Рэ́зкі1 ’рэзкі, востры; шурпаты, з вострымі гранямі; жорсткі; ядраны, халодны; дзёрзкі’ (ТСБМ, ТС), ’калючы; вельмі кіслы’ (воран., калінк., Сл. ПЗБ), ’прарэзлівы’ (Ян.). Укр. рі́зкий ’рэзкі’, рус. резкий ’тс’, польск. rześki ’жвавы, рэзкі’, чэш. дыял. rezký ’жвавы, бадзёры’, серб. і харв. ре̏зак ’востры, кіслы’, балг. рязък ’рэзкі’. Прасл. *rězъkъ < *rězati (гл. рэзаць). Параўн. яшчэ семантыку укр. рву́чкий, рву́чий ’рэзкі, хуткі’ ад рвати ’рваць’.

Рэ́зкі2 ’вілы для пераноскі саломы’ (Сл. Брэс.). Ад рэзаць (гл.), параўн. драпакі́ ’вілы для гною’ (Сл. Брэс.) ад драпаць. Але нельга выключыць уплыў рэзгіны (гл.) ’прылада для пераноскі саломы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірва́ць1, рваць ’вырываць, зрываць; разрываць’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ірва́цца, рва́цца ’разрывацца, узрывацца; старацца вызваліцца, вырвацца’ (ТСБМ, Нас.), ’крычаць’ (Юрч. Сін., 231), ’кідацца’ (Нас.). Рус. рвать, дыял. ирва́ть, укр. ірва́ти, рва́ти, польск. rwać, в.-луж. rwać, н.-луж. rwaś, палаб. råvat, чэш. rváti, славац. rváť, славен. ruvati, rvati ’вырываць’, серб.-харв. р̀вати се ’змагацца’, балг. ръ́вам, ръ́фам ’кусаць, ірваць’. Ст.-слав., ст.-рус. ръвати ’рваць, зрываць’. Пачатковае і‑ мае пратэтычны характар. Прасл. *rъvati, *rujǫ генетычна роднаснае літ. ráuti, raúju ’вырываць’, ravė́ti, raviù ’палоць’, лат. ravêt ’тс’, ст.-інд. rávati ’разбівае, дробіць’, грэч. ἐρυσίχθων ’разграбаючы зямлю’, лац. ruō, ‑ere ’разрываць, раскопваць’. rutrum ’рыдлёўка’, ірл. ruam ’жалязняк, рыдлёўка’, якія ўзыходзяць да і.-е. *reu‑ ’разрываць, рыць’. Гл. Покарны, 1, 868; Праабражэнскі, 1, 187–189; Брукнер, 470; Фасмер, 3, 452 (з літ-рай). Махэк₂ (526) рэканструюе і.-е. *rou‑mi < *rouə‑mi з зыходнай семантыкай ’вырываць з зямлі’. Параўн. рыць.

Ірва́ць2 ’ванітаваць’ (ТСБМ, Бяльк., Касп.). Аддзеяслоўны назоўнік ірво́та (Нас., Касп., Мат. Гом.); параўн. рус. рвать ’ванітаваць’ — рвота. Ад ірваць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)