◎ По́вадзь (поваць) ’разводдзе, паводка’ (астрав., воран., Сл. ПЗБ), ст.-бел. поводь ’тс’ (Сл. Скар.). Укр. повідь, рус. поводь ’паводка’, польск. powódź ’тс’, чэш., славац. povoden ’тс’, славац. povodie ’басейн ракі’. Ад *po‑ і *vodъ ’водная прастора, шмат вады’ — бязафікснае ўтварэнне са значэннем зборнасці ад вада (гл.), параўн. бегаць ’мноства’ (ТС) ад багацце. Банькоўскі (2, 738) узводзіць да powodzić ’весці’, што сумнеўна з пункту погляду семантыкі. Сюды ж повадзь (поваць) ’многа’ (астрав., воран., Сл. ПЗБ), параўн. укр. повідь ’паводка’, перан. ’безліч’, польск. powódź ’тс’. Перанос паводле падабенства: ’вялікая колькасць вады’ > ’вялікая колькасць чаго-небудзь’. Параўн. яшчэ семантыку ст.-грэч. πέλαγοζ ’мора’, перан. ’акіян (вялікая колькасць), бязмежнасць’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паводка ’часовае падняцце вады ў вадаёмах у выніку раставання снегу або вялікіх дажджоў’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ), па́вадкі (Нас., Гарэц., Грыг., Бяльк., Касп.), павы́дкі (Нар. сл.), паво́ддзе ’тс’ (Сцяшк., Сл.; Нар. лекс., шчуч.). Ад по- і вада з розным суфіксальным афармленнем. Аналагічна ў іншых славян: рус. по́водь, па́водок, польск. powodź, чэш. povodeň, серб.-харв. по̏водањ ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 294; Брукнер, 628; Махэк₂, 477). Сюды ж і па́вылка ’паводка, верхаводка’ (Бяльк.), дзе д > л у выніку нерэгулярных фанетычных змяненняў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)