прызва́нне, ‑я, н.
Унутраная цяга і здольнасць да якой‑н. справы, прафесіі. Але прызванне Максімкі было не ў гэтым. Музыкай ён займаўся толькі ў час адпачынку, а больш за ўсё яму хацелася будаваць. Гурскі. З фельчарскімі абавязкамі вы спраўляецеся някепска, але мне здаецца, што па прызванню вы ўсё ж не медык. Арабей. Арганізоўваць, камандаваць — гэта .. [Сцёпкава] прызванне, яго стыхія. Жычка. // Прызначэнне. — Знаеце, што я вам скажу, Міцкевіч? — узрушана прамовіў Кудрынскі. — Беларускі верш — вось ваша сапраўднае прызванне! С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
за́піс, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. запісваць — запісаць 1 (у 1, 2, 3 і 4 знач.).
2. Пісьмовая перадача, змест чаго‑н.; запісаныя на паперы думкі, заўвагі і пад. Блакнот з запісамі. □ Пасля летніх канікул на першым жа ўроку рускай літаратуры Фядот Андрэевіч Кудрынскі сабраў у вучняў другога класа сшыткі з запісамі народных песень і казак. С. Александровіч.
3. Уст. Назва некаторых афіцыйных дакументаў. Нічыпару здаецца, што ўсё тое было нейкім неверагодным, блытаным сном. Вяселле, вянчанне ў царкве, даравальны запіс і год недарэчнага жыцця. Асіпенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
размалява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., каго-што.
1. Пакрыць рознымі, звычайна яркімі, фарбамі; упрыгожыць, намаляваўшы ўзор, арнамент і пад. Размаляваць вазу. Размаляваць сувенірную талерку. □ Калоны некалі былі белыя. У вайну іх размалявалі зялёнымі і чорнымі пісягамі маскіроўкі. Савіцкі. / у перан. ужыв. Я.. загледзеўся .. на залатыя ўзоры, якімі размалявала сонца ствалы дрэў, кусты і леташні сівец. Ляўданскі. // Разм. Ярка і груба нафарбаваць; нагрыміраваць твар. // Зрабіць сатырычны, карыкатурны малюнак на якую‑н. тэму. Калі яго размалявалі ў газеце, усе мужчыны смяяліся, а Дзіма надзьмуўся, некуды схаваўся і нават абедаць не прыйшоў. Даніленка. // Разм. Нарабіць сінякоў каму‑н. [Міхаіл Пятровіч:] — Ну і размалявалі цябе... Цяпер мне зразумела, чаму жаўтуха. Цябе, хлопча, білі, дык білі, не шкадуючы... С. Александровіч. «Нябось не прызнаецца ёй, хто яго так размаляваў!» — адзначыў сам сабе: мне вельмі хацелася, каб паненка даведалася, што менавіта я аддубасіў так яе прыяцеля!» Карпюк.
2. перан. Паказаць у прыхарошаным выглядзе, перабольшыць значэнне чаго‑н. Кудрынскі мог цікава размаляваць самую [непрыглядную] рэч, яна набывала асаблівае хараство ў слухачоў. Лужанін. Слесар з суседняга ўчастка гаварыў: «Душу мне пячэ гэта паперка. Паўтары нормы даў, размалявалі, распісалі. А мне сорамна людзям у вочы глядзець». Шыцік.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)