Тро́ха, ст.-бел. троха ‘крыха, невялікая колькасць’: таꙗ троха крови (ГСБМ), фіксуецца ў спалучэнні з назоўнікамі ў розных склонах з 1543 г.: тую троху земице; з тоей трохи муки, з трохою хлеба, на тросѣ соломы, а таксама з дзеясловамі, прыметнікамі і прыслоўямі, на базе якіх сфарміравалася ўжыванне ў функцыі прыслоўя (Жураўскі, БЛ, 1, 63), у тым ліку ў форме, ідэнтычнай назоўніку тро́ха ‘нямнога’ (Касп., ТС, Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Шат.; ашм., Стан.), гл. таксама траха, трохі, троху. Параўн. рус. дыял. тро́ха ‘невялікая колькасць’, польск. trocha ‘тс’, чэш. trocha ‘тс’, славац. trocha ‘тс’, старое в.-луж. trocha ‘драбніца, маласць’, н.-луж. tšocha ‘тс’, славен. troha ‘крыха, невялікая колькасць’, серб. тро̏ха ‘крошка (хлеба)’, харв. trȍha ‘тс’, балг. троха́ ‘тс’, макед. троа ‘мала, крышку’, трошка ‘крошка’, ст.-слав. троха ‘крыха, невялікая колькасць’. Прасл.*troxa (варыянт *trъxъ, параўн. ст.-рус. тръхът ‘крыха, дробная манета’) выводзяць ад прасл. *trěskati ‘трашчаць, трэскаць’, параўн. літ. trekšė́ti ‘трашчаць, хрустець’, гоц. priskan, ст.-в.-ням. drescan ‘малаціць’, што чаргуецца з прасл. *trexati ‘калаціць, трэсці’ (гл. тро́хаць) адпаведна прасл. *‑sk‑: *‑x‑, параўн. труско́м і тру́хам ‘рыссю’, гл. Сной₂, 786; Борысь, 642 (звязвае з *troska ‘тое, што з’яўляецца вынікам растрэсквання; асколак’; параўн. Брукнер, 576). Меркаванні пра сувязь з *terti (гл. церці), а таксама сумненні наконт гэтага гл. у Фасмер, 4, 107; Шустар-Шэўц, 1531; ЕСУМ, 5, 653.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Патрахі́, па́трахі, по́трахі, по́трохі, по́трох ’вантробы’ (маладз., глус., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; ТС; Чач.), па́трашыць ’выварочваць вантробы’ (Касп., Нас.; КЭС, лаг.), патрашы́ць ’вымаць вантробы’ (ТСБМ, Шат.), даўг. патрушы́ць ’патрашыць (курыцу)’ (Сл. ПЗБ), віц. патыршы́ць ’раздзяляць тушу на часткі’ (Шн. 2). Укр. по́трух, потрушо́к, потрухи́, потрушити, патроха́ти, рус. по́трох, потроши́ть, польск. patrochy ’тс’. Да троха, трошкі, трохі (гл.). Аналагічна польск. podróbki, podróbce ’патрахі’ > drobny ’дробны’, ням. Gänseklein ’гусіныя патрахі’ < …klein ’малы’ (Брукнер, 576; ён жа, KZ, 43, 304; Праабражэнскі, 2, 117; Фасмер, 3, 346). Сюды ж кам. потроша́нка ’вантрабянка’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тро́хі ‘няшмат, крыху’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Шымк. Собр., Нік. Очерки, Варл., Бяльк., Шат., Мат. Маг., Жд. 1, Мал., Гарэц., Шпіл., Яруш., Сл. ПЗБ), тро́хі, тро́ху ‘тс’ (Нас., Байк. і Некр., ТС, Растарг.), ‘крыху’ (ТСБМ, Юрч., Бяльк., Сл. ПЗБ), тро́хо ‘тс’ (ганц., Ск. нар. мовы), у тым ліку ў памяншальнай форме тро́ханько ‘крышку’ (Сцяшк. Сл.), трошкі, трошку, тро́шка, тро́шко, тро́шкы, тро́шачкі, тро́шочкі, тро́шечкі, тро́шычкі, тро́шачку, тро́шычку, тро́шычке, тро́шечка, тро́шычкы ‘тс’ (ЛА, 5), ст.-бел. трохе, трохи, трохо, трошка, трошку ‘тс’ (ГСБМ). Паводле Карскага (2–3, 74), названыя прыслоўі ўзыходзяць да формаў Н. або В. скл. назоўніка троха (гл.) у адз. і мн. ліку (Карскі 2-3, 419). Параўн. ранейшыя меркаванні пра польскае паходжанне прыслоўя трохі (Карскі Белорусы, 147), а таксама залічэнне да паланізмаў смал. трошку, троху і трохі (Бяднарчук, Językowy obraz WKL, 240) пры агульнаславянскім пашырэнні зыходнага слова не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)