Су́рла, сурло́ ’мурло, морда, тоўсты твар’ (Юрч., Юрч. Сін.). Параўн. рус. дыял. су́рла ’твар’, серб. су̑рла ’хобат; рыла (свінні)’ (Вук), харв. sȗrla ’дудка, жалейка пастуха’, макед. сурла ’хобат’, ’музычны інструмент’. Апошнія словы выводзяць з тур. zurna ’музычны інструмент’ (Скок, 3, 665) або з перс. surnā ’тс’; у беларускую мову, магчыма, праз укр. сурна́ ’музычны інструмент’, рус. раз. сурна́, пенз. сурно́ ’морда’, якія да рус. сурна́ ’музычны інструмент’ (Фасмер, 3, 807), гл. сурма2. Горбач (Арго, 22) выводзіць укр. аргат. су́рло ’морда’ з рум. súrlă ’свіння; рыла’. Не выключана збліжэнне з народнымі экспрэсіўнымі ўтварэннямі тыпу балг. дыял. су́рльо ’неахайны, апушчаны чалавек’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурма́1 ’хімічны элемент’, ’чорная фарба для валасоў, броваў і пад.’, сурмі́ць ’фарбаваць сурмой’ (ТСБМ). Праз рус. сурьма ’тс’ з цюркскіх моў, параўн. тур., крым.-тат. sürmä ’сурма’ ад sür ’фарбавальнік’, тат. sørmä ’сурма’; гл. Фасмер, 3, 809 (з літ-рай). У народнай мове не распаўсюджана, параўн. іншыя назвы: антымон ’сурма’ (Некр. і Байк.), антымонія ’тс’ (Ласт.), параўн. таксама анцімонія, гл.

Сурма́2 ’старажытны народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы’ (ТСБМ), су́рма ’духавая труба’ (ЭШ), ’морда’ (Сл. рэг. лекс.), сурма́ч ’сігналіст, які падае сігнал сурмою, грае на сурме, трубач’ (ТСБМ), ст.-бел. сурма ’духавы музычны інструмент’ (Ст.-бел. лексікон), сурмач ’трубач’ (там жа). Укр. сурма́, рус. сурна́ ’тс’, славац. surma, surmita ’труба пастухоў авец’. Бел. сурма запазычана ў сярэдзіне XVII ст. са ст.-польск. surma (XVI ст.), якое праз тур. surna з пярс. sūmāj ’святочная флейта’ (Булыка, Лекс. запазыч., 167). Гл. таксама ЕСУМ, 5, 480; Брукнер, 526; SWO, 714.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)