стагна́ць, стагну́, сто́гнеш, сто́гне; стагні́; незак.

1. Абзывацца стогнам.

Хлопчык ціха стагнаў ад болю.

2. перан. Скардзіцца, наракаць; пакутаваць.

Такі ўжо чалавек: стогне і стогне, як быццам толькі яму цяжка жыць.

3. перан. Утвараць працяглыя гукі, падобныя да стогну; аддавацца працяглым гулам на ўдары, гусці пад цяжарам чаго-н.

Стогнуць у траве кулікі.

Пад цяжарам вагонаў стогнуць рэйкі.

Стогне лес ад буры.

|| наз. стагна́нне, -я, н.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стагна́ць

дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. стагну́ сто́гнем
2-я ас. сто́гнеш сто́гнеце
3-я ас. сто́гне сто́гнуць
Прошлы час
м. стагна́ў стагна́лі
ж. стагна́ла
н. стагна́ла
Загадны лад
2-я ас. стагні́ стагні́це
Дзеепрыслоўе
цяп. час сто́гнучы

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

стагна́ць несов.

1. в разн. знач. стона́ть;

хло́пчык ці́ха ~на́ў — ма́льчик ти́хо стона́л;

2. перен. пла́каться, жа́ловаться, хны́кать

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

стагна́ць, стагну, стогнеш, стогне; незак.

1. Абзывацца стогнам (у 1 знач.). Пятро стагнаў — [Саша] пяшчотна гладзіла яго рукі, шчокі, быццам хацела гэтак суцішыць боль. Шамякін. Палкоўнік доўгія хвіліны маўчаў, стагнаў і адпачываў ад сваёй нядаўняй гаворкі. Чорны. Ці то зламала, ці то вывіхнула нагу ў калене — не разабраць, але стогне і енчыць [бабка] так, што сэрца разрываецца... Васілевіч. // Утвараць працяглыя, нудныя крыкі або гукі, падобныя да стогну (пра птушак, жывёл). У травах стогнуць кулікі. Рудкоўскі. Недзе ў далёкай сажалцы стагналі жабы. Корбан. / у перан. ужыв. А тут і бура такая паднялася, што лес крышыўся і стагнаў. Колас. Не ціхне бура. Стогне лес... На ўсе лады віхура свішча!.. Чарот.

2. перан. Гаварыць роспачна, скардзіцца, наракаць. Максім пазіраў на парваны кажушок і ціха стагнаў: — Ай-яй-яй, браток, што гаспадар скажа. Асіпенка. [Рачкоўскі:] — Дрэнны той майстар, што, зрабіўшы якую няўдалую шкодную рэч — ці ў памылцы, ці праз недасканалае ўмельства сваё, — будзе клапаціцца над ёй, будзе ахаць,.. енчыць, стагнаць... Зарэцкі.

3. перан. Пакутаваць пад прыгнётам каго‑, чаго‑н. Хай бацькі стагналі ўчора, Йшлі на той свет без пары; Сёння ў нашай моцы гора, Мы жыцця гаспадары! Купала. Палалі гарады і вёскі, усё было ў агні, здавалася, чалавеку не было ніякага ратунку. Плакала, стагнала беларуская зямля. Гурскі. // Аддавацца працяглым гулам на ўдары, гусці пад цяжарам чаго‑н. Зернавы адчуў, як у твар яму дыхнула гарачай парай, кропелькамі вады. Адчуў, як дрыжыць зямля пад цяжарам вагонаў, як стогнуць рэйкі. Нядзведскі. Суткі стагнала зямля ад гармат. Баранавых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Стагна́ць ‘енчыць, скардзіцца, наракаць’ (ТСБМ, Нас., Касп., Гарэц., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Шат., Сл. ПЗБ), сто́гнуць ‘тс’ (Нас.), стогна́ць ‘тс’ (ТС), стогне́ць ‘ледзь дыхаць, існаваць’, ‘гудзець’ (там жа), стогн ‘жаласны енк, выкліканы болем або вялікім горам’, ‘скарга, нараканне’, стагната́ ‘стагнанне’ (Нас.), стогно́та ‘тс’ (Гарэц.), стогно́та ‘хвароба’ (ТС), ст.-бел. стогнание (Скарына). Укр. стогна́ти, рус. паўд. сто́гнутьстагнаць; крычаць непрыемным голасам’, ст.-рус. стогнание ‘стогн’, старое в.-луж. stohnam ‘стагну’. Карскі (1, 372) лічыў старой формай на фоне выпадзення ‑г‑ у рускай і царкоўнаславянскай (у апошняй не заўсёды). Фасмер (3, 763) звязвае з рус. стон, стона́ть, стена́ть; Цвяткоў (Запіскі, 2, 1, 81) меркаваў пра ўплыў дзеясловаў тыпу цягну́ць (гл.); Махэк₂ (579) усх.-слав. ‑г‑ лічыць экспрэсіўнай устаўкай і ўзводзіць таксама да прасл. дыял. *stonъ, *stonati, параўн. рус. стона́ть, ст.-рус. стонати, чэш. stonati, ston, славац. stonať, ston, балг. стон, в.-луж. stonać, якое параўноўваюць з грэч. στόνος ‘стагнанне’, ст.-інд. *stanas у abhistanás ‘гул’, ірл. son ‘гук’, а таксама без s‑: лац. tonō ‘грымець (пра гром)’, ст.-інд. tányati ‘шуміць, гучыць, грыміць’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1360; ЕСУМ, 5, 423. Адносна прасл. *stenati ‘гудзець, грымець’ гл. Глухак, 583. Параўн. стогнуць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стагнаць, крахтаць, крактаць; войкаць, вохкаць, вохаць (разм.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

раз’е́нчыцца, -чуся, -чышся, -чыцца; зак. (разм.).

Пачаць моцна енчыць, стагнаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

застагна́ць, -тагну́, -то́гнеш, -то́гне; -тагні́; зак.

Пачаць стагнаць.

З. ад болю.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кво́ліцца, -люся, -лішся, -ліцца; незак. (разм.).

Адчуваць сябе нездаровым, слабым; стагнаць.

К. на ногі.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

стена́ть несов., книжн. стагна́ць, е́нчыць.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)