Енісе́й

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Енісе́й
Р. Енісе́я
Д. Енісе́ю
В. Енісе́й
Т. Енісе́ем
М. Енісе́ю

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Енисе́й р. Енісе́й, -се́я м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

тварэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. тварыць (у 1 знач.).

2. Тое, што створана ў працэсе творчай дзейнасці; твор. Паэма «Курган» — тварэнне Купалы. Карціна «Партызанская мадонна» — тварэнне Савіцкага. □ Легенды і казкі — тварэнне людзей — на хвалях сваіх аднясе [Біруса] ў Енісей. Дубоўка. І ўпрыгожыцца зямля .. велічнымі тварэннямі [будаўнікоў], тая зямля, на якой многа год таму назад пакутавалі ў нястачы і голадзе іх дзяды і бацькі. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

града́, ы́; мн. гра́ды (з ліч. 2, 3, 4 грады́), град; ж.

1. Палоска зямлі, спецыяльна прыгатаваная для вырошчвання агародніны, кветак. Рабіць грады. Града агуркоў. Палоць грады. Паліваць грады. □ Зелянее многа град. Тут — цыбуля, памідоры, Морква, рэпа і салат. Муравейка. У агароднай брыгадзе высаджвалі з парнікоў на грады расаду капусты. Бялевіч.

2. Ланцуг невысокіх гор, узгоркаў. Сонца было ўжо зусім нізка над градою узгоркаў. Брыль. Граду раскалоўшы клінам, Пераліваецца водамі Ля скал Енісей. Калачынскі.

3. Мноства аднастайных прадметаў, размешчаных у адзін рад. Града камення загароджвала шлях вадзе, і разгневаны паток дыбіўся, лез на каменне. Шамякін. // Паласа лесу. [Пархвен] мінуў доўгую граду хмызу, перайшоў упоперак шашу і як бы ўпаў у вільгаць логу. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сі́вы́, а́я, ‑о́е і ‑ая, ‑ае.

1. Белы, серабрысты, які страціў афарбоўку (пра валасы). Сівыя валасы. □ З карэты паволі сышоў добра апрануты чалавек з навіслымі сівымі вусамі. Лынькоў. Вочы.. [Міхайлава] молада і хітра бліснулі з-пад сівых калматых броваў. Карпаў. // З белымі валасамі, з валасамі, якія страцілі сваю афарбоўку. Сівая галава. □ Гэта быў хударлявы, яшчэ дужы чалавек, хоць скроні даўно ўжо сталі сівыя. Ваданосаў. На ганак выйшаў гаспадар, ужо стары, каля сямідзесяці гадоў, сівы, лысы. Нікановіч. // У спалучэнні са словам «гады» ужываецца для абазначэння старасці. Ён, сівых гадоў ляснік, Распасцёр свой дажджавік, Ён ідзе, трымае стрэльбу, Гоніць з ёю звера-шэльму. Калачынскі. Хмель на сценах. Бэз лахматы Мірна свеціць на гародах. Тут бы нашым добрым маткам Дажываць сівыя годы. Панчанка.

2. Колеру попелу; шэры. З адной кішэні доўгага сівага халата тырчэла турэцкая булка. Колас. Ёсць [коні] ў сівых яблыках, з лебядзінымі шыямі, з агнявымі вачыма. Бядуля. Раптам сівая хмара засланіла сонца. Мыслівец. // Разм. Бледны з адценнем такога колеру (пра твар чалавека). Сівы твар Рома выцягнуўся. Шчарбатаў.

3. З прымессю шаравата-белай шэрсці (пра футра). Сівы бабровы каўнер. Сівы каракуль. □ Дзверы былі замкнёны, а.. заечая шапка [Хвядоса] вісела на плоце, вецер перабіраў на ёй дробныя сівыя валаскі. Шашкоў. // З такой шэрсцю; з шаравата-белым апярэннем (пра жывёлін і птушак). Сівы конь. □ [Караткевіч і Даўгулевіч] тады заспрачаліся, якія бываюць галубы. Ці толькі сівыя, якіх яны перад сабою бачылі, ці бываюць і іншай масці? Гурскі. // у знач. наз. сі́вы, ‑ага, м. Пра каня такой масці. Увесь яравы палетак прыйдзецца пераараць, цэлую вясну тузацца з плугам, .. праклінаючы страшнымі кленічамі невінаватага ні ў чым сівага. Крапіва.

4. перан. Шаравата-белы, бялявы. Невідочныя шумелі Чараты ў сівым тумане. Зарыцкі. Над Казбекам, над сівой макушкаю, Задрамала воблака ў цішы. Калачынскі. Нерухома стаялі дрэвы, сівыя ад расы. Самуйлёнак. Кіпіць Енісей, мнагаводны, як мора, Сустрэўшы сівы акіян. Хведаровіч. Схілы гары былі голыя, усланыя сівым, сухім мохам. Пестрак.

5. перан. Які мае адносіны да далёкага мінулага; старажытны. І перад намі паўставалі Сівыя, даўнія вякі, Калі жылі і ваявалі Не мы, а нашы землякі. Глебка. Нечым старым, сівым, далёкім патыхала ад.. [парку]. Чарнышэвіч.

•••

Дажыць да сівых валасоў гл. дажыць.

Сівы як лунь — зусім сівы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)