Сёртаць ‘бадзяцца, мазоліць вочы’ (полац., Нар. лекс.), ‘мітусіцца, снаваць’ (дзісн., Яшк. Мясц.), ‘прыглядацца, шукаць’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Паводле Варбат (Этимология–1975, 32 і наст.), да прасл. *sьrtati, якое ўзнаўляецца на аснове рус. зах. сёртать ‘хадзіць без справы, бадзяцца’, алан. се́ртать ‘чакаць’, цвяр. серта́ть ‘пераступаць з нагі на нагу’, польск. дыял. siertać się ‘мітусіцца, кідацца’, серб.-харв. sȑtati ‘ісці, хадзіць, як сляпы, бадзяцца’, балг. дыял. сръ́та ‘углядацца’, макед. сртам ‘углядацца; чакаць’, якія далей да і.-е. кораня *ser‑ ‘цячы’ з ‑t‑ пашыральнікам. Па-за славянскімі мовамі адпаведнікі ў ст.-інд. sísarti, sárati ‘цячы, спяшацца, імкнуцца’, с.-ірл. sirid ‘бадзяцца, нападаць, рабаваць’, літ. apsìrti ‘акружваць’, лат. sirt ‘бадзяцца, нападаць, рабаваць’ і інш.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сярто́ліцца ’быць у неспакоі, неспакойна пачувацца, сядзець’ (лаг., Гіл.), ’выконваць доўгую і цяжкую работу’ (ушац., Нар. лекс.). Словаўтваральны варыянт да сёртаць (гл.): *sьrtati > *sьrt‑olʼa > sьrt‑ol‑iti (sę), што да прасл. *sьrt‑ < і.-е. *ser‑ ’цячы, рухацца’ (Варбат, Этимология–1975, 32–34). Параўноўваюць з балг. дыял. ср̥тим ’цяжка, з намаганнем працаваць’ (Пятлёва, Этимология–1985, 18). Сюды ж, магчыма, і ўкр. се́ртувати ’цягаць сюды і туды’, якое выводзіцца з польск. certować ’цырымоніцца, браць удзел у барацьбе, змагацца’ < лац. certo ’змагаюся’ (ЕСУМ, 5, 222), што не выключае кантамінацыі згаданых дзеясловаў. Адносна экспрэсіўнага суф. ‑oli‑ гл. Борысь, Etymologie, 697.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)