ту́рман, -а, мн. -ы, -аў, м.
Голуб асобай пароды, які мае здольнасць куляцца пры палёце.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ту́рман м., зоол. ту́рман
Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ту́рман зоол. ту́рман, -на м.;
◊
полете́ть ту́рманом паляце́ць ту́рманам.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
ту́рман, ‑а, м.
Голуб асобай пароды, які мае здольнасць куляцца пры палёце. Турманы кружыліся над хатай. Аўрамчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Ту́рман 1 ‘голуб асобай пароды, які куляецца пры палёце’ (ТСБМ). Укр. ту́рман ‘тс’, рус. ту́рман ‘тс’. Цёмнае слова. Як здаецца, пэўныя падставы мае думка Фасмера (4, 124) пра гукапераймальнае паходжанне слова, параўн. рус. пск. дать ту́рмана ‘ўпасці, паляцець уніз галавой, перакуліцца’ (1858 г., СРНГ) пры тури́ть ‘кідаць з вышыні’ (гл. турнуць). Аднак большасць даследчыкаў схіляецца да ўтварэння на базе французскага дзеепрыметніка tournant ‘які абарачаецца, круціцца’ (паводле Гараева, 380: франц. tourner ‘вярцець’), гл. ЕСУМ, 5, 683; Арол, 4, 119. Ідэя перакульвання пры найменні гэтага голуба пераважае, параўн. англійскую назву бірмінгемскіх ролераў roller ад roll ‘вярцецца, катацца’, roll over ‘перакульвацца’. Паводле Сетарава (Тюрк. лекс. элем., 39), назва птушкі — цюркізм.
Ту́рман 2 (ту́рмын) ‘дурань, неразвіты чалавек’ (Юрч. Фраз.), ‘дурыла, тупіца’ (мсцісл., З нар. сл.). Няясна. Параўн. польск. дыял. turman ‘дрэнь, нягоднік, марнатраўца’, turmanić ‘марнатравіць, нішчыць’, якія, відаць, ад turma ‘группа, натоўп, вайскоўцы’ (< лац. turma ‘найменшы атрад конніцы ў Старажытным Рыме’), гл. Варш. сл., 7, 171; Брукнер, 585. Аднак па лінгвагеаграфічных прычынах запазычанне менш верагоднае, чым мясцовы наватвор. Параўн. ду́рман ‘дурань’ (ТС), дурмана́й ‘тс’ (Сл. ПЗБ) як магчымыя зыходныя “звонкія” варыянты слова, утвораныя пры дапамозе суф. ‑ман; звязана з дурны́ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вярту́н ’жвавае дзіця’ (Жд., 3); ’непаседа, дураслівец’ (БРС, Шат.); ’вяртлявы чалавек’ (Бяльк.); ’від жука з сямейства Gyrinidae’ (БРС, КТС); ’турман’ (БРС); ’від хваробы хваіны’ (БелСЭ); ’вір’ (КТС). Укр. вертун ’вяртлявы чалавек, непаседа’; ’страказа’; ’турман’, вертуне́ць ’кажан’, рус. вертун ’непаседа’; ’кулік’; ’ручны свердзел’, свярдл. ’круглае палена’, кастр. ’мянёк’, урал. ’матыліца’, пск. ’ненадзейны, ветраны чалавек’, вертунок ’турман’. Усходнеславянскае ўтварэнне ад асновы вьрт‑ (vьrt‑) і суф. ‑ун (< unъ). Да вярце́ць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Турма́чыць ‘задурваць’ (Юрч. СНС). Не зусім ясна. Бліжэйшую крыніцу паходжання дзеяслова можна бачыць у рус. курск. турма́к — пра бесталковага чалавека (фіксацыя 1852 г., СРНГ), далейшыя сувязі не вызначаны. Параўн. турман 2.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)