Вяршы́на ’верх чаго-небудзь’ (рагач., Мат. Гом.); ’верхняя частка дрэва’ (Шат.); ’смятана’ (Бяльк., ветк., Мат. Гом.). Вытворнае з суф. ‑іна (< ina) ад верх (гл.) < vьrx‑ъ. Сюды ж вяршы́нка ’вяршкі, смятана’ (докш., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; смарг., Сцяшк., Жд., 1) і вяршы́нкі (полац., Нар. сл.), вяршы́ны ’тс’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяршы́ня ’верхняя частка чаго-небудзь: гары, будынка, дрэва’ (КТС, БРС). Беларуская інавацыя, якая ўзнікла ў выніку пераўтварэння прасл. vьrš‑ina пад уплывам лексем з суф. ‑ynʼi ці, у прыватнасці, літ. viršūnė ’тс’, што выклікала змякчэнне зычнай у суфіксе. Параўн. таксама вяршы́на (гл.). Сюды ж вяршынны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Верх, Ст.-рус. вьрхъ, рус. верх, укр. верх, польск. wierzch, чэш. vrch, ст.-слав. врьхъ, балг. връх, серб. вр̑х і г. д. Прасл. *vьrxъ ’верх, вяршына’ (< *vьrs‑) — ступень рэдукцыі да і.-е. *u̯ers‑ ’паднімацца і да т. п.’ (< *u̯er‑s‑): літ. viršùs, лат. vìrsus ’верх, верхняя частка’, грэч. ἕρμα ’скала, вышыня’ (*u̯erma), лац. verrūca ’ўзвышэнне; бародаўка, нарыў’ (< *versūca), ст.-інд. varšman‑ ’вышыня, горка, вяршыня’ і г. д. Слав. *vьrxъ — назоўнік асноў на ‑ŭ (параўн. літ. viršùs, лац. *versū‑ca, ст.-слав. прыслоўе връхоу і да т. п.). Гл. Фасмер, 1, 301–302.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)