буя́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.

Скандаліць, бушаваць; сваволіць. Вечарам п’яны Сідор зноў буяніў у хаце, зноў прыйшлося Алене плакаць, а Насця ціхенька сядзела на печы і баялася абазвацца. Чорны. Вецер у клёнах буяніў са свістам, Падала лісце на каляіны. Тарас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сі́дар ‘мяшок’, ‘абед, які бяруць з сабой’ (Мат. Гом.), ‘заплечны мяшок або наогул усё тое, што вязеш з сабой’ (Ян.), ‘вялікая сумка, з якой арыштант вандруе па этапах’ (Наша Ніва, 1996, 2 верас.), сідор ‘клунак з ядою’ (Куч.). Паводле Барташэвіча (Rozprawy Slawistyczne, 1993, 7, 63 і наст.), рус. си́дор ‘мяшок’ ад уласнага імя Сидор < Исидор, параўн. больш матываванае ўкр. аргат. мі́хась, міха́лок ‘мех, мяшок’. Збліжэнне з уласным імем другаснае; з ідыш seder ‘святочная ежа, якую ў першыя дзве ночы Пасхі (пэйсаха) бяруць з сабой’, што з с.-гебр. seder ‘парадак’, параўн. Штэрн, Wörterbuch, 206. Рускае слова, хутчэй за ўсё, з беларускага сідар ці ўкраінскага сідор.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прыня́цца, прымуся, прымешся, прымецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Укараніцца, прыжыцца. Расада прынялася. Прышчэпак прыняўся. □ Зазелянелі, заслалі дол маладыя пахучыя сасонкі, — прыняліся на добрай зямлі. Пташнікаў. // Прышчапіцца (пра вакцыну). Воспа прынялася.

2. за што і з інф. Пачаць што‑н. рабіць; узяцца за што‑н. Нам, будучым курсантам, дачасна назначылі выпускныя экзамены за вучылішча, і мы спешна прыняліся за падрыхтоўку да іх. Марціновіч. Сідор усеўся за стол і прыняўся вячэраць. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́цягнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Прыклаўшы сілу, выняць што‑н. умацаванае, завязлае; вырваць. Выцягнуць кій з плоту. Выцягнуць воз з гразі. □ Гаспадар выцягнуў плуг з зямлі і пусціў плытчэй. Чорны. Андрэй крэпка абняў слупок, упёрся нагамі ў зямлю і зрушыў яго. Падбеглі сяляне, выцягнулі яго і павалілі. Колас. // Выдаліць, выняць. Выцягнуць нітку з іголкі. Выцягнуць асколак з раны.

2. Разм. Дастаць, выняць што‑н. знутры. Выцягнуць папяросы з кішэні. □ Гаспадыня тым часам выцягнула з-пад прыпека самавар і, перакуліўшы дном угару, стала вытрасаць з яго старое вуголле. Дуброўскі. // Высунуць што‑н. устаўленае. Выцягнуць шуфляду са, стала, // Выцягваючы, здабыць што‑н. Выцягнуць поўны невад рыбы.

3. Перамясціць, цягнучы па паверхні. Выцягнуць човен на бераг. Выцягнуць сані з-пад павеці.

4. Выдаліць што‑н. вадкае, газападобнае з дапамогай якіх‑н. прыстасаванняў. // Разм. Выпіць. [Тодар:] — Я магу, браце Сідор, гарнец выцягнуць і хоць бы што. Чорны.

5. Нацягнуўшы, павялічыць у даўжыню. Выцягнуць дрот. // Выставіць уперад, працягнуць. Выцягнуць лыч, морду, шыю.

6. Выпрастаць, распасцерці. Выцягнуць рукі. □ Адкінуўшыся на спінку крэсла, маёр Раманенка з асалодай выцягнуў ногі і заплюшчыў вочы. Шамякін.

7. перан. Разм. Дапамагчы выйсці з цяжкага становішча; выбавіць. Выцягнуць з бяды.

8. перан. Дабіцца, дасягнуць чаго‑н. з вялікімі цяжкасцямі. Выцягнуць слова праўды.

9. Разм. Прымусіць, пераканаць каго‑н. выйсці адкуль‑н., пайсці куды‑н. Выцягнуць з дому. □ — Дзякую, хлопцы, што выцягнулі, а то занудзіўся быў, — прызнаўся.. [Алесь], калі гульня скончылася. Шыцік.

10. Разм. Асіліць, вытрымаць; адужаць. Выцягнуць дзве нормы. Выцягнуць экзамен на чацвёрку.

11. перан. Разм. Прымусіць каго‑н. патраціцца. Выцягнуць з пакупнікоў апошнія грошы.

12. Разм. Потайкам забраць чужое; украсці.

•••

Выцягнуць (усе) жылы — замучыць якімі‑н. непрыемнасцямі.

Выцягнуць з гразі — дапамагчы пазбавіцца беднасці, галечы.

Ногі выцягнуць — тое, што і ногі працягнуць (гл. працягнуць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)