Васілі́ны

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Васілі́ны
Р. Васілі́н
Васілі́наў
Д. Васілі́нам
В. Васілі́ны
Т. Васілі́намі
М. Васілі́нах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Васілі́на

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. Васілі́на Васілі́ны
Р. Васілі́ны Васілі́н
Д. Васілі́не Васілі́нам
В. Васілі́ну Васілі́н
Т. Васілі́най
Васілі́наю
Васілі́намі
М. Васілі́не Васілі́нах

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

паярчэ́ць, ‑эе; зак.

Стаць яркім, ярчэйшым. Вочы ў Васіліны успыхнулі ад здзіўлення, прамяністы блакіт нібы паярчэў у іх. Хадкевіч. Колеры адразу паярчэлі, дзень здаўся яснейшым. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

самавало́данне, ‑я, н.

Уменне валодаць сабою; стрыманасць, душэўная ўраўнаважанасць. Ад гэтых слоў, ад шуму полымя, ад ціхага, жаласнага трэску саломы і калосся, што бязлітасна з’ядаў агонь, да Васіліны вярнулася самавалоданне. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

намяка́ць 1, ‑ае.

Незак. да намя́кнуць.

намяка́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каму на каго-што і без дап.

Рабіць намёкі, гаварыць намёкамі, не выказваць адкрыта сваёй думкі. Лабановіч зразумеў, на што намякае яго зямляк і блізкі сябар. Колас. Дзед намякаў маёй маці, што яна была камсамолка і ўпрошвала яго не ўпарціцца, а ўступаць у калгас. Сачанка. Адносіны Васіліны да Іллюка не змяніліся ў гэтыя гады, яна стала нават шмат ласкавейшай, але пэўнага адказу, калі ён намякаў на жаніцьбу, не давала. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адрачы́ся, ‑ракуся, ‑рачэшся, ‑рачэцца; ‑рачомся, ‑рачацеся, ‑ракуцца; зак., каго-чаго і ад каго-чаго.

1. Адмовіцца ад сваіх правоў на што‑н. Адрачыся ад спадчыны. Адрачыся ад трона. □ [Грамабой:] — У людзей языкі доўгія: скажуць — Яначка зямлі адрокся. Крапіва. // Кінуць, не ўзяць. Пусціў Тодар ведзьмара. Усхапіўся той ды наўцекача — і сарочкі адрокся. Якімовіч.

2. Не прызнаць за сваё. [Купала:] Я даў абяцанне дзядзьку Раману, думаю, што і ён ад свайго слова не адрачэцца. Вітка. [Бэсман:] Як вам не сорам: Сказаць і адрачыся ўласных слоў! Глебка. // Адмовіцца ад былых поглядаў, перакананняў, веры. Адрачыся ад царквы. // Адмовіцца ад каго‑н. блізкага (сваякоў, сяброў, аднадумцаў і пад.). Што тут думаць! Усё перадумана. Не разумее старая, што.. [Іллюк] ніколі не адрачэцца ад Васіліны. Хадкевіч. // Парваць сувязь, аддаліцца ад чаго‑н. Ён ад свету сябе адлучыў, Ён адрокся ад скарбаў культуры. Глебка. // Адмовіцца ад якіх‑н. звычак, занятку і пад. Удавец-удалец Ад маны не ўбярогся; Ад світанак-гулянак, Ад дарог не адрокся. Бічэль-Загнетава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пасава́ць 1, ‑суе; незак.

Падыходзіць, адпавядаць каму‑, чаму‑н. Голас .. [Любы] быў пявучы і таксама, як і твар, страшэнна не пасаваў да ўсяго яе выгляду. Чорны. Да яго постаці вельмі пасавала вайсковая форма, якую ён, як кіраўнік мясцовай групы «Стшэльца», надзяваў у кожнае свята. Чарнышэвіч. Тонкія рысы твару неяк не пасавала да такога дужага асілка, якім быў Андрэй. Ваданосаў.

пасава́ць 2, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., што і без дап.

Перадаваць адзін другому мяч, шайбу і пад. у спартыўнай гульні. Дзеці забаўляліся каля гімнастычнага гарадка, пасавалі мяч. Беразняк. Гульня пайшла яшчэ весялей, з жартамі і смехам. Хлопец у белай шапачцы стаяў насупраць Васіліны, пасаваў увесь час на яе, і яна спачатку хвалявалася. Савіцкі.

[Ад англ. pass — перадаваць.]

пасава́ць 3, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

1. Пры гульні ў карты адмовіцца ўдзельнічаць у розыгрышы да наступнай раздачы карт.

2. перан.; перад кім-чым і без дап. Прызнаваць сябе бяссільным перад чым‑н.; здавацца. Я не хацеў пасаваць перад братам і, хаця абліваўся ўвесь потам, аж прыгнуўся — стараўся захапіць як мага шырэйшы пракос. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шы́рыцца, ‑рыцца; незак.

1. Станавіцца больш шырокім, павялічвацца ў шырыню; пашырацца. Днела — шырылася светлая паласа на ўсходзе. Шамякін. З-пад лемяхоў адваліліся скібы тлустай зямлі. Наперад і наперад ішоў трактар, і ўсё шырылася і шырылася ўзараная паласа. Даніленка. / Пра пачуцці, думкі і пад. — Вось хаджу я па зямлі, жыву, — і ад гэтага радасць. Яна шырыцца, яна ва ўсім, што ёсць, яна напоўніць усё. Чорны. // Разыходзіцца, раздавацца ўшырыню (пра дым, пару, полымя і пад.). Агонь рос, шырыўся. Полымя хапатліва лізала сцены, столь. М. Ткачоў. Клубчасты, кучаравы хвост дыму ўсё падаўжаўся, шырыўся і, здавалася, нерухома застываў у марозным паветры. Колас. // Далёка разносіцца, разыходзіцца; нарастаць (пра гукі, песню, гамонку і пад.). А гоман шырыўся і мацнеў. Крапіва. Падхоплены дзесяткамі галасоў, крык шырыўся. Лынькоў. А песня над садам расла, шырылася, сілу набірала. Кірэйчык. // Шырока распасцірацца, цягнуцца на вялікую адлегласць. На ўскраінах шырацца і высяцца аграмадзіны-муры. Бядуля.

2. перан. Павялічвацца, расці ў колькасці, аб’ёме і пад. Нашы сілы растуць, шырацца, Над Дзвіной стаім, над Прыпяццю На варце. Танк. Праміналі дні і ночы, Працы шырыўся разгон. Астрэйка. / Пра весткі, чуткі і пад. А пагалоска не сціхала, а наадварот — шырылася, бо неўзабаве зноў дайшла да Васіліны. Хадкевіч. // Станавіцца больш масавым. Дэманстрацыя шырылася і расла. Чорны. [Партызанскі рух] усё шырыўся і шырыўся. Шамякін. На нашай будоўлі з кожным днём шырыцца рух за камуністычную працу. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)