замы́сліць

дзеяслоў, пераходны, закончанае трыванне, незваротны, 2-е спражэнне

Будучы час
адз. мн.
1-я ас. замы́слю замы́слім
2-я ас. замы́сліш замы́сліце
3-я ас. замы́сліць замы́сляць
Прошлы час
м. замы́сліў замы́слілі
ж. замы́сліла
н. замы́сліла
Загадны лад
2-я ас. замы́слі замы́сліце
Дзеепрыслоўе
прош. час замы́сліўшы

Крыніцы: dzsl2007, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

замы́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

Разм. Задумаць, надумаць. Антось наш дбалы, акуратны, А пры рабоце які здатны! Што ні замысліць, то ўсё зробіць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

замышля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да замысліць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дба́лы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дбайны. Антось наш дбалы, акуратны, А пры рабоце які здатны! Што ні замысліць, то ўсё зробіць. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыгна́ць, ‑ганю, ‑гоніш, ‑гоніць; зак.

1. каго. Гонячы, падганяючы, даставіць куды‑н. Прыгналі коней з начлегу, і калгасны двор напоўніўся тупаннем і крыкамі. Шамякін. Толькі, бывала, .. [Лявонка] прыгоніць Белалобую ў статак, глядзіць — а яе ўжо зноў няма... Шуцько. [Няміру] прыгналі туды, куды зганялі ўсіх мужчын — у крайнюю хату. Чорны. // Разм. Прывесці, прыслаць. Салдаты пачалі ачышчаць для .. [Тоўхарта] пакоі. Прыгналі некалькі жанчын мыць падлогу. Чорны. // перан. Разм. Прымусіць прыйсці, з’явіцца куды‑н. Па ўсім было відаць, што чалавека не раскоша прыгнала сюды, на навагранскую вуліцу. Сабаленка.

2. што. Разм. Едучы на чым‑н., кіруючы чым‑н., даставіць (машыну, лодку і пад.). Грысь з Тодарам прыгналі сюды некалькі лодак, і калі трэба было, то партызаны перапраўляліся з аднаго боку на другі. Кулакоўскі. На .. двор прыгналі.. трактар, які ў пачатку вайны схаваў у лес Кастусь Серада. Шахавец. // Рухаючы, перамяшчаючы сілай сваёй плыні, даставіць куды‑н. [Тварыцкі] сказаў, што пойдзе прынясе плашку, якую прыгнала аднекуль рэчкай вада. Чорны. Цёплы вецер павявае, Хмар дажджлівых нам прызнаў. Колас. / у безас. ужыв. [Завішнюк] глядзеў на вуліцу, на пясок — думаў: адкуль яго набралася гэтулькі ў Лонве, мусіць, памыла, прыгнала з вадой у дажджы ад лесу. Пташнікаў. // безас. каго-што. Разм. неадабр. Прыйсці куды‑н., з’явіцца дзе‑н. Мы з цёткай глядзім: А чаго іх [братоў] прыгнала Да нас? Проста так пасядзець дзе-нідзе б? Прыходзька.

3. што. Прыладзіць адно да другога так, каб супала па форме, памерах, каб было якраз; падагнаць. Што ні замысліць [Антось], то ўсё зробіць, І так прыгоніць, так аздобіць, Што і для вока нават міла. Колас. Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прыгнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.

•••

Чорт прыгнаў каго гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)