Ро́пуха, ро́пушка ’невялічкая рыбка, падобная на мянька (галец?)’, ’жаба з жоўтым падбрушшам’ (ТС). Відаць, не звязана з ра́пушка (гл.); хутчэй да рапуха (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рапу́ха ’вялікая палявая жаба з бугрыстай скурай шэрага або зялёнага колеру’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Бяльк., Мат. Гом., Сцяшк., ЛА, 1), ’жаба, Bufo vulgaris’ (Касп.), рапу́га ’земляная жаба’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1), рыпу́га, рапо́ха ’тс’ (Сл. ПЗБ), ро́пуха ’жаба з жоўтым падбрушшам’ (ТС), рабу́ха, храпу́ха ’тс’ (ЛА, 1), рапэ́ся ’жаба’ (круп., Макар.); у большасці гаворак выступае ў значэннях ’неахайная жанчына’, ’жанчына, што мае пачварны твар пасля воспы’. Параўн. укр. ро́пуха, ряпу́ха, ро́павка ’жаба’, рус. дыял. ропу́ха, польск. ropuchay chropucha ’тс’, каш. ropucha ’авечая вош’, чэш. ropucha ’жаба’ (з польск.), славац. ropucha, repucha ’тс’, в.-луж. ropucha ’вадзяны хрэн’. Старажытная арэальная назва, метафарычна перанесеная пазней на іншыя асобы, прадметы або з’явы на вобразнай аснове (з-за няроўнай барадаўчатай скуры, непрыемнага выгляду, надутасці і пад.), параўн. ESSJ, Ukaz. čislo, 89–92 (з аглядам версій). Насовіч адзначае, што рапуха гукапераймальнае ад крыку жаб, што нельга выключыць, улічыўшы пастаянны прызнак, што вылучаецца ў народнай мове, параўн. скверэцца як рапуха (Сержп. Прык.), і наяўнасць анаматапеічнай варыянтнай базы *rep‑, *rop‑ (гл. Шустар-Шэўц, 2, 1236). Брукнер (463, гл. таксама Трубачоў у Фасмера, 3, 503; ЭССЯ, 8, 82; 11, 90) узводзіць да *chropucha ад шурпатай, “храпаватай” скуры, да гэтага польск. дыял. rapaty ’шурпаты, шорсткі’ і rupić ’рабіцца няроўным, шурпатым, (пра твар) бугрыстым, васпаватым’, серб. рапав, храпав ’бугрысты, шурпаты’, што суадносяць з літ. rùpti ’рабіцца шурпатым’. Фасмер (3, 503) схіляецца да сувязі з рапа́ ’бруд, падобны на гной’ (гл.), што суадносіцца з іншай назвай земляная жаба, ралейная жаба ’жаба, што сядзіць у зямлі, глеі, рапе’. Адносіны славянскіх назваў да літ. rùpuże ’жаба’ застаюцца няяснымі, аднак пераважае думка пра незалежныя ўтварэнні, параўн. Анікін, Опыт, 263, дзе запазычанне дапускаецца толькі для формы рус., бел. рапу́га (< літ. rapūga ’жаба’). Беларускі ўплыў мяркуецца для літ. rapùkas ’жаба з чырвоным жыватом’. Элемент ‑пуга ў складзе назвы можа звязвацца са значэннем ’дуць, надувацца’, параўн. харв. žaba puhača ’рапуха’ (= žaba krastača), якое Скок (3, 69, 77) атаясамлівае з іншай назвай — pugȁča ’тс’, што яшчэ раз сведчыць пра магчымасць розных уплываў і асацыяцый, выкліканых яркім вобразам аб’екта намінацыі, у тым ліку з *korsta ’кароста’ (кароставая жаба, Сл. ПЗБ), *kora ’кара’ (каравая жаба, ЛА, 1), *korpa ’рубец, бародаўка’, *korpavъjь ’бугрысты, выспаваты’ (каропавая жаба, Сл. ПЗБ), гл. ЭССЯ, 11, 90, 96.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варо́паўка ’зялёная жаба’ (Сцяшк. МГ); ’каравая земляная жаба’ (Мядзв.); ’жаба; слабы, непаваротлівы чалавек’ (Бір. Дзярж.), варопаўка, вярэпаўка (Інстр. II). Назва дадзена па маршчыністай скуры. Для гэтага слова дакладвай адпаведнасці ва ўсх.-слав. мовах няма, але параўн, чэш. vrap, vrapa ’зморшчка, маршчына’, в.-луж. (w)ropa, н.-луж. ropa, славен. vrapa, якія Махэк₂ (698) выводзіць з прасл. *vorpъ. Можна было зыходзіць з *voropavъka < *vorp‑avъka ’жаба’ (літаральна «маршчыністая»), але, здаецца, няма рэфлексаў *vorp‑ ’маршчына’ ў іншых усх.-слав. мовах. Беларускі архаізм? Можна таксама зыходзіць з усх.-слав. *vorop‑ (< *vorp‑): ст.-рус. воропъ ’аграбленне, напад’ (аб гэтым слове Фасмер, 1, 354; таксама Махэк₂, 698); тады варо́паўка — гэта драпежная жаба, якая нападае на сваю дабычу. Іншая магчымасць: Параўн. укр. ро́па́вка ’жаба’, польск. ropucha ’тс’, укр. ропу́ха, бел. рапу́ха (гл. Фасмер, 3, 502–503 і Трубачоў, Дополн., 503). Варо́паўка можа паходзіць ад ро́паўка з пратэтычным гукам: о́паўка > аро́паўка > варо́паўка. Гл. варапаха.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)