Ско́мліць ‘нудзець, енчыць, ныць’ (Сл. рэг. лекс.; зэльв., Нар. лекс.), скі́млыты ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.), скомлы́ты, скы́млыты ‘скуголіць, енчыць ад непапраўнага гора’ (пін., Нар. лекс.; драг., З нар. сл.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць; ціха жаласна плакаць’, рус.-ц.-слав. скомълати ‘бурчаць’, рус. дыял. скомли́ть ‘тс’, польск. skomleć ‘скавытаць, скуголіць, канькаць’, чэш. skomliti ‘быць’, в.-луж. skomlić ‘бурчаць’, н.-луж. skomliś ‘скавытаць, бурчаць’, славен. skomljati ‘стагнаць, скардзіцца; нудзіцца . Прасл. *skomъliti, хутчэй за ўсё, гукапераймальнага паходжання. Можа быць звязана з скома ‘аскома’, скоміць ‘скрыпець’ (гл.), параўн. Праабражэнскі, 2, 304–305; Ільінскі, ИОРЯС, 23, 2, 243; Фасмер, 3, 649. Іншыя меркаванні гл. Бязлай, 3, 245 (праз рухомае s‑ зводзіць да рус. комить ‘сціскаць’ і далей да роднаснага літ. kamúoti ‘мучыць, пазбаўляць сілы’), Шустар-Шэўц, 1292–1293 (звязвае з *komarъ, гл. камар), Махэк₂, 547 (кантамінацыя асноў *skol‑, што да літ. skãlyti ‘завываць’ і *skom‑, гл. скома), да якога далучаецца ЕСУМ, 5, 273.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Скі́мліць ‘скуголіць, ціха вішчаць’ (лаг., Гіл.), скі́млытэ ‘цішком плакаць ад крыўды’ (драг., Нар. словатв.). Параўн. укр. скі́млити ‘ныць, ціха жаласна плакаць’. Гукапераймальнае, параўн. балг. скимтя́ ‘ціха вішчаць, плакаць, хліпаць’, якое выводзіцца з імітатара ским!, што перадае скуголенне, гл. БЕР, 6, 749. Гл. таксама скомліць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)