малю́скі, ‑аў; адз. малюск, ‑а, м.

Беспазваночныя жывёліны, мяккае цела якіх пакрыта ракавінкамі. Марскія малюскі. Галаваногія малюскі.

[Ад лац. molluscus — мяккі, мяккацелы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

малю́ск, -а, мн. -і, -аў, м.

Беспазваночная жывёліна, мяккае цела якой пакрыта ракавінай.

Марскія малюскі.

|| прым. малю́скавы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

крылано́гія сущ., мн., зоол. крылоно́гие;

~гія малю́скі — крылоно́гие моллю́ски

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

жалабабру́хі, ‑ая, ‑ае.

Спец. У выразе: жалабабрухія малюскі — клас беспазваночных жывёл тыпу малюскаў (цела чэрвепадобнае, у большасці на брушным баку маецца прадаўгаватае паглыбленне).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мяккаце́лы, ‑ая, ‑ае.

1. З мяккім целам, вялымі мускуламі.

2. перан. Які лёгка паддаецца чужому ўплыву; бязвольны, бесхарактарны. Ганскі адчуваў некаторую палёгку ад таго, што з яго спалі абавязкі члена сельсавета, якія яго, нерашучага і мяккацелага, заўсёды трохі прыгняталі. Крапіва.

3. у знач. наз. мяккаце́лыя, ‑ых. Тое, што і малюскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Віраце́йка ’вадзяная вужака’ (КЭС, лаг.), рус. перм. вератея ’рыба, Cobitis taenia’, укр. веретенниця, веретільник, веретільниця ’гадзюка вераценніца, Anguis fragilis’, рус. паўн. верете́льник ’п’яўка’, верете́льница ’маленькая, бязногая яшчарка’; ’вераценніца’, паўд. верете́ница, веретени́ца ’яшчарка’, смал., пск., калуж. ’вераценніца’, калуж. ’рыба, Cobitis taenia’; ’уюн, Cobitis fossilis’, веретеницамалюскі, ракавіна якіх падобна да верацяна’, ленінгр. веретённик ’вераценніца’, пск. веретенница ’тс’, тамб. ’шабля-рыба з колкім ротам, падобная да пячкура’, польск. wrzecienica ’марская рыба’; ’балотная гадзіна’, н.-луж. (w)rjeśeńca, wrjeśenica ’кальчысты вужака, Coluber natrix’, в.-луж. wrjećeńca ’лазаніца, Lysimachia L.’; ’жаўтапузік, Ophisantus apodus’, чэш. vřetenice ’вераценніца’, vřetenka ’род рыбы з сям’і Callionymidae, Callionymus’, славац. vretenica ’гадзюка Vipera berus’, серб.-харв. вретѐнар, макед. вретенарка ’рыба Asper asper L.’, балг. вретена́рка ’тс’. Усе да верацяно, вярцець (гл.). Цікавым з’яўляецца параўнанне Патабні (РФВ, 5, 126) з літ. vérti ’нанізваць, працягваць праз што-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

фо́рма, ‑ы, ж.

1. Знешні контур, вонкавы выгляд, знешняе аблічча прадмета. У форме шара. □ Пры .. дарозе ляжаў у полі вялікі, як гара, камень дзіўнай формы. Чорны. Найбольш, падыходзяць для зімовай вуды маленькія паплаўкі кроплепадобнай або прадаўгаватай формы. Матрунёнак. З каморы.. [Аксіння] выносіла больш ёмістыя пакункі. І па іх форме, аб’ёму лёгка было здагадацца, што гэта былі кавалкі адборнага сала або кольцы кілбас. Ракітны. Паволі набліжаючыся, хмара бясконца мяняла сваю форму і адценне. Ваданосаў. // толькі мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, контуры чалавечага цела, фігуры. [Касцюм] выгадна падкрэсліваў яе танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць. Мехаў. // У скульптараў, мастакоў — аб’ёмнасць, контуры прадмета. // звычайна мн. (фо́рмы, форм). Абрысы, выгляд архітэктурных збудаванняў, уласцівых якому‑н. кірунку. Формы архітэктуры гатычнага стылю.

2. Від, тып, спосаб арганізацыі чаго‑н.; структура чаго‑н., абумоўленыя пэўным зместам. Формы праўлення. Формы класавай барацьбы. Формы землеўладання. □ [Андрэй:] «Пара скончыць з аджытымі формамі гаспадарання на вузкіх палосках». Колас. Арэнда і розныя іншыя формы феадальнай і капіталістычнай эксплуатацыі разаралі селяніна, ператваралі яго ў батрака, у наёмнага рабочага. Івашын.

3. Катэгорыя філасофіі — спосаб існавання, унутраная арганізацыя зместу. Адзінства формы і зместу. // У логіцы — структура, спосаб пабудовы думак. Сілагічная форма.

4. Спосаб ажыццяўлення, праяўлення якога‑н. дзеяння. Ніколі гаспадароў шал не дасягаў гэткіх страшэнных форм. Зарэцкі. Гэта была хада ў форме танца. Чорны. // Спосаб, характар выказвання. Салавей зноў вельмі абыходліва, толькі ў другой форме, паўтарыў сваё пытанне. Ермаловіч. [Выказванне Скуратовіча] ў сціслай форме перадае ўсю сутнасць жыццёвай філасофіі кулака. Барсток. // Характар працякання якога‑н. захворвання. Жыццё павольна пакідала маленькае кволае цела, зламанае цяжкай формай дыфтэрыі. Шамякін.

