Марты́шка ’маленькая малпа, Cercopithecus’ (ТСБМ, Нас.), марьты́ха ’малпа’ (Бяльк.). З рус. марты́шка, ст.-рус. мартышка (XVI ст.), якое з лац. Martīnus (уласнае імя) праз с.-н.-ням. Marten, ці с.-галан. Martijn. Аналагічна польск. marcin ’грубіян, мядзведзь’ (Фасмер, 2, 576).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́лка1 ’невялікая колькасць’ (Інстр. III), ’малютка’ (Нас., Шат.), ’малая дзяўчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’нізкарослая дзяўчына’ (драг., КЭС), ’малая булачка з рэшткаў цеста ў дзяжы’ (паўд.-усх., КЭС). Рус. ма́лка ’меншы брат ці сястра’, ’эй, малец!’, пск., цвяр. ’маларослая дзяўчына’; серб.-харв. малка ’імя курыцы’, балг. ма̀лката ’эй, дзяўчынка!’ Відаць, з прасл. malъka. Да малы́ (гл.).

Ма́лка2 ’навугольнік рухомы, які можна ставіць пад любым вуглом’ (Інстр. II), рус. алан. ма́лка ’мерка ў сталяроў’. Запазычана з рус. мовы, у якую прыйшло з галан. mal ’вымяральны інструмент’ (Фасмер, 2, 563). Параўн. таксама швед. mall ’шаблон, контур’, ’лякала’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мень, мянёк, менёк, мінёк, менюх ’мянтуз, Lota lota’ (ТСБМ, Жук., Бір. Дзярж., Янк. 3., Шат., Бяльк., ТС, Дразд., Яруш., Касп., Дэмб. 1, Нас., Мат. Гом., Ян.; бых., Рам. 8), ’тоўсты, непаваротлівы маўклівы чалавек’ (Растарг.). Укр. мень, мнюх, рус. мень, мен, мёнух, ментю́к, польск. mień, mieniek, н.-луж. méńk, в.-луж. mjenk, чэш. meň, mník, mík, славац. mień, славен. menȅk, mének, menjek. Прасл. mьnь (Фасмер, 2, 599; Бязлай, 2, 177). Апошні падае яшчэ форму menь, а Махэк₂ (370) — толькі meńь. Блізкія і.-е. адпаведнікі: літ. ménkė ’траска, лат. menca, англ. minnow ’дробная рыба’, с.-н.-ням. möne, галан. meun, ст.-в.-ням. muniwa, ст.-грэч. μαίνη, μαινίς, μαινίδιον ’акунь’ (Сольмсен, KZ, 37, 585; Фрэнкель, 436; Фасмер, там жа). Аб адпаведнасці ст.-грэч. μαίνη і ст.-інд. mináḥ гл. Шарпанцье, KZ, 47, 181; Майргофер, 2, 643. Махэк₂ (370) дапускае, што прасл. слова паходзіць з угра-фінскіх моў, параўн. чараміск. men, венг. meny‑hal, фін. monni ’мянтуз’. Голуб-Копечны звязваюць лексему мень з ме́ншы (Трубачоў, Дополн.). Аб пашырэнні мень у рус. гаворках гл. УЗЛІЛІ, 825, 1968, 145–155. Параўн. таксама мянту́з.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)