сірэ́н

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. сірэ́н сірэ́ны
Р. сірэ́на сірэ́наў
Д. сірэ́ну сірэ́нам
В. сірэ́на сірэ́наў
Т. сірэ́нам сірэ́намі
М. сірэ́не сірэ́нах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

сірэ́на

‘міфалагічная істота’

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. сірэ́на сірэ́ны
Р. сірэ́ны сірэ́н
Д. сірэ́не сірэ́нам
В. сірэ́ну сірэ́н
Т. сірэ́най
сірэ́наю
сірэ́намі
М. сірэ́не сірэ́нах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

сірэ́на

‘апарат, прыстасаванне’

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. сірэ́на сірэ́ны
Р. сірэ́ны сірэ́н
Д. сірэ́не сірэ́нам
В. сірэ́ну сірэ́ны
Т. сірэ́най
сірэ́наю
сірэ́намі
М. сірэ́не сірэ́нах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

каро́ва, -ы, мн. -ы, -ро́ў, ж.

Буйная свойская жывёліна, якая дае малако; самка быка, а таксама некаторых парод буйной рагатай жывёліны (лася, аленя, зубра).

Марская карова — вымерлае воднае млекакормячае атрада сірэн.

Дойная карова — пра крыніцу матэрыяльных даброт, якой звычайна карыстаюцца несумленныя людзі ў асабістых мэтах.

Як карова языком злізала каго-што (разм., жарт.) — хутка і бясследна знік, як і не было.

|| памянш. каро́ўка, -і, ДМо́ўцы, мн. -і, -ро́вак, ж.

|| прым. каро́він, -а.

К. рык.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

каро́ва, ‑ы, ж.

1. Буйная свойская жывёліна, якая дае малако; самка быка. Малочная карова. Дойная карова. □ Прама перада мною каля маладой сасны.. скубла траву чорная карова з белымі плямамі. В. Вольскі. Выгадавалася з лысенькай цялушачкі слаўная карова. Якімовіч. // Самка некаторых народ буйной рагатай жывёлы (лася, аленя, зубра). Найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі.

2. Разм. зневаж. Пра тоўстага, нязграбнага чалавека (звычайна пра жанчыну). — А ну, варушыся, карова! Лынькоў.

•••

Марская карова — вымерлае воднае млекакормячае атрада сірэн.

Дойная карова — пра крыніцу матэрыяльных даброт, якой можна несумленна карыстацца ў асабістых мэтах.

Як карова языком злізала каго-што — хутка і бясследна знік, як і не было.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сірэ́на, ‑ы, ж.

1. У грэчаскай міфалогіі — марская істота, якую ўяўлялі ў выглядзе жанчыны з хвастом рыбы або птушкі з жаночай галавой і якая сваімі спевамі заваблівала маракоў у гібельныя месцы.

2. Сірэ́ны, ‑рэ́н. Атрад буйных водных млекакормячых з ластамі і хваставым плаўніком, што жывуць у цёплых морах і рэках.

3. Прылада для атрыманая гукаў рознай вышыні і вымярэння гукавых ваганняў.

4. Апарат, прыстасаванне для падачы моцных, рэзкіх гукавых сігналаў; гукі, якія падаюцца такімі прыстасаваннямі. Раптам завыла сірэна, абвясціўшы паветраную трывогу. Няхай. Рыгор прачнуўся і прыслухаўся: у пакой урывалася зычнае гудзенне фабрычных сірэн. Гартны. За бакенамі ўзнік абрыс, Пачуўся гук сірэны стрэчнай. Лужанін. Горад бурліў і кіпеў пасля начнога спачынку, і, здавалася, у адно зліваліся і шоргат крокаў пешаходаў, і лёскат трамваяў, і сірэны аўтамашын. Хадкевіч.

[Ад лац. siren.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суправаджа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. каго-што. Ісці, ехаць разам з кім‑н. у якасці спадарожніка, правадніка. Не было ні адной лекцыі, або рэферата, каб .. [жонка] не суправаджала .. [Луцкевіча] туды. Машара. Макс і надумаўся скарыстаць .. [веласіпед] для Васілька, каб той мог суправаджаць яго і ў паездках. Маўр. Сцяпанаў быў здаволены, што астаўся адзін, што не трэба суправаджаць новага чалавека, паказвацца ў штабе. Алешка. // Ісці, ехаць разам з кім‑, чым‑н., канваіруючы або ахоўваючы каго‑, што‑н. — А гэтыя хлопцы, — паказаў .. [сувязны] на групу аўтаматчыкаў, — будуць вас суправаджаць да наступнага лесу... Няхай. Ззаду заліваліся брэхам нямецкія аўчаркі, якія суправаджалі канвой. Лынькоў. // перан. Быць разам у час чыйго‑н. шляху; спадарожнічаць каму‑, чаму‑н. Ад гэтай .. [пераклічкі], што заўсёды суправаджае пачатак жніва, было ў полі неяк прыемна, весела і ў гэты вячэрні час, калі праца скончылася. Хадкевіч. Шум, мітусня, галашэнне сірэн, няспынны рух людзей і машын цябе прыгнятаюць і суправаджаюць да той хвіліны, пакуль ты не ўвойдзеш у памяшканне. Кавалёў.

2. што. Адбывацца, быць у наяўнасці адначасова з чым‑н. Музыка суправаджае спевы. □ У большасці выпадкаў працэс сцяжэння суправаджаюць і іншыя фанетычныя працэсы: працэсы асіміляцыі, а часамі і выпадзення. Юргелевіч.

3. што чым. Прыкладаць да чаго‑н., дапаўняць чым‑н. Суправаджаць тэкст заўвагамі.

4. што. У музыцы — акампаніраваць каму‑, чаму‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)