5. Пэўная сістэма мастацкіх сродкаў як спосаб выяўлення зместу твораў мастацтва. Мова і стыль — гэта тыя формы, у якіх паддаецца чытачу думка твора. Чорны. Якуб Колас патрабуе ад беларускіх пісьменнікаў твораў, дзе б мастацкая форма поўнасцю адпавядала высокім ідэям. «Полымя». // Від арганізацыі, пабудовы музычнага, літаратурнага твора. Кніжка [«Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» І. Новікава] пытаецца з цікавасцю, і гэта лепшае сведчанне, што форма рэпартажу аўтарам была абрана ўдала. «Полымя». // Жанр, разнавіднасць твораў мастацтва. Манументальныя формы ў скульптуры. Апавядальная форма. Форма санаты.

6. Прыстасаванне для надання чаму‑н. пэўных контураў, пэўнага знешняга выгляду; шаблон. Формы для капелюшоў. □ Лука Фаміч звычайна даваў нам абаім форму для вырабу цэглы. Парахневіч. [Глушакоў:] — Не люблю таго хлеба, што пячэцца ў фермах. Мяжэвіч. // У ліцейнай справе — прыстасаванне, куды ўліваюць расплаўлены метал. Разліць метал у формы.

7. У паліграфіі — друкарскі набор, заключаны ў раму, а таксама паверхня з рэльефным адбіткам, прызначаная для друкавання. Лаборная форма.

8. Строга ўстаноўлены парадак у чым‑н. Весці допыт па ўсёй форме. Форма пратакола. Звесткі прадстаўлены не па форме. // Афіцыйная папера, запоўненая або якая павінна быць запоўнена па пэўнаму ўзору. [Сакратар:] — Сакратар факультэцкага бюро скардзіўся, што затрымліваеш звесткі аб паспяховасці. Форму атрымала? Здай... Карпаў. // Прынятая норма звароту, паводзін, манер, абыходжання і пад. — Што з табой, Люда? — спалохана спытаў я, у той час адчуваючы, як лёгка і прыемна прыйшла да мяне гэтая форма звароту «ты» і «Люда». Радкевіч.

9. Знешні выгляд, знешні бок чаго‑н., якія не выяўляюць сутнасці справы і нават супярэчаць унутранаму зместу. Партызаны,.. перабягаючы ад хаты да хаты, стралялі болей для формы. Навуменка. Мы заўжды з нецярплівасцю чакалі.. звароту [маці] са сходу і адразу пыталі: што гаварылі?.. хвалілі ці лаялі? Пра лаянку, папраўдзе, мы запытвалі дзеля формы, бо ў душы лічылі: не павінны б нас лаяць. Лось.

10. Адзінае па колеру, крою і другіх прыметах адзенне для асоб пэўных катэгорый. Парадная форма. Школьная форма. Форма сувораўца. □ Адзін з мужчын быў цывільны, у цыліндры, з маноклем, другі — у форме флоцкага ваеннага афіцэра. Маўр. Па калідоры хадзілі студэнты ў форме з блішчастымі гузікамі. Хведаровіч. Сёння Алесь апрануты па форме: на новай яшчэ гімнасцёрцы блішчаць медалі і ордэн Слава. Брыль.

11. звычайна мн. (фо́рмы, форм). Разнавіднасць жывёльнага або расліннага арганізма, мінерала. Малюскі прэснаводных і наземных форм.

12. У лінгвістыцы — сродак выражэння граматычных катэгорый, узаемаадносін слоў у сказах. Кароткая форма прыметнікаў. Неазначальная форма дзеяслова. Формы множнага ліку назоўнікаў. □ Аднародныя члены не заўсёды маюць аднолькавую граматычную форму. Цікоцкі. // Наогул — выгляд, аблічча, у якім выступае слова. Многія беларускія словы выступаюць і цяпер у сваёй спрадвечнай форме.

13. толькі адз. Стан чалавека, які дазваляе выявіць свае здольнасці, сілы, уменне. Шахматыст у бліскучай спартыўнай форме. // Наогул пра стан здароўя і пад. [Гэля:] — Зойдзем да нас. — Другім разам, — сказаў Бондар. — Сёння не ў форме. Відаць, прастудзіўся. Навуменка.

14. У алгебры — аднародны мнагачлен ад некалькіх пераменных. Лінейная форма. Квадратычная форма.

•••

Малыя формы — віды твораў мастацтва, для якіх характэрны невялікі аб’ём і нескладаная кампазіцыя.

Суплетыўныя формы — формы аднаго слова, утвораныя ад розных асноў.

Формы грамадскай свядомасці — палітычныя, прававыя, рэлігійныя, маральным, мастацкія, філасофскія і іншыя грамадскія ідэі, погляды, уяўленні, што адлюстроўваюць грамадскае быццё.

Формы мыслення — тыпы або спосабы будовы думкі.

Па ўсёй форме — як належыць, як трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)