Мележ. Мора бушавала, яго рокат аглушыў юнака, ахапіў усю істоту. Жычка. // Густое, прыглушанае гучанне галасоў. Гудзе сход, як цёмная пушча пад напорам буры. Асобных слоў не чуваць, адзін густы рокат поўніць школьную залу. Колас. // Меладычныя, пералівістыя гукі. Беларусь гукае, кліча Больш, чым нечых мораў шквал, Сваёй даллю маляўнічай, Сваім рокатам цымбал. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ат, выкл.
1. Пры перадачы абвяржэння, рашучага адмаўлення. — Ат, не крывіце душою, дзядзька Цымбал, — высокім нецярплівым голасам умешваецца Ульяна. Скрыган. — Ат, не прыставай. Я доўга не буду, толькі пабачу аднаго чалавека і прыйду, — супакоіў [жонку] Лявон. Дамашэвіч. Сідар кіне недакурак на зямлю, растопча яго і скажа, зневажальна зірнуўшы на Кручка: — Ат, глупства. Чарнышэвіч.
2. Пры перадачы непрыемнасці, адчаю; эх. — Ат! — махнуў рукой стары. — Быў дуб, ды сваё адшумеў. Хадзем вось лепш у хату. Брыль. [Бацька:] — Ат, скруцілася дурніца. Ніякага зладу з ёю [Гэлькай] няма. Грахоўскі. — Ат, што было, то было, — не залюбіў Сцяпан і, каб перавесці гаворку, зноў пачаў пра сала. Гроднеў.
3. Пры перадачы бесклапотнасці, нядбайнасці: няхай, так. Навіну радасную гэту [прылёг жаваранка] Паслаў адразу ў газету. А што, калі не надрукуюць? Ат, жаваранка й так пачуюць! Вітка. [Цёця Сіма:] — Ат! Зробім усё і без тае цёткі, менш мітусні ў кватэры будзе. Дубоўка. [Васіль Сямёнавіч:] — Ат, што там доўга гаварыць альбо вельмі браць да галавы, калі ўсё ідзе на лад... Паслядовіч.
4. Пры выказванні незадаволенасні, прыкрасці. [Тарэнта:] — Ат, каб не казаць дрэннага слова, не чалавек ты, Мікіта, душы не маеш чалавечай, братавай. Галавач. [Маці:] — Ат, знайшоў каго слухаць — Данілу. Той спіць і ў сне партфель бачыць. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шкадава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.
1. каго. Адчуваць жаль, спагаду да каго‑н. Камунаркі збоку Плакалі няўзнак, Свайго камунара Шкадавалі так. Купала. Шкадуюць людзі палячку, наракаюць на Арцёма за ганарлівую натуру. Гарэцкі. Ганька шкадуе цётку, і ёй хочацца зрабіць цётцы хоць нейкую палёгку, хоць чым дапамагчы ёй. Васілевіч.
2. каго-што і чаго. Берагчы, ашчаджаць. [Людзі] не шкадавалі і жыцця, каб абараніць свае землі і сваю справу. Шахавец. Толькі іграйце, музыкі, мацней, Ды не шкадуйце цымбал і смыкоў. Танк. // Не даваць, скупіцца. Да таго ж, у гэтай прыгодзе з аброццю або ў хітрыках дзеда, які шкадаваў унучцы ежы, было мінулае Шарупічаў. Карпаў.
3. аб чым і з дадан. сказам. Смуткаваць, бедаваць з прычыны чаго‑н. Гануля шкадавала, што ўвечары больш яна гаварыла, ёй хацелася, каб Яўхім расказаў усё-усё, дзе ён быў і што бачыў, як людзі жывуць на свеце. Гурскі. Не шкадую я аб згубленым, Рад таму, што знойдзена. Звонак.
4. з інф. Не адважвацца што‑н. зрабіць. Максім прыдзірліва сачыў за спідометрам, шкадаваў праехаць лішні кіламетр. Шамякін. Трэба было ісці, а я нібы шкадаваў наступаць на месца, дзе толькі што ступала яна. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)