Паршу́к, поршу́к ’струп’ (ТС), ’прышч’ (Мат. Гом.). Утворана ад паршывы (або ад пирша) з суф. ‑ук (параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 129).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парсю́к ’кастрыраваны самец свойскай свінні, кабан’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Гарэц., Мядзв., ДАБМ, 885; Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884), паршу́к ’кабан, парсюк, вяпрук’ (Сцяшк., Выг., Сл. ПЗБ), ’непакладаны кабан’ (ДАБМ, 884). Агляд формаў і значэнняў гл. яшчэ Лаўчутэ, Балтызмы, 19). Рус. разан. парсу́к ’кабан’, зах. паршу́к, парсю́к, польск. (Літва) parsiuk. Запазычанне з літ. paršùkas ’парася’ (гл. Карскі, РФВ, 49, 20; Фасмер, 3, 209; падрабязны агляд этымалагічнай літ-ры гл. Лаўчутэ, там жа). Трубачоў (Происх., 63–64) запазычанымі лічыць толькі формы з ‑ш‑; частка славянскіх форм з ‑с‑, на яго думку, магла ўзнікнуць з поросю́к у выніку моцнай рэдукцыі пераднаціскнога галоснага. Супраць Лаўчутэ (там жа), якая ўказвае, што ўсе формы на ‑ук і з гукам ‑с‑ распаўсюджаны на тэрыторыі славянскіх балтызмаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́зімка ’азімая пшаніца’ (Сцяшк.; брэсц., Нар. лекс.). Хутчэй за ўсё вынік семантычнай кандэнсацыі словазлучэння тыпу пшаніца на зіму (пасеяная) або са сцягнутага *назімая пшаніца, параўн. укр. назімий ’азімы’, такая мадэль з прыназоўнікам *na вядома і іншым славянскім мовам, параўн. серб.-харв. на́зиме ’парася да аднаго года’, назимацпаршук’; іншае значэнне прыназоўніка (прэфікса) у в.- і н.-луж. nazyma ’восень’, першапачатковая семантыка ’ў напрамку зімы, паказваючы на зіму’ (Шустар-Шэўц, 13, 995), польск. дыял. nazima ’позняя восень’, параўн. налёцце ’будучы год’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)