та́каць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Часта ўжываць слова «так»; гаварыць слова «так» як пацвярджальны адказ на што‑н., як знак увагі да слоў субяседніка. — Так, так, — такаў Громаў. Лупсякоў.

та́каць 2, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і тахкаць (у 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перары́ць, ‑рыю, ‑рыеш, ‑рые; зак., што.

1. Разрыць, парыць лычом усё, многае. Свінні перарылі ўвесь агарод.

2. Разм. Раскідаць, перавярнуць што‑н. у пошуках чаго‑н.; перакапаць. Перарыць усе рэчы ў каморцы. □ На вакзале я быў затрыманы сышчыкамі, якія перарылі мой вучнёўскі чамадан. Танк. — Пуста! Я ж табе сказаў, што .. [Антон] напэўна павязе .. [паперы] з сабою, — нервова прашыпеў Громаў, калі яны перарылі ўвесь стол. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; зак.

1. каго. Забіць усіх, многіх; знішчыць. Перабіць ваўкоў. □ [Чалавек:] — А мы, вось.. толькі што ўцяклі з Пярэжырскага лагеру... Варту перабілі і ўцяклі... Лынькоў.

2. што. Разбіць усё, многае. — Асцярожней, Саша, асцярожней! — камандавала .. [Люся] шафёру. — У гэтай скрынцы посуд! Хоць бы не перабіць нам яго. Шашкоў.

3. што. Ударыўшы, зламаць, пераламаць. Учора, калі адыходзілі ад чыгункі, асколкі міны перабілі .. [Пецю] абедзве нагі. Шашкоў. / у безас. ужыв. Аскабалкам жалеза .. [Васілю] перабіла плячо, моцна ўдарыла ў грудзі. Лынькоў.

4. што. Разм. Раздзяліць памяшканне сцяной, перагародкаю на часткі, пакоі. [Тарэнта:] — Я з разлікам раблю: можа, калі разбагацею, дык тады пераб’ю .. [хату] на дзве палавіны. Галавач.

5. што. Парушыць натуральны ход, развіццё якіх‑н. падзей, з’яў і пад. Перабіць сон. □ [Лабановіч] .., стараючыся не думаць зусім аб смерці, закурыў, каб перабіць прыкрыя думкі. Колас. Належныя словы не прыходзілі, і грэх было перабіць тое маўчанне, з якім пакідалі плошчу трое. Янкоўскі.

6. каго-што. Не даўшы дагаварыць, перарваць. Перабіць прамоўцу рэплікай. □ — Туманна, доктар, тлумачыце, — жуючы ў зубах патухшую папяросу, перабіў Анішчанку Громаў-Дар’яльскі. Васілевіч.

7. што. Перашкодзіць каму‑н. ажыццявіць, здзейсніць што‑н. Перабіць куплю.

8. што. Заглушыць, перасіліць што‑н. Дым перабіў пах смалы. □ Калі гарачае сонца высушыць абшары, густыя травы зноў набудуць сваю тонкую пахучасць. Так і трымаецца яна аж да тае пары, пакуль пабялелая збажына не пераб’е яе своеасаблівым водарам спелага жыта. Асіпенка. Міканор адрэваў скібу хлеба, сам дастаў гуркоў і тым перабіў голад. Мележ. Потым, калі зразумеў, што немагчымае адбылося, [Каваль] пераключыў хуткасць і зарагатаў, закрычаў, намагаючыся крыкам перабіць боль у нагах. Савіцкі.

9. што. Узбіць нанава, зрабіць больш мяккім, пульхным. Я, заскочыў на воз, разгарнуў там салому, перабіў, ператрос, ды і лёг. Дубоўка.

10. што. Прыбіць іначай або ў іншым месцы. Перабіць кручок. Перабіць вешалку ў другі кут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)