Тыльё ‘тупы бок касы’ (Чуд.), ‘тыльная частка нажа’ (ТС), тыллё ‘лязо нажа’ (Касп., Мат. Маг.) — адносна апошняга Станкевіч мяркуе, што гэта старана, процілеглая лязу (Стан., 1173), аднак фіксацыя ў розных населеных пунктах пярэчыць гэтаму меркаванню. Да тыл (гл.); змена семантыкі, магчыма, звязана з мясцовай трансфармацыяй зыходнага слова ў дыял. тул, гл. Сюды ж памянш.-ласк. ты́льечко ‘паркан’ (Доўн.-Зап., Пін.), параўн. тыльна сцяна ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (ЛА, 4), магчыма, першапачаткова ад тын, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыллё ‘лязо нажа’ (Касп.). Відаць, памылковы запіс, хутчэй — ‘тупая частка нажа’, параўн. тыльё (гл.), тылле́м — пра баранаванне перавернутай уверх зубамі бараной (пін., Сл. нар. мовы), дзе выступае форма Тв. скл. зборнага назоўніка ад тыл (гл.). Параўн. ід. tilek, tilik ‘заднік абутку’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.), ст.-польск. tylec ‘кароткі меч, стылет’, якое Сяткоўскі (Studia, 181) выводзіць з чэш. týlec ‘тупы бок вострых прылад (нажа, сякеры)’. Гл. тыльё.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тыл ‘ задняя частка, процілеглая пярэдняй; задні бок чаго-небудзь’ (ТСБМ, Яруш.; шчуч., ашм., Сл. ПЗБ), ‘зад, задняя частка (тушы)’ (Нас., Бяльк., Байк. і Некр.), ‘ніжняя частка тулава чалавека, клубы’ (трак., Сл. ПЗБ), ‘знешняя паверхня рукі, процілеглая далоні’, ‘тэрыторыя ззаду лініі фронта’ (ТСБМ), ‘задні двор’ (навагр., Дзмітр.), ‘сцяна ў хаце насупраць варотаў’ (ТС), ст.-бел. тылъ ‘задняя частка, старана чаго-небудзь, процілеглая пярэдняй; тэрыторыя ззаду вайсковага падраздзялення, асобы’ (ГСБМ): подали тылъ ‘набеглі, адступілі’ (XVII ст., Карскі 2-3, 393). Параўн. укр. тил(ь), тило́ ‘хрыбетнік, спіна’, ‘задняя частка чаго-небудзь’, ‘тыльная частка нажа, нажніц’, ‘заднік абутку’; рус. тыл ‘зад, задняя частка чаго-небудзь’, ‘спіна’, ‘адварот, спод, левы бок’; стараж.-рус. тылъ ‘задняя часткі шыі, патыліца’, польск. tył ‘бок, процілеглы пераду, фронту’, ‘цела чалавека ззаду ніжэй спіны’, ‘частка цела жывёлы, якая знаходзіцца найдалей ад галавы’; палаб. tål ‘патыліца’; н.-луж. tył, tyło ‘карак’, в.-луж. tył ‘тс’, ‘тупы край нажа’; чэш. týl ‘карак’, ‘прастора за фронтам’, славац. tylo ‘карак, патыліца’, ‘абух’, ‘прастора за фронтам’, славен. tȋl ‘задняя частка шыі’, tȋlnik, zatȋlnik ‘карак’, харв. zàtiljak, pòtiljak, серб. за̀тиљак, по̀тиљак ‘карак’, дыял. тил ‘патыліца’, балг. тил ‘карак, патыліца’, макед. тил ‘задняя частка, карак’, ‘прастора за фронтам’, ‘абух’, дыял. тило ‘карак’: фана га за тило. Прасл. *tylъ, *tylo ‘задняя частка галавы і шыі’ (Борысь, 658; Бязлай, 4, 180) роднаснае літ. tū́las ‘іншы, шмат які’, tūlė̃ ‘(вялікае) мноства’, ст.-прус. tūlan ‘шмат’, вал. twl ‘круглае ўзвышэнне’, нова-в.-ням. бавар. Dollfuß ‘распухлая нага’, цірольск. doll ‘тоўсты’, ст.-грэч. τύλη ‘мазолістая спіна’, ‘падушка’, τύλος ‘мазоль’, ‘гуз’, алб. tul ‘мякіш (хлеба)’, ‘лытка, сцягно’, магчыма, таксама ст.-інд. tū́la‑ ‘пук валасоў’, утвораныя пры дапамозе суф. *‑l‑ ад і.-е. *teu̯ə‑/*tēu‑/*tu‑ ‘ацякаць, распухаць, павялічвацца’ > прасл. *tyti ‘таўсцець, пабухаць’, ‘густа расці’. Паводле Мартынава (Становление, 11), лексікалізаваны дзеепрыметнік на *lъ ад *tyti (як прасл. *ǫz‑l‑ъ ‘вузел’), параўн. харв. лак. til ‘тлусты’ — па паходжанні дзеепрыметнік ад titi ‘таўсцець’ (Борысь, Czak. stud., 110), гл. тыць. Куркіна (Этимология–1982, 23) падае яшчэ адзін апафанічны варыянт асновы *teu̯ə‑*tu̯el‑, параўн. каш.-славін. tvėla ‘тоўстая галіна, доўгі парастак’, аднак Борысь (SEK, 4, 184) выводзіць яго з н.-ням. Twehl ‘галіна’, Twäl ‘развіліна’, с.-ням. twele ‘тс’. Гл. яшчэ Фасмер, 4, 131; Чарных, 2, 275; Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Голуб-Копечны, 399; Сной, 764; ЕСУМ, 5, 567; Арол, 4, 125; ESJSt, 17, 1002. Гл. таксама тул. Сюды ж вытворныя ты́лак ‘ягадзіцы’ (Адм., Сержп. Прык.; лях., Сл. ПЗБ), ‘заднік абутку’ (гродз., Сл. ПЗБ), тыло́к ‘задніца, зад’ (Баршч.), тыльё ‘тыльная (тупая) частка нажа, касы’ (Чуд., ТС), тыло́к ‘зад (у асы)’ (ТС); тылавы́, ты́льны ‘задні’ (Нас., Байк. і Некр.), ‘знешні, які знаходзіцца зверху’ (гродз., Сл. ПЗБ), апошняе, як і тыл, няма падстаў выводзіць з польск. tył, tylny (гл. Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 154); тылы́ ‘сукупнасць часцей, падраздзяленняў і ўстаноў, створаных для забеспячэння войск’ (ТСБМ, з рус. тылы́ ‘тс’), ты́льна сцяна, тылавая ‘глухая сцяна з цэлых бярвёнаў, прасла’ (баран., слуц., ЛА, 4), тылава́ць ‘адцягваць каня задам назад’, ‘адыходзіць задам’ (Шат.), з тылу ‘ззаду’ (Бяльк.; вільн., трак., Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)