Вэ́дрык ’божая кароўка’ (З жыцця), укр. ве́дрик. Паводле Трубачова, Эт. сл., 1, 180–182, вэ́дрык — вынік трансфармацыі асновы *bedr‑, засведчанай у назвах божай кароўкі ў слав. мовах (агляд гл. у Трубачова, там жа). Іншая версія: сувязь з *vedr‑ ’яснае надвор’е і да т. п.’ (гл., напр., Г. Ф. Шило, Названия божьей коровки в украинских говорах («Совещание по общеславянскому лингвистическому атласу». М., 1969, с. 37).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́дрык (пэ́дрык) ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (іван., Жыв. НС). Гл. папярэдняе слова. Параўн. таксама вэ́дрык, петрык, петрачок ’тс’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Андрэ́йка, андрэй, андручок, андрэйка‑калода, андрэйка‑канарэйка, андрэйка‑купарэйка, андрэйка‑лябёдка і інш. ’божая кароўка, Coccinella septempunctata’ (Шаталава, Веснік БДУ, 1970, 3, 65). Упадабненне імені — другасная з’ява, як і ў шэрагу іншых назваў насякомых, напр.: хвэдорко, пятрушачка, пэтрык, федарка, федрык, матрунька, пятрок, пэтрычок, пятрук, петрачка, петра, пытро і інш. Магчыма, назва паралельная да бэдрык, бэндрык, едрайко, едранец, вэдрык, ветрык, вадрык, відрык, параўн. польск. biedronka і wiodrunka. Напярэдадні дня св. Андрэя (29 лістапада) у палякаў моладзь варажыла пра будучага жаніха (andrzejki), а ў рускіх з гэтым днём звязаны народныя (павер’і аб надвор’і зімой (Даль, 1, 17); цікава адзначыць у сувязі з гэтым наўрад ці выпадковае выкарыстанне адной з назваў божай кароўкі ўкр. ведрик або бедрик у зімовых каляндарных песнях-шчадроўках. Але зімой, звычайна, андрэйкі не лятаюць, таму адзначым, што другі Андрэй святкаваўся 4 ліпеня. Усё гэта дае падставу для пераносу ўласнага імя Андрэй на насякомае і семантычных кантамінацый. Гл. ведрык.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)