Ка́тэдра ’кафедральная царква; прапаведніцкі амбон, кафедра’ (Нас.). У ст.-бел. мове адзначаецца на пачатку XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч., 143). Лічыцца, што непасрэднай крыніцай бел. слова з’яўляецца польск. katedra. Апошняе ўзята з лац. cathedra; першакрыніцай, бясспрэчна, трэба разглядаць грэч. καθέδρα ’сядзенне, крэсла’, яно вядома ў многіх еўрапейскіх мовах (параўн. у слав.: чэш., славац. katedra, укр. дыял. кате́дра, балг. кате́дра, серб.-харв. ка̀тедра і інш.). Таксама запазычана ў некаторых зах.-еўрап. мовах (напр., ням. Katheder). Гл. яшчэ ка́федра. Слаўскі, 2, 102; Кюнэ, Poln., 63; Клюге, 357.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́федра ’ўзвышэнне, памост для лектара або прамоўцы’; ’аб’яднанне выкладчыкаў і навуковых работнікаў адной або некалькіх блізкіх навуковых дысцыплін у вышэйшай навучальнай установе’; ’пасада епіскапа, які кіруе епархіяй (першапачаткова — крэсла ў царкве для епіскапа)’ (ТСБМ). У царкоўным значэнні гэта запазычанне, як мяркуе Шанскі, 2, К, 100–101, з с.-грэч. і ў форме катедра ўпершыню адзначаецца ў Бярынды. Але форма катедра адлюстроўвае, хутчэй, лац. форму cathedra (< грэч.). Параўн. адносна ўплыву на націск слова лац. мовы (ка́федра замест старога кафе́дра) Фасмер, 2, 212. Сучасныя формы слова сустракаюцца з 1686 г. (ка́федра). Гл. Шанскі, там жа.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)