Плыва́ць ’плаваць’ (Др.-Падб.; Яруш.; свісл., воран., іўеў., ваўк., Сл. ПЗБ), ’служыць на флоце’ (воран., Сл. ПЗБ). Відаць, запазычана з польск. мовы, pływać азначае ’перасоўвацца па паверхні вады, плывучы па ёй’ < прасл. *ply‑v‑a‑fi, якое з’яўляецца дзеясловам шматразовага дзеяння ад *pIy‑no‑ti (Банькоўскі, 2, 635), параўн. польск. płynąć ’перамяшчацца сілай сваёй вагі з больш высокага месца на ніжэйшае’. У бел. мове дзеяслоў *plyvati ужываецца з прыстаўкамі: прыстываць, заплываць, пра‑плываць і інш. Магчыма, адсюль і націск на ‑я‑. Сюды ж: плывак ’плывец; той, хто плавае на якім-н. судне’ (Сцяшк. МГ: шальч., Сл. ПЗБ; добр., Мат. Гом.), ’пучок звязанага трыснягу, на якім вучацца плаваць’ (ваўк., Сл. ПЗБ), плывун ’плывец’ (шчуч., Сл. ПЗБ), дзятл. плывакё ’рагоз, Typha latifolia L.’ (ЛА, 1), плывака ’асоба, здольная да плавання’ (Варл.), плывеш ’расліннае покрыва дрыгвяністага балота’ (светлаг. Талей).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плы́ткі, плы́ценькі ’неглыбокі, мелкі’, ’плоскі’ (ТСБМ, Сцяц., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ; Сл. Брэс., Варл.; зах.-віц., гродз., брэсц., ЛА, 4), ’палогі бераг ракі, возера’ (гродз., віл., ЛА, 2), ’нізкі, пакаты, спадзісты (пра страху)’ (Шушк.; Сл. ПЗБ; Сцяшк. МГ; ваўк., воран., ЛА, 4). Зах.-рус. плы́ткий ’плоскі’, польск. plytki ’неглыбокі’ (пашырылася ў паўд.-малапольск. дыялекты ад горцаў — Банькоўскі, 2, 634), чэш. plytký ’тс’ (пра ваду, раку), plétka střecha ’плоская, нізкая страха’, славац. plytký, славен. plítek ’плыткі, мелкаводны’, серб.-харв. plít(ak) ’тс’, ’павярхоўны’, макед. плиток, балг. плѝтък ’мелкі’. Прасл. *plytъkъ ’неглыбокі’, ’такі, дзе можна плаваць’, якое Скок (2, 685) выводзіць з дзеяслоўнай асновы плыць/плываць < і.-е. *plū‑/*plou̯, як і Махэк₂ (464). Банькоўскі (2, 634) для прасл. формы выводзіць значэнне ’месца, “распластанае” ў рэчышчы, дзе можна спускаць плыты, перапраўляць авечак на другі бераг’. Трубачоў (Праспект, 73) мяркуе, што прасл. plytъkъjь утварылася з формы супіна *plytъ (< *plyti, гл. плыць) і ад’ектывізуючага суфікса *‑kŏ‑; бессуфіксальная зыходная форма захавалася ў чак. plit ’неглыбокі’, каш. plit ’плоскі, тонкі’ (Борысь, Czak. stud., 121), што дае падставы для рэканструкцыі прыметніка *plytъ ’неглыбокі’ (Борысь, Папоўска–Таборска, ZPSS, 10, 28).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)