слобода́ слабада́, -ды́ ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Кра́сная Слобода́ г.п. Чырво́ная Слабада́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

слабада́ ж., уст. слобода́

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Слабо́да ‘свабода, воля, вольнасць’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Мал., Ян., Янк. 1, Выг., Сл. ПЗБ, ТС), ‘свабода’, ‘адпачынак’ (Сл. ПЗБ), слабода і слабада ‘воля, вольнасць’ (Пятк. 2), слобо́да ‘свабода’ (ТС). Укр. слобода́, рус. дыял. слобо́да, ст.-рус. слобода, чэш. дыял. sloboda, славац. sloboda, серб.-харв. слобо̀да, славен. slobóda, балг. слобода́ ‘тс’, макед. слобода. Паводле БЕР (6, 884–886), ужо прасл. *sloboda. Супраць праславянскага характару Фасмер (3, 672–673), таму што засведчаныя прыклады ўсе даволі познія. З *svoboda (гл. свабода) у выніку дысіміляцыі vb > lb; гл. Фасмер, там жа; Гуер у Махэка₂, 597; Міклашыч, 332; Праабражэнскі, 2, 322–323; Младэнаў, 591; Сольмсен, РФВ, 49, 51. Трубачоў (История терм., 171) дапускае магчымасць пераходу v – l на стадыі існавання v як сананта . Борысь (Czak. stud., 44) на падставе харв. чак. sloba ‘свабода’, якое выводзіцца з *svobа ‘тс’, мяркуе, што дысіміляцыя павінна была адбыцца вельмі рана, пакуль захоўвалася білабіяльная вымова v. Іншыя аўтары лічыліся з уплывам кораня *slav‑ (гл. слава, славянін), гл. Атрэмбскі, LP, 1, 143; таксама *slabъ (гл. слабы), гл. Брандт, РФВ, 24, 184; ЕСУМ, 5, 305–306. Карскі (1, 341) сумняваецца ў фанетычным характары змены і далучаецца да меркавання Брандта, адзначаючы даўні яе характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слабада́1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)