Жалапа́ць ’піць’ (Сцяц.), жолопа́ты ’жэрці, жаваць’ (Клім.), жалуба́ць ’есці’ (чэрв., Жд. 2; жлоб., Жыв. сл., 115), ’піць’ (маладз., Янк. Мат., 98; вілейс., Нар. сл., 139). Рус. прыбалт. желуба́ть ’есці (пра жывёл)’ (< бел.?), укр. желіпа́ти ’марудна есці’, жолопа́ти ’жэрці’, польск. żłopać ’піць многа (пра жывёл, пагардліва пра людзей)’, дыял. żłepać, памор. žlepa ’тс’, славен. žlę́bati ’многа піць’; параўн. балг. жлѐвя ’жаваць’. Літ. žliaũbti ’жэрці, уплятаць’, лат. žļebinȃt ’жаваць’. Калі рэканструяваць прасл. *želp‑ або *želb‑, трэба лічыцца з тым, што літ., а магчыма, і лат. словы запазычаны са слав. (польск., памор.). І.‑е. асновай для адзначанай прасл. рэканструкцыі магло б быць *gel‑, g​el‑ ’глытаць’ (Покарны, 1, 365) з лабіяльным пашырэннем: *gelb‑. Параўн. швед. дыял. kulp ’глыток’. Гл. яшчэ глытаць, жалапацца, жлокаць. Меркаванні пра запазычанне жалубаць з літ. (Лаўчутэ, Сл. балт., 109) патрабуюць дадатковай фанетычнай і семантычнай аргументацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалдо́бак ’камяк (у ежы)’ (Касп.). Няясна. Параўн. жолуд, жалубаць (жалапаць), жаўлак, калдуны (БРС). Рус. колобок і пад. Спалучэнне ‑лд‑ можа ўказваць на запазычаны характар, але гэта не ўносіць пакуль што яснасці. Трэба адзначыць рус. ярасл. жёлды ’залоза’, звязанае з жёлвь ’жаўлак’ (?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалапа́цца ’гарлапаніць’ (карэліц., Нар. сл, 86; Жыв. сл., 70, 78). Укр. желіпа́ти ’крычаць, раўці’. Параўн. яшчэ славен. žlabotáti, žlabráti ’балбатаць’, якія Плетаршнік параўноўвае з ням. schlabbern ’тс’. Літ. žlèptelėti ’ляпнуць’, лат. žļebêt, žleberȇt ’балбатаць’, відаць, з зах.-слав. І.‑е. корань *ghelp‑ ’крычаць’ (Покарны, 1, 350, 428). Гл. яшчэ жалапа́ць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)