Зірну́ць ’паглядзець’, зіркнуць (Багушэвіч, Мар. дыс.). Рус. кур., арл., калуж. зырнуть ’кінуць хуткі, кароткі погляд’, дыял. зы́ркнуть, укр. зирну́ти, зи́ркнути, польск. zerknąć, zerkać, zierkać ’тс’, серб.-харв. зи̏рнути, зи̏ркати, зи̏рати ’тс’, макед. ѕирне ’зірнуць’. Параўн. ст.-слав. прэфіксальныя назирати, объзирати, призирати, зазирати і інш., ст.-рус. подъзирати, узирати і інш. Ад zir‑ ці zirk‑ (гл. зірк) з суфіксам ‑nǫ‑ (калі з zirk‑, ‑k‑ у групе зычных можа выпасці).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прызіра́цца ’ўглядацца, прыглядацца’ (маст., гарад., Сл. ПЗБ, ТС, Скарбы), сюды ж вытворныя назоўнікі, відаць, іранічныя назвы, пра што сведчыць і канец слова, аформлены “польскім суфіксам” ‑дло: прызіра́дло, прызыра́дло ’люстра’ (баран., іван., Сл. Брэс.). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад звязанага ў сучаснай мове кораня ‑з(і/о)р‑ > параўн. рус. старое зреть, укр. зрі́ти < прасл. *zьrěti. З улікам ст.-слав. призирати ’глядзець’ трэба канстатаваць, прынамсі, усходнеславянскае паходжанне дзеяслова; параўн. рус. арл. призира́ться ’прыглядацца’, укр. призира́тися ’прыглядацца’. Сюды ж прызо́рысты ’падслепаваты, блізарукі’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)