Ко́рга ’старая жанчына’ (Нас., З нар. сл.). Наўрад ці звязана з рус. карга, корга ’варона’ (насуперак Фасмеру (2, 323) і іншым прыхільнікам гэтай этымалогіі). Карга ’варона’ запазычанне з цюркскіх моў. Гл. карга, у якім адбылася кантамінацыя з корга ’старая’. Больш верагоднай здаецца сувязь з рус. корга ’крывое дрэва, дуга’, якое звязана з рус. коржавый ’скурчаны, зморшчаны’. Параўн. серб.-харв. кржљав ’каравы, чэзлы, змарнелы’, славен. kržljav ’каржакаваты, прысадзісты’ (Міклашыч, 132; Безлай, 2, 105). Тое, што корга ’старая жанчына’ звязваецца са значэннем ’сагнутая’, пацвярджаецца ілюстрацыйным матэрыялам: «Сагнулася як корга» (Нас., 246).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Карга́ ’старая’ (ТСБМ), рус. корга ’старуха’. Запазычанне з цюрк. karga (Бернекер, 490).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Корг ’надводны або падводны камень’ (Яшк.). Параўн. рус. корга ’тс’. Распаўсюджанне на рускай поўначы сведчыць аб запазычанні з карэльск. korgo ’водмель’ (Фасмер, 2, 323).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Корх ’мера даўжыні на шырыню далоні, кулак’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Мат. Гом., ТС, Сл. паўн.-зах., КЭС, лаг., ЭШ). Укр. корх, рус. корх ’тс’ (Фасмер, 2, 340). Аднак, зыходзячы з бел. прыкархнуць ’прытуліцца, заснуць’, рус. прикорхнутися ’нахіліцца, сагнуцца’, можна меркаваць, што першасным значэннем для корх было ’нешта сагнутае, скурчанае’ (> ’кулак’). Калі прыняць гэту гіпотэзу, мэтазгодна суаднесці корх з рус. корг ’кулак’, корга ’крывое дрэва’ (гл. корга). Фрыкатыўнае г магло перайсці ў х. Іншыя спробы этымалогіі зусім ненадзейныя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скорс, скорш ‘загнутая частка полаза’ (брэсц., Нар. словатв.), ско́рсы, уско́рсы, ско́рчні ‘галоўка ў палазах’ (ЛА, 2), ско́ршні ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ), ско́рчэнь, ско́рсэнь, ско́рсінь, ско́рсень ‘загнуты канец полаза’, ‘планка, што ідзе ад галоўкі полаза да першага капыла’ (Маслен.). Укр. скорс ‘загнуты канец полаза ў саней; адрэзак пня, які служыць балванкай для вырабу люлькі’, ско́рсина ‘частка дрэва, якая выкарыстоўваецца на палазы’, ко́рса ‘полаз у саней’, корс ‘выгін полаза’, ско́рца ‘загнуты канец полаза’, польск. дыял. усх. korsa, korza, звыч. мн. л. korsy, korzy ‘загнутыя часткі палазоў, насы палазоў’, з украінскай, гл. Слаўскі. 2, 498 і наст. Украінскія словы Слаўскі (там жа) ставіць у сувязь з рус. корёжить ‘карабаціць’, дыял. корга́ ‘крывая галіна; палка, загнутая на канцы і г. д.’, далей да і.-е. *kr̥‑g‑: *kr̥‑ǵ‑. У ЭССЯ (13, 240) падаецца прасл. *kъrsъ, да якога апрача ўкраінскіх лексем узводзяцца яшчэ чэш. krs ‘маларослае чахлае дрэва’, krsek ‘карлікавае дрэва’, krsati ‘змяншацца, апускацца’, ст.-рус. корсокъ ‘кавалак, пласт, скіба’, якія параўноўваюцца з ст.-інд. krśá ‘худы, слабы чалавек’, авест. kərəsa‑ ‘худы’, што ўзыходзяць да экспрэсіўнага і.-е. *krko‑. ЕСУМ (3, 43) узнаўляе прасл. *kъrsъ/*kъrsь < *і.-е. кораня *kr̥‑kʼ‑, паралельнага *kr̥‑k‑, ад якога ўтворана прасл. *kъrčь ‘корч’. Іншая версія ў Пятлёвай, якая на рускім дыялектным матэрыяле з гэтым коранем узнаўляе прасл. *kъrsati < *kъrt‑s‑ati ‘рэзаць’, гл. Этимология–1976, 137–139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)