п’янава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі, злёгку п’яны. Поруч з намі селі па адзін бок дзядзька Пракоп з Анастассяй Паўлаўнай, па другі — бацька і Усцім Пачосак, ужо трошкі п’янаваты. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адкупі́цца, ‑куплюся, ‑купішся, ‑купіцца; зак.

Затраціўшы грошы, вызваліцца ад якой‑н. залежнасці, ад якіх‑н. абавязкаў; выкуп сябе. Дзед.. мог бы адкупіцца ад паноў вольніцу, ды, на жаль, не адкупіўся. Гарэцкі. Усцім узяў у мяне з рук пляшку, паглядзеў яе на сонцы і сказаў: — Дык што ты, гэт квасам адкупіцца хочаш? Сабаленка. / Пра вясельны звычай, калі затрымліваюць маладых, патрабуючы выкупу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

этыке́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Наклейка, ярлык на чым‑н. (тавары, упакоўцы і пад.) з абазначэннем назвы тавару, цаны, сорту і інш. Усцім ласа глядзеў на Андрэя, які ўзяў з Усцімавых рук пляшку і ўголас прачытаў на этыкетцы: «Каньяк». Сабаленка. На карабку.. [Валік] убачыў незнаёмую этыкетку: на зялёным полі белы кружок, а ў гм нейкі малюнак. Жычка.

[Фр. étiquette.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ме́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Збірацца ажыццявіць якое‑н. дзеянне; намервацца. Як толькі я мерыўся ісці, Усцім заступаў мне дарогу, затрымліваў, пытаючыся пра розныя рэчы. Сабаленка. Ліс поўз на жываце, выцягнуўшы галаву, нібы мерыўся раптоўна скочыць на свайго праціўніка. Ваданосаў. // Разм. Імкнуцца заняць якое‑н. становішча, пасаду; меціць. — Вось твой Васіль дык маладзец, — І ў далоні пляснула, — Ён, кажуць, мерыцца ў зяці Да старшыні, да Яснага? Ставер. Падмятальнік стаяў у натоўпе ля хлопца, што мерыўся быць за старшыню сходу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звярну́ць, звярну, звернеш, зверне; зак., каго-што і без дап.

1. без дап. Сысці або з’ехаць з дарогі, мяняючы напрамак руху. Валодзя пайшоў налева, Сяргей — прама, а Міша звярнуў направа. Курто. Каб не ісці вуліцай, дзе — яна ведала — яе будуць сустракаць і распытваць, Таццяна звярнула са шляху на сцежку і пайшла гародамі. Шамякін. // Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). А грэбля крывая, Як той паясок, То зверне направа, То зверне набок. Бядуля. // Перайшоўшы якую‑н. мяжу, павярнуць на другую пару сутак (пра нябесныя свяцілы). На чыстым небе сонца даўно звярнула з паўдня. Алешка.

2. каго-што. Накіраваць у які‑н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.). Звярнуць машыну з дарогі. □ Звярнуў [мужык] каня ў лес, прывязаў да дрэва. Якімовіч. / у перан. ужыв. І ніхто цябе не зверне Са шляхоў прасторных. Купала.

3. Разм. Варочаючы, зрушыць з месца або скінуць што‑н. цяжкае. Звярнуць камень з дарогі. Звярнуць воз пяску. // Ударам, штуршком збіць набок, паваліць. Машына звярнула слуп.

4. перан. Перавесці гаворку, думкі і пад. на іншы прадмет, тэму. Сэрца з сэрцам гаварыла Цеплынёю шчырых слоў, Пачалі пра лён гаворку, А звярнулі на любоў. Русак. І ў вагоне ўжо зноў гутарку звярнулі на коласаўскіх Сцёпку і Алёнку. Васілевіч.

5. Разм. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога. Я расказаў Беразняку ўсё па парадку: як Усцім прывёз у млын субар, як яны з Леўкам укралі два мяхі і ўсё звярнулі на бацьку. Сабаленка.

6. Аддаць назад, вярнуць што‑н. узятае. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае «законныя» маёнткі і сядзібы, а сяляне каб звярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Колас.

7. Разм. Схіліць, павярнуць набок, убок. Звярнуць галаву набок. / у безас. ужыв. — Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе.. яндоўку тваю на патыліцу звярнула. Крапіва.

8. Разм. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы. Звярнуць дровы ў кучу.

•••

Звярнуць горы — выканаць вялікую, цяжкую работу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым‑н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму‑н. на каго‑, што‑н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго‑, што‑н., зацікавіцца кім‑, чым‑н., улічыць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)