Ган ’недахоп’ (Нас., Касп.). Каспяровіч параўновае гэта слова з зага́на ’тс’. Аднак лепш параўноўваць (бо фармальна стаіць бліжэй) з укр. га́на ’бессаромнасць, сорам, ганьба’, польск. gana, чэш. hana і г. д., якія адносяцца да слав. *ganiti ’ганьбіць і да т. п.’ (бел. га́ніць, укр. га́нити, рус. дыял. га́нить, польск. ganić, чэш. haniti). Аб слав. *ganiti падрабязней гл. Слаўскі, 1, 254–255 (там і агляд літ-ры). Форма ган, мусіць, нейкае беларускае новаўтварэнне.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́ніць ’ганіць, ганьбаваць’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Бяльк.). Укр. га́нити, рус. га́нить ’тс’ (толькі ў зах. і паўд. гаворках, гл. СРНГ, 6, 134–135), польск. ganić, чэш. haněti, haniti. Гэта слова сустракаецца толькі ў зах.- і ўсх.-слав. мовах (у паўднёвых славян няма). Паходжанне яго спрэчнае. Лічыцца роднасным са слав. дзеясловам *ganjati: *goniti: *gъnati ’гнаць, ганяць’. З іншага боку некаторыя этымолагі думаюць пра запазычанне з ням. (с.-в.-ням.) hōna або роднаснасць з *gadъ, *gaditi. Агляд версій гл. у Слаўскага, 1, 254–255. Шатэрнік (гл. заўвагу ў яго слоўніку), здаецца, хоча лічыць бел. слова запазычаннем з польск. ganić. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 392.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)