пры́д

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. пры́д пры́ды
Р. пры́да пры́даў
Д. пры́ду пры́дам
В. пры́д пры́ды
Т. пры́дам пры́дамі
М. пры́дзе пры́дах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

Прыд ’выраз у ніжняй частцы бочкі ці цэбра, у які ўстаўляюць дно’ (Мат. Маг.), прыд, прыдо́к ’край у дне драўлянай пасудзіны’ (Нас.), прыды́ ’выразанае заторам шнуравіднае заглыбленне ўнізе драўлянай пасудзіны, куды ўстаўляецца дно’ (Мядзв.); з працягам і развіццём семантыкі прыд ’пруг, край палатна’: не садзіся на край красён — прыд адціснеш (Бяльк.). Разам са смал. прид ’ніжняя частка бочкі (разам з днішчам)’ утварае адзіны арэал. Узыходзіць да прасл. *pridъ, дзе pri‑ — прэфікс, а d‑ — нулявая ступень кораня *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічаць’ ці *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, прадстаўленне, напр., у такіх праславянскіх лексемах, як *sǫ‑dъ ’суд; пасудзіна’, *obъ‑do ’скарбніца’, *na‑da ’надзея; настаўка, дадатак; сталь’ і інш. (падрабязна гл. Пятлёва, ОЛА, Исследов., 1994–1996, 207–209 з амаль вычарпальнай папярэдняй літ-рай; без уліку беларускага матэрыялу). У зах.- і паўд.-слав. мовах зафіксаваны фармальна ідэнтычныя лексемы, але з семантыкай, якая істотна адрозніваецца ад папярэдняй: чэш. příď ’пярэдняя частка; нос (судна)’, каш. přid ’даплата пры куплі’, балг. прид ’прыданае і пад.’, дыял. (Самоков) прит ’дадатак (пры размене)’, серб.-харв. при̂д, ж. р. при́да ’прыдача (пры абмене); прыбаўка (пры куплі-продажы)’, славен. prìd, prída ’карысць’, дыял. pŕda ’адзенне, якое нясуць за нявестай у дзень вяселля’ (< *pridъ ’тое, што прыбаўляецца, дадатак, карысць’, гл. Бязлай, 3, 120–121); стараж.-рус. придъ ’прыбытак, карысць’, ц.-слав. придъ ’абмен’ (’прыдача’). Семантычная калізія вырашалася па-рознаму. Так, Запрудскі (дыс., 86–87) узводзіў, як, дарэчы, і Скок (1, 382), серб.-харв. словы да прасл. *pridъ з коранем d‑, а бел. прыд прапанаваў суаднесці з брыды́ ’канцы клёпак ля дна кадушкі’ (гл.), дзе аглушэнне пачатковага б такое ж, як і ў пары бро́варпарыц. про́вар (Некр.), што, зразумела, вельмі няпэўна — і не толькі з-за адзінкавасці фіксацыі. Пятлёва, аналізуючы гэтыя лексемы з боку суадноснасці іх з семантыкай дзеясловаў *dě(ja)ti < і.-е. *dhe‑ ’ставіць, класці; рабіць, дзейнічасць’ і *dati ’даць’ < і.-е. *dō‑, лічыць, што *pridъ магчыма звязаць як з першым значэннем ’штосьці прыстаўленае, дададзенае, прыробленае’ альбо ’дададзенае, прыбаўленае’ (магчыма, пра днішча ці, дададзім, пра нос (судна), як у чэшскай), так і з другім — у гэтым выпадку гаворка пойдзе пра адзіны *pridъ з двума значэннямі ’прыдача, прыбаўка’ і ’ніжняя частка бочкі з днішчам’ (там жа, 209). Інакш БЕР, 5, 706–707, дзе балг., серб.-харв. і стараж.-рус. лексемы (іншыя славянскія не адзначаны) лічацца аддзеяслоўнымі ўтварэннямі ад прасл. *pridāti. Паводле Папоўскай–Таборскай (SEK, 4, 128), каш. přid ’даплата; дадатак’ і адпаведныя формы з гэтым значэннем у іншых славянскіх мовах, насуперак Трубачову (Слав. языкозн., V, 182), не звязаны са словам. Спецыяльна пра польск. дыял. przyd гл. Шыманскі, JP, 53, 1973, 48–50. Параўн. прыда́нае (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пры́дасвет ’світанне, досвітак; перыяд часу да ўзыходу сонца’ (Мядзв.). Лексікалізацыя словазлучэння пе́рад све́там ’на досвітку’ з гутарковай трансфармацыяй прыназоўніка ў сцягнутую форму пры́д, якая разам з міжкансанантным інтэрфіксам ‑а‑ стала выконваць функцыю прэфікса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пруд1 прудок ’будынак млына; млын (звычайна вадзяны)’ (Нас., Шат., Мік., Яруш., Бяльк., Касп.; маг., Шн. 2; полац., Нар. лекс.; Мат. Маг., дубр., Хрэст. дыял.), ’невялікі вадаём, сажалка’, ’раўчак’, ’яма ў вадаёме’ (калінк., гродз., паст., воран., Сл. ПЗБ), ’штучнае возера, ставок’ (Касп., Мік., Мядзв.), ’курган, высокае месца, якое агібаецца ракой’ (слаўг., Яшк.). Сюды ж пру́днік ’млынар’ (Нас., Касп., Мік.). Рус. пруд ’сажалка’, укр. пруд ’хуткае цячэнне’, ст.-рус. прудъ ’паток, напор; запруджанае месца’, польск. prąd ’паток, цячэнне’, чэш. proud, славац. prúd ’тс’, серб.-харв. пру̑д ’водмель, дзюна’, славен. pród ’галька, водмель’. Прасл. *prǫdъ перш за ўсё ў значэнні ’тое, што стварае перашкоду, сціскае, звужае магчымасці вольнай плыні’, найлепш прадстаўленае ў запру́да ’гаць, плаціна’; чаргуецца з pręd‑, якое ў пра́нуць ’кінуць’, рус. пряда́ть, пря́нуть ’адскочыць’. Роднасныя ў іншых і.-е. мовах: с.-в.-ням. sprinzen ’скакаць’, ст.-ісл. spretta ’скакаць; пырскаць, пускаць парасткі, струменіць’, с.-в.-ням. sprenzen ’пырскаць, крапіць’, spranz ’ускокванне; прарастанне’ (гл. Міклашыч, 263; Махэк₂, 485 і наст.; Фасмер, 3, 388; тут гл. і інш. літ-py; Бязлай, 3, 125; Банькоўскі, 2, 768; ЕСУМ, 4, 616; Шустар-Шэўц, 2, 1163).

Пруд2, прут, пруды́ ’паз у драўляным посудзе’ (лаг., віл., Сл. ПЗБ), прут ’паз’ (круп., Нар. сл.). Гл. апруды, абруд, прыд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)