Кру́ці

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Кру́ці
Р. Кру́цяў
Д. Кру́цям
В. Кру́ці
Т. Кру́цямі
М. Кру́цях

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

круці́ць

дзеяслоў, пераходны/непераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 2-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. кручу́ кру́цім
2-я ас. кру́ціш кру́ціце
3-я ас. кру́ціць кру́цяць
Прошлы час
м. круці́ў круці́лі
ж. круці́ла
н. круці́ла
Загадны лад
2-я ас. круці́ круці́це
Дзеепрыслоўе
цяп. час кру́цячы

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

павыду́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Выдушыць усіх, многіх або ўсё, многае. Павыдушваць шыбы. □ [Шульга:] — Ты давай, вунь, давай, круці абаранак, ды лепш глядзі, куды едзеш. А то ўжо ўсіх курэй у Азёрах павыдушваў... Краўчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

верте́ть несов., в разн. знач. круці́ць, вярце́ць;

верте́ть но́сом круці́ць но́сам;

верте́ть хвосто́м круці́ць хвасто́м;

как ни верти́ як ні круці́;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

рамяство́, ‑а; мн. рамёствы, ‑аў; н.

Вытворчасць якіх‑н. вырабаў ручным саматужным спосабам з дапамогаю простых прылад. Ганчарнае рамяство. □ Непадалёк ад нас жыла сястра маёй маці з мужам шаўцом — саматужнікам, у якога я стаў вучыцца рамяству. А. Александровіч. // Прафесія, занятак. [Астап:] — Ах ты, кажу, падшыванец!.. Не хочаш вучыцца — дык асвойвай бацькава рамяство, садзіся за машыну і круці баранку. Капусцін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

раўнава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; незак.

1. Быць ці лічыць сябе роўным з кім‑н. [Мікалай:] — А хто з нас лепшы, ён ці я? Ці можна яму са мной раўнавацца? Я — каваль, у мяне як ні круці, то паўвалока зямлі, а ў яго толькі чвэрць.. Ды і так — і па сіле, і па ўсім ... Чарнышэвіч. Не табе, старой, сягоння раўнавацца з намі, Ты сваё ўжо адрабіла, Справімся і самі. Русак.

2. Зал. да раўнаваць ​1.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

круці́ць несов.

1. враща́ть; верте́ть;

к. ко́ла — верте́ть колесо́;

2. (держа в руках, поворачивать) крути́ть, верте́ть;

к. па́лку ў рука́х — крути́ть (верте́ть) трость в рука́х;

3. (завивать, свёртывать) крути́ть;

к. вус — крути́ть ус;

к. цыга́рку — крути́ть цига́рку;

4. (вертя, туго свивать) крути́ть, сучи́ть;

к. пра́жу — крути́ть (сучи́ть) пря́жу;

5. (буравить) сверли́ть;

6. (вздымая, придавать круговое движение) крути́ть, кружи́ть;

мяце́ліца кру́ціць — мете́ль кру́тит (кру́жит);

7. разг. (распоряжаться) верте́ть, крути́ть;

яна кру́ціць ім, як хо́ча — она́ ве́ртит им, как хо́чет;

8. разг. (находиться с кем-л. в любовных отношениях) крути́ть;

9. плутова́ть, жу́льничать;

к. но́сам — крути́ть но́сом;

к. хвасто́м — верте́ть хвосто́м;

к. мазгі́ — (каму) крути́ть мозги́ (кому);

к. мазга́мі — шевели́ть мозга́ми;

як ні круці́ — как ни крути́;

круці́ не круці́, а трэ́ба памярці́ — как не крути́, а помира́ть на́до

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

шпігава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., каго-што.

1. Утыкаць невялікія кавалачкі шпігу ў спецыяльна зробленыя надрэзы, начыняць што‑н. шпігам. Шпігаваць цяляціну. Шпігаваць зайца.

2. перан. Разм. Заўзята навучаць, паведамляць каму‑н. вялікую колькасць інфармацыі (звычайна неадабральна). На Рышальеўскай сустрэлася домаўласніца, бэйбуса якой паўгода шпігаваў.. [Іван Іванавіч] для гімназіі арыфметыкай і граматыкай. Мехаў.

3. перан. Разм. Многа раз паўтараць што‑н. каму‑н. з мэтай убіць у галаву. Між варожымі групамі часта ўзнікалі спрэчкі. Лявон не прымаў у іх удзелу, а гледзячы на яго, маўчаў і Гардыенка. Ён толькі шпігаваў сваіх ганчакоў, і яны стараліся. Чарнышэвіч. — Давай! Круці! Марудзіш дужа ты! — Шпігуюць [браты] Увесь час шафёра. Корбан.

4. Спец. Абшываць што‑н. ворсам, пянькой. Шпігаваць ветразь. Шпігаваць мату.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мокры, змакрэлы, змоклы, змочаны, замочаны, намоклы, намочаны, памочаны, прамоклы, абмоклы / ад расы: росны, расяны, аброшаны, зарошаны, абраселы □ хоць круці, хоць выкручвай

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

круці́ць, кручу, круціш, круціць; незак.

