кіна...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які мае адносіны да кінематаграфіі, да кіно, напр.: кінааператар, кінаглядач, кіназала, кіназдымка, кіназорка, кінакадр, кінакамедыя, кінакамера, кінамастацтва, кінапанарама, кінаплёнка, кінапрамысловасць, кінарэжысёр, кінасетка, кінасцэнарый, кінасюжэт, кінафестываль, кінахроніка, кіначасопіс, кінаэкран.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
кіна...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: кіно, кінематограф, напрыклад: кінагерой, кінакадр, кінаматэрыялы, кінафільм і інш.
[Ад грэч. kineō — рухаю.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
рэжысёр, -а, мн. -ы, -аў, м.
Творчы работнік, мастацкі арганізатар, кіраўнік тэатральнай, кіна- або тэлевізійнай пастаноўкі, наогул відовішчных праграм.
Р.-пастаноўшчык.
|| прым. рэжысёрскі, -ая, -ае.
Рэжысёрскае бачанне п’есы.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
павільён, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Альтанка ці невялікі лёгкі будынак (напр., у садах, парках).
Кветкавы п.
2. Будынак, памяшканне для экспанатаў на выстаўцы, для правядзення кіна- і фотаздымак.
Выставачны п.
|| прым. павільённы, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
кадр, -а, мн. -ы, -аў, м.
1. Асобны здымак на кіна- або фотаплёнцы.
На плёнцы 36 кадраў.
2. Асобная сцэна або эпізод з кінафільма.
На экране кадры з часоў вайны.
◊
За кадрам — пра тое, што засталося за межамі непасрэдна адлюстраванага.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
кадр, ‑а, м.
1. Асобны здымак на кіна- або фотаплёнцы.
2. Асобная сцэна або эпізод з кінафільма. У некаторых кадрах пастаноўшчыкам удалося перадаць гераізм рускіх людзей. Новікаў. Кадр плыў за кадрам, Карціны змянялі карціны. Фільм пачынаўся. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павільён, ‑а, м.
Невялікі лёгкі будынак у людным месцы, прызначаны для якіх‑н. мэт. Павільён марожанага. □ Каваль заскочыў у крыты брызентавы павільён: ён быў збудаваны на перамычцы. Савіцкі. Чытальная зала размяшчалася ў спецыяльным павільёне, непадалёк ад заводскага клуба. Карпаў. // Пастаянны або часовы будынак на выстаўцы для экспанатаў. Павільён механізацыі. Павільён сельскай гаспадаркі. □ У Маскве Люся з бацькам наведалі Усесаюзную выстаўку дасягненняў народнай гаспадаркі.. Перш за ўсё бацька павёў Люсю ў павільён Беларусі. Даніленка. // Памяшканне, прызначанае для кіна- або фотаздымак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ка́мера, ‑ы, ж.
1. Ізаляванае памяшканне спецыяльнага прызначэння ў некаторых установах. Камера хавання. Камера ручной паклажы. Адзіночная турэмная камера. Дэзінфекцыйная камера. □ Саўка ляжаў і думаў.. Успомнілася камера допыту, следчыя і страшны Адольф. Колас.
2. Ізаляваная, пустая ў сярэдзіне частка якога‑н. прыбора, машыны, збудавання, якая црызначаецца для пэўнай аперацыі. Камера ў рухавіку ўнутранага згарання. Камера шлюза. □ Пад адной з тэрмічных печаў — вялізных чатырохкутных камер на жалезных высокіх слупах — стаяла нагружаная распаленымі адліўкамі ваганетка. Карпаў. // Унутраная частка фатаграфічнага апарата, у якую ўстаўляецца пласцінка або плёнка.
3. Унутраная гумавая абалонка шыны, мяча, якая напаўняецца паветрам. Камера футбольнага мяча. Аўтамабільная камера.
•••
Скрытая камера — здымка кіна- ці фотаапаратам, калі той, каго здымаюць, не ведае аб гэтым.
[Лац. camera.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)