Пе́гі ’вяснушкі, рабацінне’ (астрав., Сл. ПЗБ), польск. piega, н.-луж. pěga, в.-луж. piha, чэш. píha, славац. peha, балг. пе́га ’вяснушка’, славен. pẹ́ga ’вяснушка, пляма’, макед. пега ’тс’, серб.-харв. пе̏га ’вяснушка; брудная пляма’, сюды ж рус. пе́гий ’плямісты; пярэсты; рабы’, ст.-слав. пѣготы ’праказа, нарывы’. Прасл. *pěga і прыметнік *pěgъ узыходзяць да і.-е. *poi̯g‑/*pei̯g (з якімі звязана аснова *pig‑ у ст.-інд. piṅga ’чырвона-карычневы’, piŋgas, piŋgalás, piñjaras ’залаціста-жоўты’, лац. pingō ’малюю, вышываю’, ст.-грэч. πίγγαλος ’яшчарка’), паралельнага да і.-е. *pei̯kʼ‑ > што дало прасл. *pьsati, першапачатковае значэнне якога было ’маляваць’, параўн. укр. пи́санка ’размаляванае велікоднае яйка’, рус. писать (картину) ’маляваць’. Адзінкавая фіксацыя бел. пе́гі, відаць, сведчыць пра запазычанне з польск. piegi ’вяснушкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́гаркі ’бульба з прыгаркамі’ (барыс., Шатал.). У выніку кантамінацыі лексем пе́гі ’вяснушкі, плямы’ і гарэць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́кур ’чалавек, які мае рабаціністы твар’ (калінк., Сл. ПЗБ). З ⁺пегур, якое з пег‑ (пегі ’плямы на твары’) і суф. ‑ур са значэннем зніжанасці.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пяга́рка (пега́рка), мн. л. пе́гаркі ’бульба з прыгаркамі’ (барыс., Шатал.), пыга́рка ’трохі падсмажаная ці падпечаная корка густой стравы або плеўка ў вадкай страве’ (драг., З нар. сл.), параўн. рус. калуж. пяга́рка з няясным значэннем. Відаць, ад пяга́ць ’пячы’: цэлы дзень пякотка пяга́е (жлоб., Мат. Гом.), дзе выступае варыянт кораня пяк‑ (гл. пекці, пячы) з азванчэннем у інтэрвакальным становішчы; менш верагодна сувязь з пе́га ’пляма, рабацінне’, гл. пе́гаркі, пе́гі, або як вынік “спешчанага” (дзіцячага) вымаўлення прыстаўкі пры‑, параўн. піга́рка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)