паліго́н, -а, мн. -ы, -аў, м.

Вялікі спецыяльна абсталяваны ўчастак сушы або мора для выпрабавання розных відаў зброі, баявых вучэнняў.

Артылерыйскі п.

Вучэбны п.

|| прым. паліго́нны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

паліго́н м., спец. полиго́н

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

паліго́н, ‑а, м.

1. Участак мясцовасці, спецыяльна абсталяваны для трэніровачнай стральбы і выпрабавання баявой тэхнікі. Артылерыйскі палігон. Танкавы палігон. □ — Сёння мы будзем страляць па наземных цэлях на палігоне, — гаворыць камандзір. «Маладосць».

2. У будаўнічай справе — адкрытая пляцоўка, на якой вырабляюцца жалезабетонныя канструкцыі і дэталі. Тут закладваюцца дзесяткі заводаў будаўнічых матэрыялаў: палігоны жалезабетонных канструкцый, магутныя растворныя вузлы.. Грахоўскі.

3. Спец. Тое, што і многавугольнік (замкнуты або незамкнуты). // Замкнуты і незамкнуты многавугольнік на мясцовасці і на плане.

[Ад грэч. polý — многа і gōnia — вугал.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выпрабава́льны, -ая, -ае.

Прызначаны для выпрабавання, праверкі.

В. палігон.

В. тэрмін.

Выпрабавальная камісія.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

полиго́н воен., мат. паліго́н, -на м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

выпрабава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны, устаноўлены для выпрабавання. Выпрабавальны палігон. Выпрабавальны тэрмін.

2. Тое, што і дапытлівы. Выпрабавальны позірк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

артылеры́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да артылерыі. Артылерыйскія снарады. Артылерыйскі агонь. Артылерыйскія заводы. Артылерыйскі салют. Артылерыйскі палігон.

•••

Артылерыйская падрыхтоўка гл. падрыхтоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зрэ́заць, зрэжу, зрэжаш, зрэжа; зак., каго-што.

1. Аддзяліць якім‑н. рэжучым інструментам. Зрэзаць кветкі з клумбы. Зрэзаць мазоль. □ Шура зрэзаў дзве арэшыны, аздабляе палкі ўзорамі. Навуменка. // Спілаваць. Зрэзаць сасну. // Збіць, сарваць, аддзяліць (ударам, стрэлам, выбухам і пад.). Адна міна, выбухнуўшы паблізу акопчыка, як касой, зрэзала палову алешыны. Мележ. Ноччу раптам сарваліся з прычала плыты, як брытвай, зрэзалі адзіны праз раку пантонны мост. Асіпенка. // Зняць няроўнасць або частку якой‑н. паверхні, зрабіць выемку ці скос на чым‑н. У гэтых курганах мы і зрабілі цір, ці, як называе яго Сяргей, палігон. Зрэзалі рыдлёўкамі схіл аднаго кургана, паставілі дошкі, абгарадзілі пляцоўку чырвонымі сцяжкамі. Жычка. // перан. Разм. Скараціць ці паменшыць памеры чаго‑н. Зрэзаць ліміты. □ На лаўках у куце лаяліся, відаць, рабочыя леспрамгасцы ў замасленых.. і старых фуфайках, — некаму недзе зрэзалі прагрэсіўку. Пташнікаў.

2. Пакрыць паглыбленнямі, палоскамі; спаласаваць. Канавы зрэзалі ўсё поле. □ Там, дзе гай бярозавы З песняй салаўінаю, Хтосьці ўсю дарожаньку Зрэзаў каляінамі. Дзеружынскі.

3. Парэзаць усё, многае для якой‑н. мэты. Зрэзаць салому на корм жывёле.

4. перан. Забіць стрэлам. — Падпусціў я іх як мага бліжэй, — лясь! — і няма аднаго. Другі назад кінуўся, але не дабег да траншэі, яго сержант Леўкін зрэзаў. Корбан.

5. Моцна збіць, адсцябаць. — То глядзі ж, — паўтарыў .. [бацька] яшчэ раз, — каб ні гуку, бо зрэжу да смерці... Дайліда.

6. Разм. Паставіць нездавальняючую адзнаку. Юзіку таксама хацеў [бацька] даць.. прафесію, але таго «зрэзалі» на выпускных экзаменах. Пальчэўскі.

7. Падаць мяч рэзаным ударам. Зрэзаць падачу.

•••

Зрэзаць круг (паваротку) — пайсці напрасткі, каб скараціць шлях. Чалавек другі раз ідзе па той самай дарозе. Ён зрэжа павароткі, дзе што пераступіць, а дзе што абыдзе. Ермаловіч.

Зрэзаць на горкі яблык — тое, што і збіць на горкі яблык (гл. збіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)