1. каго-што. Прыводзяць у кругавы рух; вярцець. Круціць педалі. □ Два калгаснікі завіхаліся каля сячкарні. Адзін падаваў салому ў жолаб пад зубы і нажы, а другі круціў кола спецыяльна прыстасаванаю ручкаю. Колас. Вада круціла вялікае кола, аж дрыжалі сцены. С. Александровіч. // Разм. Паварочваць у розныя бакі. Ганне Сцяпанаўне падабалася, што Алесь збянтэжана круціць у руках шапку, што ў яго вачах замілаванне да яе дачкі і дакор за яе кпіны. Шыцік. Той [вартаўнік] доўга круціў у руках пропуск. Асіпенка.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок. Гэта думка можа з гадзіну свідравала краўцовы мазгі, ён выцягваў шыю, круціў галавой. Чорны. [Вераб’і] палахліва круцілі з боку ў бок сваімі дзюбамі. Лынькоў.

3. што. Звіваць, скручваць што‑н. Грыцко паспешліва круціў з лазы жгуты і перавязваў імі Святлане ногі вышэй калень, а Міхал стаяў, нахіліўшыся над Зінай. Кулакоўскі. Андрэй і Іван граблямі скручвалі радкі вылежалага лёну, рабілі з іх вялізныя пукі, а Алена круціла доўгія перавяслы і звязвала тыя пукі. Чарнышэвіч. // Скручваць з паперы (цыгарку, папяросу). Ганскі закінуў лейцы на ручку плуга і на хаду пачаў круціць цыгарку. Крапіва. Чарнавус цяжка апусціўся на лаўку, выняў з кішэні кніжачку тонкай паперы, фукнуў на яе і, адарваўшы лісток, пачаў круціць папяросу. Кулакоўскі. // Завіваць, перабіраючы пальцамі. Пад ялінай стаяў, Вус круціў у кручок Паляўнічы-фарсун, Лапатун і дзівак. Бядуля.

4. каго-што. Прыдаваць віхравы рух чаму‑н. Завіруха круціла пасмы снегу, хапалася закрыць сумную пустату халоднай беллю. Мележ. // без дап. Узнімаць снег, пыл і пад.; месці (пра завіруху і пад.). Круціла і замятала дарогу мяцеліца. Васілевіч. Завіруха круціць. Маразы Грукаюць, аж дуб стары гудзе. Бялевіч.

5. Разм. Ухіляцца ад прамога адказу; хітрыць, шальмаваць. — Нешта ты круціш, хаваешся ад нас. Кожны вечар у скверы тырчыш. Навуменка. // Спрытна выходзіць з якога‑н. становішча. — Круціць, нягоднік. Хоча вывернуцца. Новікаў. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды, стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч. // Жульнічаць. — А мы нічога, Мацвей Сцяпанавіч, мы толькі правучылі тут трохі аднаго, каб не круціў болей у картах. Лынькоў.

6. з кім. Разм. Быць у любоўных адносінах, сувязях з кім‑н. — Трымаешся за спадніцу Герасімовічышкі... Твая Варка даўно круціць з Данілам, а ты мне вочы колеш, — і Рыгорка ўедліва разрагатаўся. Дуброўскі.

7. каго. Разм. Караючы, цягаць за вушы, валасы. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых? — ціха, з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.

8. перан. Разм. Па-свойму распараджацца, камандаваць кім‑н. — Пэўна, заслужаны, калі так крута круціць. Быкаў.

9. што. Рабіць свердлам дзіркі ў чым‑н. Круціць дзіркі.

10. перан.; звычайна безас. Балюча пранізваць што‑н., прычыняць рэзкі боль. — Круціць усяго, ўзнімае з ложка, кідае ў бяздонне... Падварочвае пад грудзі. Хапаюць колькі, не дыхнуць. Пташнікаў.

•••

Круціць галаву каму — а) заблытваць, збіваць з толку. — Ой, сынок, не круці ты мне галаву. Васілевіч; б) прывабліваць, улюбляць у сябе. [Люба] завіхаецца ля кожнага хлопца. І не тое, што каб сур’ёзна, а так, абы галаву каму круціць. Лынькоў.

Круціць галаву над чым — старацца зразумець, вырашыць што‑н.

Круціць мазгамі (галавою) — тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Круціць носам — адмаўляцца, упірацца, выказваць незадавальненне.

Круціць раман з кім — знаходзіцца ў любоўных адносінах; фліртаваць.

Круціць рукі каму — сілай загінаць рукі за спіну і звязваць іх.

Круціць хвастом — а) хітрыць, крывадушнічаць; б) легкадумна паводзіць сябе, гуляць з многімі (пра жанчыну).

Як ні круці — нягледзячы ні на што, у любым выпадку, пры любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)