забяга́йлаўка і забяга́лаўка, ‑і, ДМ ‑лаўцы; Р мн. ‑лавак; ж.

Разм. пагард. Піўная. — На ражку, у забягайлаўцы, Ганна Максімаўна, спаткаў сівабародага. Аказваецца, і стары не дурны ў губу ўзяць, але ўсё ўхітраецца на дармаўшчыну. Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падма́н, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падмануць (у 1 знач.). — А пані вядома, — запытаў яе старшыня суда, — што за лжывае паказанні‑, за падман суда сведка павінен быць цяжка пакараны? Машара. // Мана, хлусня, ашуканства. І хоць.. [Горбікаў] ведаў, што хворыя месцы зарубцаваліся, прыкінуўся сухотным. Гэты яго падман выкрыла Наталля Максімаўна. Дудо. [Хамутоўскі:] — Хлусня ў вас, а не праўда! Падман адзін! Курто.

2. чаго. Памылковае, ілюзорнае ўяўленне; абман. Падман пачуццяў. □ [Федзя:] — Учора [фатаграфія на Дошцы гонару] сам бачыў — была. А сёння іду міма, зірнуў — няма... Галюцынацыя, думаю, падман зроку. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыўда́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак.

Разм.

1. Пачаць рабіць што‑н. вельмі энергічна, інтэнсіўна. Стопчам [лапаць] — дык атопкам Пыл уздымем хмарай, На ўсю вёску ёмка Свіснем ды прыўдарым! Танк. // Стаць мацнейшым (пра дождж, мароз і пад.). За ноч намяло гурбы снегу. Прыўдарыла, сілу сваю разамкнула сіверная зіма. Баранавых. А дождж, як на тое ліха, прыўдарыў мацней. Хомчанка.

2. за кім. Пачаць заляцацца (да жанчыны). — У такую, як Наталля Максімаўна, нельга не закахацца. Прызнаюся.., што, каб ты не апярздзіў мяне, прыўдарыў бы я за ёю... Дудо.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наказа́ць, ‑кажу, ‑кажаш, ‑кажа; зак., каму і без дап.

1. Паведаміць, сказаць што‑н. каму‑н. праз каго‑н. [Дзядзька Нічыпар:] — Калі спатрэбіцца фурманка, дык накажыце мне. Колас. Наказалі з дому, што захварэла маці. С. Александровіч. Змітрок наказаў праз паштальёна, каб да яго ўвечары прыйшоў Кірыл. Кавалёў.

2. Даць наказ, распараджэнне. Міхал наказаў падручнаму сачыць за печчу і падаўся ў лабараторыю. Карпаў. — Сачыце за параненай, — адышоўшыся, наказала Наталля Максімаўна дзяжурнай медсястры. — Калі яна адчуе сябе хоць крыху горш, клічце мяне. Дудо.

3. Разм. Нагаварыць, сказаць многа чаго‑н. [Якім Анішчык:] — Прабачце, наказаў вам немаведама колькі, — мо ногі забалелі, слухаўшы стоячы. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рог 1, ‑а, М розе, м.

1. Цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл. У войта і Бруя было па пары жадных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. Колас. Гордая галава [аленя], упрыгожаная раскідзістымі рагамі, была крыху прыўзнята, вушы насцярожаны. В. Вольскі. // Пасудзіна для піцця (спіртных напіткаў) на ўрачыстасцях, зробленая з такога касцявога выраста. Я піў рачную плынь кіпучую, Шум хваляў дальніх берагоў, Піў на сустрэчах, на заручынах Віно з біклагаў і разоў. Танк. Рог па кругу пойдзе з хмелем, Бо, як водзіцца ў кра[і], — На радзіны і вяселле Тую бочку дастаюць. Прыходзька.

2. Музычны або сігнальны інструмент у выглядзе сагнутай трубы з расшыраным канцом. Паляўнічы рог. □ На вуліцы працяжна і зычна зайграў у свой берасцяны рог пастух Даніла. Якімовіч.

3. Востры загнуты канец чаго‑н. Рог пячных вілак.

•••

Абламаць (пазбіваць) рогі гл. абламаць.

Браць (узяць) быка за рогі гл. браць.

Загнаць у казіны рог гл. загнаць.

Наставіць рогі каму гл. наставіць.

Сагнуць (скруціць) у бараноў рог гл. сагнуць.

Скруціць чорту рогі гл. скруціць.

рог 2, ‑а; мн. рагі, ‑оў; м.

1. Месца, дзе сыходзяцца, сутыкаюцца два знешнія бакі аднаго прадмета; вугал. Клятчастая хустка толькі адным рогам ляжала на шыі. Кулакоўскі. На рагу стала ляжаў нейчы капшук, ружовы, з нейкімі вышытымі кветкамі. Лынькоў. За бляшанымі пірамідамі дахаў удалечы быў відаць рог будынка вакзала. Мележ.

2. Месца, дзе збягаюцца дзве перпендыкулярныя вуліцы. Прыпыніўшыся на рагу вуліцы, Наталля Максімаўна пачакала, пакуль пройдзе калона аўтамашын з вайскоўцамі. Дудо. На рагу акурат і стаяла змайстраваная з шалёўкі пабеленая знадворку будыніна з шыльдай: «Цырульня». Сабаленка. З-за рога выязджала ўжо, буксуючы ў снезе, машына. Арабей.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)