Таўпі́ць ’звальваць у адно месца; запіхваць у натоўп’ (Нас.), то́ўпіць ’змяшчаць, месціць’ (Ласт.), таўпі́цца ’змяшчацца; пхацца ў натоўп’ (Нас.), ’ствараць натоўп’, то́ўпіцца ’змяшчацца, збірацца; ісці клубамі (пра дым)’ (Сл. ПЗБ), ’нацягваць (пра хмары)’ (Пятк. 2), тоўпі́цца ’змяшчацца; гуртавацца’ (ТС), товпі́тісе ’збірацца’ (Вруб.). Параўн. укр. дыял. то́впити ’націскаць, натоптваць, напіхваць’, товпи́тися ’ўціскацца, упіхвацца’, рус. толпи́ться ’ствараць натоўп’, польск. дыял. tłopić, tłupić ’тс’, балг. тълпя́ се ’збірацца ў натоўп, глуміцца’. Прасл. *tъlpiti (sę)/*tьlpiti (sę), роднаснае літ. tilpti ’даваць месца, змяшчаць’, лат. tìlpt ’змяшчацца’, ірл. tallaim ’знаходжу месца’. Меркаванне пра запазычанне то́ўпіцца (параўн. і стоўпіцца ’змясціцца’, утоўпіцца ’тс’) з літ. talpìnti(s) ’змяшчацца’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73) без дадатковых аргументаў цяжка прыняць; параўн. талопіцца, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Таўпе́ня, тоўпе́ня ’тоўчаная бульба, камы’ (ТС). Ад таўпіць (гл.), аналагічна да таўкеня, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўпе́сіцца ’тоўпіцца’ (Стан.), сюды ж таўпясня́, таўпяшэ́нне ’штурханне ў вялікай цеснаце’ (Юрч. Вытв.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіцца ’тс’, гл. таўпіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўмо́рыць ’мясіць; запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўмо́рыцца ’тоўпіцца, вазіцца, кешкацца’ (Юрч. Фраз. 1). Дзеяслоў, утвораны ад незахаванага *tъlmiti (гл. папярэднія словы) з экспрэсіўным суф. ‑ori‑, аналагічным да ‑oli‑ (чаргаванне гэтых суфіксаў характэрна для гукапераймальных і экспрэсіўных дзеясловаў, параўн. Борысь, Leksyka słów., 30). Параўн. таўпіць, таўпорыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўпо́рыць ’мясіць, запіхваць’ (Юрч. Вытв.), таўпо́рыцца ’мітусіцца, вазіцца з чым-небудзь’ (Нас., Стан.); сюды ж таўпо́ра ’неакуратная, неахайная асоба’ (Юрч. Вытв.), таўпо́ранне ’важданне з чым-небудзь, мітусня’ (Нас.), ’штурханне ў цеснаце’ (Юрч. Вытв.), таўпа́рня ’валтузня, цісканіна, таўкатня, катавасія’ (Ласт.). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад таўпіць (гл.), аналагічнае да таўморыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таўпе́ка ’непаваротлівая, няўдалая жанчына’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. товпі́га, товпи́га ’тоўсты, нязграбны чалавек’, рус. толпы́га, толпе́га ’хто пхаецца ў натоўпе; непаваротлівая, нязграбная асоба’. Хутчэй за ўсё, аддзеяслоўны назоўнік ад таўпіць, таўпехацца, гл. Украінскае слова звязваюць з товба (гл. тоўба, ЕСУМ, 5, 589), рускае — з толпа (гл. таўпа, Фасмер, 4, 74).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

То́ўпіць ’змяшчаць, напаўняць’ (Ласт., Гарэц.), то́ўпіцца ’збірацца групай’ (ТСБМ), ’стаяць гурбой’ (бялын., Янк. Мат.; рагач., Сл. ПЗБ), ’змяшчацца’ (Нас., Жд. 1; віл., Сл. ПЗБ), ’ісці клубамі (пра дым)’ (шальч., Сл. ПЗБ), сюды ж сто́ўпіць ’змясціць’, уто́ўпіцца ’змясціцца’ (Гарэц.), стоўпіцца (віл., LKK, 16, 190), нато́ўпіцца ’набіцца шмат людзей у памяшканне’ (Нас.). Гл. таўпіць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)