падры́гваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Дрыжаць злёгку, час ад часу. Рукі, трымаючы ў прыгаршчах запалку, падрыгвалі. Пестрак. Нага ў Сотнікава нервова падрыгвала, мабыць, было балюча. Быкаў. // Злёгку трэсціся, падскакваць. Машына лёгка падрыгвае на свежанамошчаным бруку. Лужанін. Воз падрыгваў на бярвеннях і на галлі, што трашчала пад коламі. Мележ.

2. чым. Дрыгаць злёгку, час ад часу. Заклаўшы назад рукі,.. [Кашын] важна паглядаў наўкол і падрыгваў нагой. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сто́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стаіць.

2. у знач. прым. Які скрывае ад іншых свае пачуцці, настрой, думкі і пад.; скрытны. Аляксандра — кабета стоеная. Шуснуўшы цішком разы са тры ў бор, грыбамі сваімі пахвалілася толькі тады, калі ўбачыла, што лес пусты. Навуменка.

3. у знач. прым. Які скрываецца, утойваецца ад іншых. Кажа [старшыня] спакойна, але ў гэтых спакойных словах чуецца стоены гнеў, раздражнёны крык: — Сарвеш ты мне надоі, Васіль Фёдаравіч, з такім падкормам. Шамякін. Павекі ў Сотнікава здрыгануліся, вочы бліснулі стоенай увагай. Быкаў. // Які ўласцівы каму‑, чаму‑н., але знешне яшчэ непрыкметны. А як ні старалася Вера Антонаўка жыць адасоблена, яна не магла ўнікнуць .. стоенай і даволі ўпартай барацьбы. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́валачы, ‑лачу, ‑лачаш, ‑лача; ‑лачам, ‑лачаце, ‑лакуць; пр. вывалак, ‑ла; зак., што.

1. Выцягнуць волакам што‑н. адкуль‑н. Вывалачы лодку з вады на бераг. // Разм. Выцягваючы, выбавіць што‑н., што загрузла, засела. Вывалачы воз з гразі. □ Царкоўны стараста.. стаяў і спакойна пазіраў, як а. Мадэст церабіўся ў гразі і не мог вывалачы з балота ног. Колас. // Вынесці каго‑, што‑н. Яна [цётка Броня] вывалакла на ганак зэдлік, які раней валяўся ў сенцах. Шыловіч. Марна павалэндаўшыся так з гадзіну, двое паліцаяў вывалаклі Сотнікава з памяшкання і кінулі ў тую самую камеру, дзе стараста. Быкаў. // Выцягнуць, прымусіць выйсці. Хлопцы амаль сілком вывалаклі мяне з інтэрната на прастор ракі. Сабаленка. [Сцяпан:] — Не мог [Быкоўскі], як трэба, па-хрысціянску — з сватам.. маю дачку ўзяць, але, як злодзей, хацеў праз акно вывалачы! Купала.

2. Разм. Украсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і сцёбаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Біць чым‑н. гнуткім; хвастаць. Хлопчык сцябаў і сцябаў разгарачанага каня, пакуль не паглыбіўся далёка ў лес. Курто. У час другой перамены Вінцусь дзесьці знайшоў гнуткую лазіну і пачаў ёю сцёбаць дзяўчат па голых нагах. Прокша. Паўлюк перастаў трашчаць карой і сцёбаў дубцом па траве. Пташнікаў. // Біць, хвастаць таго, хто рухаецца (пра галіны і пад.). Ішоў, І травы па каленях Балюча сцёбалі яго [чалавека]. Калачынскі. Каласы жорстка сцябалі .. [Бабейку] па твары. Хадкевіч. / Пра вецер, дождж, град і пад. Па шыбах шырокіх [акон] сцёбаў асенні дожджык. Чарнышэвіч. Вецер разгоніста гойсаў у пустым полі, матляў поламі шыняля, сцёбаў па абмёрзлых заснежаных бурках Сотнікава. Быкаў. Сцябае па твары вецер, здзірае з галавы капялюш. Лось. // перан. Рэзка адчытваць, крытыкаваць. Сцябаць крыўднымі словамі. □ [Люба:] — Лоўка [Саламон] сцёбаў начальства. Лоўка! Як у гогалеўскім «Рэвізоры» выйшла. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)