Па́тэр, ст.-бел. патеръ ’духоўны айцец’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. pater, якое з лац. pater ’бацька’ (Булыка, Лекс. запазыч., 173). Сюды ж ст.-бел. патерица ’посах архірэя’ (XVII ст.), якое праз ц.-слав. са с.-грэч. πατερικόν (Булыка, там жа, 183).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Па́цер, па́церы, па́ціры ’малітва наогул і асабліва «Ойча наш» (Нас., ТСБМ, Яруш., Кліх, Мядзв., Др.-Падб.; мін., гродз., Шн. 2; Сл. ПЗБ), ’ружанец, пацеркі, з якімі моляцца’ (Сцяшк.), ст.-бел. пацеръ, патеръ ’тс’ (1516 г.) запазычаны са ст.-польск. pacierz, pacierze ’тс’, якое прыйшло (у X ст.) са ст.-чэш. páteř, дзе азначала лац. малітву, што пачынаецца словамі pater noster ’Ойча наш’. Пазней, калі малітваў чыталі некалькі, іх адлічвалі на ружанцы — пацерках (шарыках з ружовага дрэва, нанізаных на нітку). Таму пазней pater noster стала азначаць ’адна пацерка’, а выраз скараціўся да pater. Адсюль паходзіць і па́церка (гл.) (Насовіч, 395; Брукнер, 390; Махэк₂, 437; Шцібер, RÉS, 1961, 39, 8; Булыка, Лекс. запазыч., 180).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)