Рэ́чман ’старшы ротман у плытагонаў’ (Нар. сл.), ’плытагон’ (Сцяшк. МГ), рэ́цьман ’брыгадзір плытніцкай брыгады’ (З нар. сл.), рэ́ксман ’старшы сярод плытагонаў’ (Скарбы). Гэтыя формы суадносяцца з рака, рэчка пад уплывам народнай этымалогіі. Гл. ротман.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Журма́н ’хітрун’ (Сл. паўн.-зах.). Фіналь ‑ман фіксуецца яшчэ ў некаторых бел. прастамоўных і дыялектных словах: брэ́хман, ’брахун’, чу́хман ’хто чухаецца’, лысма́н ’лысы’, глушма́н ’глухі’, рыжма́н рыжы’, рэчма́н ’плытагон’ (Сцяцко, Афікс. наз., 54, 116, 160). Першы кампанент, магчыма, жур‑ (гл. журба 1) прадстаўлены і ў такіх значэннях, як журлівы ’сумны’ і ’сварлівы’, журыць ’дакараць’. Не выключана і ўспрыняцце хітрай, не сапраўднай журбы ў таго, каго называюць журманам. Але найбольш верагодна сувязь з рус. калуж. журава́ть ’гуляць, гарэзаваць (пра хлопца з дзяўчынай)’, фанетычным варыянтам рус. дыял. жировать ’тс’ (параўн. жыр, жыраваць 1; дзеяслоў фіксуецца ў Сл. паўн.-зах. у варыянце журува́ць, хоць і ў агульным значэнні ’харчавацца’), журавли́вый ’такі, што любіць пагуляць з дзяўчатамі’, жураво́й ’законнанароджаны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)