прадстаўні́к, ‑а, м.

1. Асоба, якая прадстаўляе чые‑н. інтарэсы, дзейнічае па даручэнню або ад імя каго‑н. Яшчэ мінулай восенню ў нас пабывалі прадстаўніка Штаба партызанскага руху з Масквы. Карпюк. // Службовая асоба, якая прадстаўляе сабой інтарэсы якой‑н. дзяржавы. Дыпламатычны прадстаўнік.

2. Чалавек, які прадстаўляе сабой пэўную групу людзей або якую‑н. галіну дзейнасці, выразнік чыіх‑н. інтарэсаў. І гэтая пераклічка прадстаўніка старэйшага пакалення бальшавікоў з самым юным пакаленнем гучэла як клятва. Якімовіч. І. Замоцін, прадстаўнік старой акадэмічнай навукі, у новых сацыяльна-грамадскіх умовах здолеў зразумець сутнасць ленінскага вучэння аб культурнай спадчыне. Мушынскі.

3. Узор, экземпляр якога‑н. разраду жывёл, раслін і пад. Усурыйскі янот з’яўляецца адзіным прадстаўніком сямейства сабак, які на ўвесь зімовы час кладзецца спаць у нару, як мядзведзь ці барсук. В. Вольскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скараспе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які хутка дасягае спеласці (пра расліны, плады, сельскагаспадарчую жывёлу). Скараспелая парода жывёлы. □ Вясковыя бабы ўжо спрабавалі мацаць на гародах скараспелую бульбу. Чыгрынаў. Побач з нашымі мясцовымі пародамі — дубам, сасной, ялінай, скараспелай асінай — лістоўніца павінна заняць ганаровае месца. Мяжэвіч. // Які мае адносіны да развядзення хутка паспяваючых парод, сартоў. Скараспелая мясная жывёлагадоўля.

2. перан. Разм., часцей іран. Які рана і без належнай падрыхтоўкі выступіў на якой‑н. ніве дзейнасці. Скараспелы паэт.

3. перан. Разм. Занадта хутка зроблены, атрыманы; паспешны, неабдуманы. І. Замоцін не прызнаваў скараспелых метадалагічных і тэарэтычных канцэпцый. Мушынскі. Памятай: нішто так не губіць чалавека, як скараспелая слава! Шашкоў. Пасля гаворкі з Паўлам Квітуном Міхаль цвёрда надумаў ажаніцца з Любай, але ўжо назаўтра рашэнне гэтае здалося яму вельмі скараспелым. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)